Праўладны Чырвоны Крыж абярэ “валанцёра года”

На Гомельшчыне кіраўніцтва рэгіянальнага Чырвонага Крыжа абвясціла конкурс “Валанцёр года-2022”. Прыём заявак завершыцца 23 лістапада. Удзельнічаць у конкурсе могуць, як зазначаецца ў каментары старшыні абласной арганізацыі БЧК і члена Савета Рэспублікі Аллы Смаляк, прадстаўнікі ўсіх раёнаў вобласці: “Гэта і дапамога тым, хто ў бядзе, уразлівым катэгорыям, і навучанне насельніцтва першай медычнай дапамозе, і валанцёрскія ініцыятывы.”

Сёлета, як гавораць арганізатары конкурса, з’явіцца і дадатковая намінацыя — “Валанцёр года па аказанні дапамогі мігрантам і ўцекачам”. Зразумела, у спісе намінантаў не будзе прозвішчаў вядомых праваабаронцаў і валанцёраў, якія маюць “крыміналкі” і нават атрымалі статус “экстрэмістаў”.

“Штодзень” дазволіў сабе пафантазіраваць наконт таго, хто рэальна з валанцёраў і грамадскіх ініцыятываў Гомельшчыны мог бы прэтэндаваць на ўзнагароджванне, каб конкурс быў аб’ектыўным.

Леанід Судаленка. Яго называюць адвакатам пакрыўджаных. Палітвязень, кіраўнік Гомельскага аддзялення Праваабарончага цэнтра “Вясна”. 20 гадоў займаецца праваабарончай дзейнасцю, аўтар траціны з усіх скаргаў на Беларусь у Камітэце ААН па правах чалавека, лаўрэат ордэна “Свабода-роўнасць-братэрства”. Дапамагаў падрыхтоўваць і накіроўваць індывідуальныя звароты ў Камітэт ААН па правах чалавека. Леанід Судаленка дапамагаў пісаць скаргі затрыманым падчас акцый пратэсту, абараняў у судзе звольненых за палітыку рабочых. Абвінавачаны ў парушэнні народнага арт. 342 КК “Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх”. На тры гады пазбаўлены волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

 

Андрэй Стрыжак. Кіраўнік BY…L (фонд, якія дапамагае рэпрэсаваным і пацярпелым беларусам, аказвае падтрымку палітзняволеным і іх сем’ям, тым, хто вызваліўся і мае патрэбу ў падтрымцы. А таксама падтрымлівае беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне). Паходзіць з Рэчыцы. У Беларусі на яго заведзена некалькі крымінальных спраў. Сярод якіх: “падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак” (ч. 2 арт. 342), “фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання” (арт.361-2), “фінансаванне, вярбоўка, навучанне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ва ўзброеным фармаванні, вайсковых дзеянняў на тэрыторыі замежнай дзяржавы” (ч. 2 арт. 361-3). Андрэй Стрыжак абвешчаны беларускім рэжымам у міждзяржаўны вышук. Дарэчы, падчас пандэміі ён быў адным з ініцыятараў грамадзянскай кампаніі #ByCovid19, якая дапамагала беларускім медыкам.

 

Ілля Міронаў. Вядомы ў Гомелі актывіст і валанцёр. У 2020-м ён вярнуўся з працоўнай эміграцыі, каб далучыцца да руху людзей, якія дапамагаюць ахвярам палітычных рэпрэсій. Напісаў тысячы лістоў палітвязням. І працягвае пісаць. За сваю дзейнасць Ілля неаднаразова пераследаваўся. 24 кастрычніка яго вызвалілі ў залі суда, асудзіўшы на 1,5 гады калоніі і 200 базавых велічыняў паводле артыкула 369-1 («дыскрэдытацыя РБ»). Год ён правёў у СІЗА.

 

Акцыя гомельскіх валанцёраў “Пасачкі для дзяцей вайны”. На фота — украінскія ўцекачы з санаторыя Чонкі

Валанцёрскі рух па дапамозе ўкраінцам у Беларусі. Рух узнік пасля пачатку вайны 24 лютага 2022. Аказваюць дапмогу ўкраінскім уцекачам, якія прыязджаюць у Гомельскую вобласць. У тэлеграм-канале налічваецца больш за 500 чалавек.

 

Валанцёрскі рух па дапамозе рэпрэсаваным. Супольнасць неабыякавых людзей, якія ходзяць на палітычныя суды, падтрымліваюць сем’і адпраўленых за краты апанентаў улады, пішуць лісты палітвязням. Многія гомельскія валанцёры прайшлі праз затрыманні, арышты, ператрусы.

Арганізатары конкурса абяцаюць, што напярэдадні Міжнароднага дня валанцёра адбудзецца анлайн-галасаванне ў намінацыі “Валанцёр года online”. Вынікі галасавання абвесцяць 5 снежня — у Міжнародны дзень валанцёра.

А каго вы, паважаныя чытачы, лічыце “Валанцёрам года” на Гомельшчыне?

Штодзень

Related posts

Сем фактаў пра веткаўскага краязнаўцу Аляксандра Нікіціна, якога асудзілі да калоніі за пратэсты

Сёння гадавіна пачатку Еўрамайдана – шматмесячных акцый пратэсту ва Украіне, якія моцна паўплывалі і на Беларусь

Штосьці для «Штодня». Вядомыя гомельцы выказваюцца ў падтрымку медыярэсурса