З нагоды Міжнароднага дня абароны дзяцей, які штогод адзначаецца 1 чэрвеня, праект “Васьміног” афіцыйна адкрывае анлайн-курсы для дзяцей школьнага ўзросту. Усе прапанаваныя прадметы можна праходзіць у асінхронным рэжыме, у зручны час і самастойна. Задачы ў кожным курсе складзеныя з улікам узроставых і кагнітыўных асаблівасцей дзяцей, спалучаюць найноўшыя распрацоўкі ў галіне інавацыйнай анлайн-педагогікі. Для падвышэння інтарэсу дзяцей да навучальнага працэсу распрацоўшчыкі прадметаў, сярод якіх ёсць заслужаныя настаўнікі, выкарыстоўвалі элементы анімацыі і крэатыўныя задачы.
У аснове канцэпцыі навучальных курсаў – ідэя пра тое, што на сайце “Васьмінога” беларускія дзеці, якія апынуліся ў эміграцыі, а таксама іх аднагодкі ў самой Беларусі, могуць атрымаць веды, якіх ім не даюць у іх навучальных установах. Гаворка ідзе пра дысцыпліны з беларусацэнтрычным падыходам. “Пра гэта вам не раскажуць у школе” – такую творчую задачу ставілі перад сабой стваральнікі курсаў.
Сярод прадметаў, якія могуць зацікавіць маленькіх беларусаў, што толькі пачынаюць вывучаць літары і робяць першыя крокі ў засваенні беларускай мовы”:
– Курс хуткачытання для дзетак праз забаўкі, квэсты, размалёўкі і творчае мысленне;
– Захапляльнае беларускамоўнае падарожжа анімаваных герояў Аленкі і Дзімкі па краіне галаваломак “А-Я Чытаю на роднай мове”;
– Курс “Чароўны карагод года” з сапраўднымі іншапланетнікамі, якія з захапленнем вывучаюць сусвет ды беларускую мову;
– Дзівосная вандроўка ў чароўны лес, дзе кожная жывёлка ўмее размаўляць і дапаможа дзеткам вывучыць алфавіт і нават чытаць (Курс “Вучымся чытаць”з інтэрактыўнымі заданнямі ды захапляльнымі пазламі, дзе кожная літара – гэта прыгода);
– Курс сцэнічнай прамовы і тэатра “Гавары-ка!”, які ідэальна падыходзіць для малодшых школьнікаў, якія мараць выйсці на сцэну.
Для падлеткаў: курс па гісторыі Вялікага княства Літоўскага, курс “Беларусь праз стагоддзі”, курс па філасофіі “Святло з пячоры Платона”, курс “Эпоха небяспечнага натхнення. Мастацтва Беларусі 1920-х”, літаратурны курс “Знак бяды” пра твор Васіля Быкава, “Жанчыны ў гісторыі Беларусі” і іншае.
“Мы рады прадставіць зусім новую адукацыйную платформу, распрацаваную спецыяльна для беларускіх дзяцей, напоўненую курсамі, якія аднолькава абяцаюць задавальненне і навучанне. Наша платформа простая ў карыстанні і даступная з дому або ў дарозе. Незалежна ад таго, пачатковец вы, філосаф ці будучы гісторык – тут кожны знойдзе што-небудзь для сябе. Далучайцеся да нас, каб не толькі вучыцца, але і кінуць выклік вашай творчасці і абудзіць вашу цікаўнасць”, – запрашае да навучання на платформе “Васьмінога” кіраўнік адукацыйнага праекту Аляксей Канстанцінаў.
Словам, кожнае дзіця знойдзе для сябе цікавыя курсы, якія ўзбагацяць веды пра нашу Беларусь. Усё па-беларуску, анлайн і ў зручны час. Запрашаем прайсці анлайн-курсы “Васьмінога” на сайце Vasminoh.
Адукацыйны праект “Васьміног: адукацыя для беларускіх дзяцей сёння і заўтра” быў ініцыяваны Міжнародным кансорцыумам “ЕўраБеларусь”, Офісам Святланы Ціханоўскай і Беларускай Радай Культуры. Ягоная афіцыйная прэзентацыя прайшла ў Вільні 12 студзеня 2023 года. “Васьміног” адкрывае новыя магчымасці для беларускіх школьнікаў і настаўнікаў як унутры краіны, так і за мяжой. Праект фінансуецца Еўракамісіяй.