Палітвязень Аляксандр Лучыновіч юбілей сустрэў за кратамі

by homieldays

Нас узялі ў адзін дзень — 31 сакавіка 2022 года. Тады нас закрылі на 15 сутак у Гомельскім ІЧУ па артыкуле 19.11 КаАП. Я пісаў пра Сашу ў сваёй кнізе.

“13 красавіка ў апошні дзень сваіх сутак, літаральна за 5 гадзін да вызвалення, мяне з яшчэ адным хлопцам Сяргеем перавялі ў іншую камеру, дзе я пазнаёміўся з Сашам Лучыновічам, які працаваў на чыгунцы. Ён таксама быў затрыманы за здымкі вайсковай тэхнікі руzкіх акупантаў. Невысокага росту, хударлявага целаскладу, ён меў светлыя растрапаныя валасы, акуратную бародку, быў апрануты ў чыгуначную форму аранжава-сіняга колеру.

Пра Лучыновіча я ўжо чуў ад Андрэя Уткіна, які з ім сядзеў у свой час у іншай камеры пару дзён таму. Саша здзівіўся, калі ў ягоную хату-двушку прывялі мяне з Сяргеем. Першая яго фраза: “А як мы ўсё спаць тут будзем?”

 

Прыселі. Пазнаёміліся. Кожны коратка распавёў сваю гісторыю, хто і за што сюды трапіў. Саша, нягледзячы на  кароткае знаёмства, запомніўся мне сваім унутраным спакоем і ўпэўненасцю ў сабе. Так, яго затрыманне, па факце як і ва ўсіх, было выпадковым, але ўнутраная пазіцыя, цвёрдасць перакананняў падчас гутаркі і ўпэўненасць у сваёй рацыі, чыталіся ў яго вачах вельмі моцна. Валявы хлопец.

Да гэтага моманту ягоная жонка ўжо падключыла ўсе магчымыя рэсурсы і адваката.

У камеры ён быў вельмі сабраны і паслядоўны ў сваіх дзеяннях. Калі я адмовіўся ад вячэры, то Саша еў гэтую перавараную сечку і казаў: “Так, хочацца, не хочацца, але трэба паесці, хлопцы. Трэба захаваць сілы”.

Калі шчыра, ніхто не быў упэўнены, што мы зможам выйсці пасля ІЧУ, бо да арышту ў сацсетках было шмат інфармацыі пра падобныя затрыманні. І калі да 2023 года вызваленне пасля “адміністратыўкі” было не навіной, то з пачаткам подлага нападу руzкіх на Украіну, сталі выпускаць нашмат радзей. Як правіла, адміністрацыйны арышт выкарыстоўваўся следчымі як дадатковы час, каб “накапаць” у вашым тэлефоне чарговы кампрамат, дастатковы для распачынання новай крымінальнай справы. А ў Сашы тэлефон быў забіты фота і відэа матэрыялам.

Я распавёў, што ў 23.00 вечара ў мяне канчаюцца суткі і мяне ў любым выпадку альбо выпусцяць, альбо закрыюць у новай хаце, калі мая справа з новымі абвінавачваннямі будзе гатова. У мяне быў цэлафанавы пакет з бялізнай і сродкамі гігіены, на якім я заточанай аб сцяну камеры зубной шчоткай драпаў нумары тэлефонаў, адрасы і іншыя дадзеныя ўсіх хлопцаў з кім пазнаёміўся пакуль адседжваў свае суткі. Кожны расказваў адзін аднаму ўсё, што неабходна было перадаць сваім сваякам, у надзеі на тое, што хоць хтосьці з нас усё ж такі зможа выйсці на волю. Я надрапаў тэлефон Сашы і па некалькі разоў пракручваў у галаве, імкнучыся запомніць усё слова ў слова, што ён прасіў перадаць жонцы.

У 23.10 за мною прыйшлі “прадольныя”. Я развітаўся з хлопцамі, паціснулі рукі, пажадалі адзін аднаму ўдачы. 13 красавіка ў 23.30 мяне выпусцілі з ІЧУ.  А 24 ліпеня я даведаўся, што двума днямі раней у Сашы быў суд і яго закрылі мянтоўскія шакалы на 2 гады агульнага рэжыму.”

Саша, сябар, з днём нараджэння.

24 кастрычніка ў палітзняволенаму Аляксандру Лучыновічу споўнілася 45 год. Аляксандр Лучыновіч — чыгуначнік, праваднік рэзерву з Гомеля. 31 сакавіка 2022 года яго затрымалі на працы ў Гомельскім аддзяленні Беларускай чыгункі. Яго асудзілі за перадачу “Беларускаму гаюну” відэа перасоўвання па тэрыторыі Беларусі расейскай вайсковай тэхнікі.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png