Пра адзінства, еднасць, талаку

Вы таксама заўважылі: што бярэцца паляпшаць дзяржава – таму прыходзіць канец? Хоць прадпрымальніцтва, хоць  адукацыя, хоць медыцына. Успомніце ўсе гэтыя мінулыя гады “культуры”, “навукі”, “малой радзімы”…

2021 год быў абвешчаны годам народнага адзінства.

2022 – годам гістарычнай памяці.

2023 – задумайцеся на хвіліначку –  годам міру і стварэння.

Правільней было б пасля слова “год” пісаць яшчэ адно трапнае слова: “год пахавання народнага адзінства”, “год пахавання гістарычнай памяці” – тады б усё стала на свае месцы.

Ілюстрацыйнае фота

У галовах чыноўнікаў рухаюцца адныя плыні, а ў сэрцах людзей – зусім іншыя. Адно штучна ствараецца ўладай, другое – абуджаецца ў нашых душах і грэе іх. Адно канае ў вечнасць, другое – жыве вечна.

Калі зірнуць на нашых суседзяў – у адной дзяржаве ўлада стварае культ асобы і сілы, зброі, парадаў  ды помнікаў Леніна. А ў другой дзяржаве  народам ствараюцца дабрачынныя фонды, найцудоўнейшыя песні і вершы, здымаюцца фільмы, ладзяцца творчыя сустрэчы.

Цягам апошніх гадоў улады Беларусі імкнуцца зрабіць з краіны “рэжымны аб’ект”,  раз’яднаць нас і трымаць пад строгім наглядам.

А мы аб’ядноўваемся і ствараем сапраўдную талаку – калі разам, калі гуртом, калі побач. Мы выходзілі цэлымі дварамі, выносілі гарбату і печыва, знаёміліся, частаваліся, спявалі. Лісты палітвязням, збор сродкаў на штрафы і прадукты, любая дапамога бежанцам і адно аднаму…  Здаецца, што беларусы зроблены са шчодрасці, міласэрнасці і дабрыні.

І думаецца, што ўлады не разумеюць слова “талака” – ім бліжэй “арда”. Калі кожны сам за сябе і супраць усіх, а яднацца можна толькі для таго, каб кагосьці абрабаваць, растаптаць і зжэрці.

Мы аб’ядноўваемся, каб бараніць адно аднаго, яны – каб рваць адно аднаго на часткі. Таму і ў народ закідваецца такая ж, звыклая ім і чужая нам варажнеча. Помніце: раздзяляй і ўладар?

Таму заклікаю не высвятляць адносіны, хто больш зрабіў для Беларусі; не мерацца аб’ёмамі гераізму і беларускасці нашых дэмакратычных лідараў; не вінаваціць тых, хто з’ехаў за мяжу ў адарванасці ад падзей і рэчаіснасці; не называць тых, хто застаўся, калабарантамі і здрайцамі.

Кожны мае свой выбар, бо ў кожнага свой асабісты боль, за які нельга асуджаць.

Беларусы выжываюць у сённяшніх рэаліях, хто як можа, але ўсе мы робім каштоўны ўнёсак у агульную справу – вольную Беларусь.

Нягледзячы на ўсе перыпетыі жыцця, нягоды і бедствы, ёсць у беларусаў тая якасць, якой можна пазайздросціць  – гэта наша еднасць, наша спрадвечная беларуская талака. Таму гэты народ здужае, выжыве і расквітнее.

Штодзень
Аўтар: Мар’яна Ліс

 

Related posts

1000 дзён поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну расейскіх акупантаў і 10 год вайны

Ватнікі супраць сэксі-апазіцыянераў. Як штучны інтэлект бачыць гомельскія выбарчыя пікеты

У Гомельскай вобласці на пікеты па зборы подпісаў за кандыдатаў сабралі вертыкальшчыкаў і правераных «актывістаў»