1 красавіка – Міжнародны дзень птушак. Гэтае свята як самае першае з’явілася ў “экалагічным календары”. Адзначаць у Еўропе яго пачалі ў 1906 годзе.
Гомельшчына – багаты край для розных відаў птушак, у тым ліку рэдкіх і тых, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення. Мова Гомель запрашае бліжэй пазнаёміцца з некаторымі з іх.
ВЯЛІКІ АРЛЕЦ І ПРЫПЯЦКІЯ БАЛОТЫ
У пашыранай частцы старажытнай даліны ракі Прыпяці, у міжрэччы яе правых прытокаў – рэк Сцвігі і Убарці – месціцца Тэрыторыя, важная для птушак (ТВП), “Прыпяцкія балоты”. Гэта тэрыторыя нацыянальнага парка “Прыпяцкі”, якая ахоплівае Жыткавіцкі, Лельчыцкі і Петрыкаўскі раёны, і мае вялікае значэнне для захавання відаў птушак, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення. Сярод іх – Вялікі арлец (Aquila clanga) з сямейства Шуляковыя, занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.
Вялікі арлец – адна з самых рэдкіх драпежных птушак у свеце. У Беларусі гняздуецца значная частка сусветнай папуляцыі – 120-160 пар. Гэты арлец нездарма называецца вялікім, размах яго крылаў складае 155—182 см! Арляцы любяць глухія мясціны на балотах і каля балот. У 2019 годзе Вялікі арлец быў абвешчаны ў Беларусі Птушкай года. Былі нават выпушчаныя адмысловыя марка і канверт.
Пагрозы: турбаванне чалавекам птушак каля гнязда, высечкі гнездавых участкаў і гібрыдызацыя з малым арляцом – цяперашнія пагрозы захаванню гэтага віду ў Беларусі.
ПУГАЧ І ЛЕЛЬЧЫЦКАЯ УБАРЦЬ
Тэрыторыя, важная для птушак, “Лельчыцкая Убарць” у наваколлі Лельчыцаў ахоплівае пойму ракі Убарць. Тут жыве цэлы шэраг рэдкіх відаў птушак, але наш герой – чырвонакніжны пугач (Bubo bubo) з сямейства Савіныя. Ён жа філін.
Гэта самая вялiкая сава, яна іржава-карычневага колеру, зверху галавы “вушкі” з пер’я, а вочы аранжавыя. Даўжыня цела 60-78 см, а размах крылаў 155-188 см! Самка, праўда, крыху меншая за самца.
У Беларусі пугач любіць вялікія і густыя старыя лясы з паваленымі дрэвамі (ахвотна жыве паблізу азёр або балот), не кранутыя чалавекам.
Пагрозы: высечка старых спелых і перастойных лясоў, меліярацыя.
КРЫЧКА МАЛАЯ І ТУРАЎСКАЕ БАЛОННЕ
Біялагічны заказнік мясцовага значэння “Тураўскі луг” месціцца ў Жыткавіцкім раёне. Гэта надзвычай прыгожая сістэма акружаных паводкавай вадой астравоў, унікальнае месца гнездавання і прыпынку падчас сезонных міграцый кулікоў і іншых водна-балотных відаў птушак.
Ва ўгоддзі на гнездаванні прадстаўлены ўвесь комлекс крычак, якія жывуць у Беларусі, у тым ліку і занесеная ў Чырвоную кнігу крычка малая (Sternula albifrons) з сямейства Крычкавыя.
Крычка малая – гэта самая малая з крычак, даўжыня цела да 21-25 см. Яна бела-шэрая з чорнай “шапачкай”. У гнездавы перыяд лоб белы, дзюба жоўтая з чорным канцом, а ногі – аранжава-жоўтыя. У няшлюбным уборы: верх галавы шэры, а чорная толькi патылiца.
Пагрозы: познія паводкі, вытоптванне гнёздаў жывёламі падчас выпасу, наземныя драпежнікі і дзейнасць чалавека, якая змяняе месцы пражывання гэтых птушак.
ДУБАЛЬТ І ПОЙМА ДНЯПРА ЛОЕЎ-ЖАРЫ
У Лоеўскім і Брагінскім раёнах, у паўночнай частцы заказніка рэспубліканскага значэння “Днепра-Сожскі”, ёсць Тэрыторыя, важная для птушак міжнароднай значнасці “Пойма Дняпра Лоеў-Жары”. Гэта поплавы, пойменныя дубровы, старыцы і азёры.
Найбольшае значэнне гэтая тэрыторыя мае для некаторых відаў птушак, сярод якіх – дубальт (Gallinago media) з сямейства Бакасавыя. Ён занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.
Дубальт – гэта птушка-рэкардсмен. Толькі ён здольны трымаць хуткасць, блізкую да 100 км/г цягам больш чым 6500 кіламетраў! На жаль, колькасць дубальта ў Беларусі скарачаецца.
Пагрозы: выпальванне расліннасці ў пойме, выпас ската, гаспадарчая дзейнасць чалавека.
ВЯРТЛЯВАЯ ЧАРОТАЎКА І СТАРЫ ЖАДЗЕН
Стары Жадзен, тэрыторыя, важная для птушак, месціцца ў Жыткавіцкім раёне ў межах аднайменнага заказніка рэспубліканскага значэння. Гэта вялікі леса-балотны комплекс, але яго ядро – балоты Стары Жадзен і Вялікае, падзеленыя паміж сабою пакатай градой.
Тут жыве 20 відаў птушак, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі, у тым ліку і вяртлявая чаротаўка (Acrocephalus paludicola) з сямейства Лескавыя, якая знаходзіцца пад глабальнай пагрозай.
У пачатку 1990-х гадоў на беларускім Палессі праходзіла Міжнародная арніталагічная экспедыцыя, якая зрабіла сенсацыйнае адкрыццё: выявіла існаванне вялізнай папуляцыі вяртлявай чаротаўкі. Вялікая праблема гэтых птушак – іх малая экалагічная пластычнасць, то бок жыць яны могуць толькі ў адным біятопе – на нізінных балотах, колькасць якіх катастрафічна зніжаецца.
У 2020 годзе Нацыянальны Банк Рэспублікі Беларусь выпусціў у абарачэнне срэбраную манету 20 рублёў у серыі “Заказнікі Беларусі” з рэльефнай выявай вяртлявай чаротаўкі, якая корміць сваіх птушанят.
Больш за 40% сусветнай папуляцыі вяртлявай чаротаўкі гняздзіцца ў Беларусі.
Пагрозы: меліярацыя, выпальванне травы і стварэнне вадасховішчаў.
Мова Гомель адмыслова для Штодзень.
Выкарыстаныя матэрыялы:
wildlifebelarus.org; facebook.com/wildlife.belarus; каталог “Тэрыторыі, важныя для птушак у Беларусі” (Мінск, ‘‘РЫФТУР ПРЫНТ’’, 2015)