Першы раз у першы клас ды яшчэ ў беларускі 

Беларускамоўны першы клас набіраюць у Гімназіі №36 г.Гомеля імя І.Мележа. Паводле плану прыёму ў І класы на 2025/2026 навучальны год гімназія гатова прыняць 108 першакласнікаў.

Журналістка «Мова Гомель» спытала як прыватная асоба ў прыёмнай гімназіі, ці сапраўды ў гэтым годзе, як і ў ранейшыя гады, плануюць адкрыць першы клас з беларускай мовай навучання. Адказ быў станоўчым. У планах – набраць чатыры першыя класы, і 1 “А” клас мае быць з беларускай мовай навучання.

Дакументы вучняў, якія пражываюць у мікрараёне гімназіі (установа месціцца па вул. Бр. Лізюковых, 16), прымаюцца па 15 жніўня, на свабодныя месцы – з 16 па 28 жніўня. Уся інфармацыя ёсць на сайце навучальнай установы.

Гімназіі №36 г.Гомеля імя І.Мележа – гэта адзіная ўстанова сярэдняй адукацыі ў абласным цэнтры, у якой ёсць беларускамоўныя класы, таму прыязджаюць сюды дзеці з усяго Гомеля. У кожным беларускамоўным класе каля 20 вучняў.

На жаль, агульная дынаміка ў Гомельскай вобласці па пытанні навучання на беларускай мове не радуе. Паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэта РБ, на Гомельшчыне ў 2024 годзе на беларускай мове навучалася 11 тысяч 669 дзяцей, што складае ўсяго 7,16% ад агульнай колькасці навучэнцаў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. І з кожным годам гэтая колькасць зніжаецца:

– у 2023 годзе на беларускай мове навучалася 7,82% навучэнцаў;

– у 2020 годзе – 9,22% навучэнцаў.

За апошнія ж 10 гадоў колькасць вучняў, якія навучаюцца на беларускай мове ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі Гомельскай вобласці знізілася на 37,2% (з 18.567 да 11.669 чалавек).

“Кожны народ мае хаця б адзін геніяльны твор, і гэты твор ‒ мова”. (Алесь Разанаў).

Штодзень
Фота: by.polomap.com.

 

Слайдар пастоў