Першы крок – падпісаць фатаграфіі ў сямейным альбоме: як пазнаваць гісторыю

by homieldays

“Абавязак старэйшага пакалення – скласці радавод і перадаць яго ўнукам”, – раіць гісторык, кандыдат мастацтвазнаўства Яўген Малікаў.

“Мова. Гомель” пагаварыла з адмыслоўцам пра тое, як навучыцца пазнаваць і ўласную гісторыю, і гісторыю роднага Гомеля. У якасці бонусу – спіс літаратуры, вартай для прачытання.

Гісторык, кандыдат мастацтвазнаўства Яўген Малікаў. Фота: Фота з акаўнта ў Фэйсбуку Яўгена Малікава

 

Сямейны досвед

“Я ў прынцыпе з дзяцінства гісторыяй цікавіўся. З часам усё гэта ўскладнялася, абрастала новымі тэмамі і падтэмамі і стала прафесіяй”, – расказвае Яўген Малікаў пра свае ўласныя пачаткі.

А ў сям’і нехта займаўся гісторыяй?

– Цікавае пытанне. Я калі маленькі быў, чагосьці мяне гісторыя цікавіла, і мама мне манеты падарыла. Адну, потым яшчэ некалькі. Паступова так і фармавалася цікаўнасць. То бок я сам цікавіўся, а мама ўдала падыграла. Спачатку манеты, пасля кніжкі набывала па гісторыі. Таксама ўплывала тое, што лета я ў вёсцы праводзіў. Хаця гісторыя вёскі пачала на мяне ўплываць значна-значна пазней, пад канец універсітэта ў лепшым выпадку.

Нешта ў падсвядомасці адкладалася…

– Тут хутчэй з падсвядомасці “вылезла” нешта, а не туды нешта “адкладалася”. Я пачаў разумець, што гістарычныя сямейныя карані па лініі мамы на мяне моцна ўплываюць, калі ўжо ўніверсітэт скончыў.  А ў дзяцінстве я проста цікавіўся, і блытаў спачатку, кім я хачу стаць:  археолагам ці геолагам, таму што не зусім разумеў розніцу паміж гэтымі словамі, розныя цікавыя камяні шукаў – перш за ўсё крэмень незвычайнай формы.

Уласна цікавасць дзіцячая, плюс мама падыграла: прыносіла аднекуль старыя манеты, кніжкі па гісторыі, вадзіла ў музеі.

– Я ў школе калі вучыўся, то ў Ветцы адкрыўся музей. Мама кажа: давай з’ездзім. Гэта на яе малой радзіме. Мы паехалі. Пасля, недзе гадоў праз 20, я зразумеў, што той дзядзя, які нам праводзіў экскурсію, быў заснавальнік музея Фёдар Рыгоравіч Шкляраў. Ён памёр недзе праз паўгода пасля той экскурсіі. Цяпер, калі мне распавядаюць пра Шклярава, то я дакладна ведаю, як гэты чалавек выглядаў. Вось з такіх “штучак” і складаецца цікавасць да гісторыі.

фота: https://vetka-museum.by/arkhi-navin/adzin-u-poli-ne-voin

 

То бок можна сказаць, што адзін са шляхоў – гэта сямейны?

– Так, толькі не абавязкова, каб у сям’і былі гісторыкі. Але нейкія сямейныя традыцыі ўплываюць. У маёй сям’і было вельмі важным на Радуніцу ездзіць. Гэта нешта такое рытуальнае было. І зараз я разумею, што гэта быў адзін са шляхоў, які падтрымліваў цікаўнасць да мінулага: спачатку сямейнага, а пасля не толькі сямейнага.

Калі вы хочаце выхаваць гісторыка, то трэба ў сям’і гэта ненадакучліва стымуляваць. У музеі хадзіць, на экскурсіі ездзіць, можа пару манет старых падарыць.

Пошукі каранёў

“Пошук каранёў – вельмі моцны шлях”, – заўважае Яўген Малікаў. Хоць дадае, што ў дзяцінстве гісторыяй уласнай сям’і ніхто не цікавіцца. Гэта рэдкія выпадкі, каб школьнік сам шчыра цікавіўся сваімі продкамі. Дарослыя людзі ж наадварот цікавяцца, але тут пачынаецца самае сумнае:

– Радаводам часта пачынаюць займацца, калі памірае апошні, хто пра гэты радавод мог бы распавесці. Фатум нейкі… Я ў такую пастку і сам патрапіў. З адной сваёй бабулькай я ўсё збіраўся пагаварыць пазней, а пазней яна памерла, і засталіся толькі нейкія выпадковыя запісы, якія я зрабіў на нейкім выпадковым агрызку паперы, але яны аказаліся вельмі-вельмі важнымі, фактычна ключамі. Такія сітуацыі адбываюцца таму, што апытваць нашых старэйшых – гэта як бы вы размаўляеце з людзьмі, ведаючы, што яны хутка памруць. А ніхто не хоча пра гэта думаць. Вось кажуць: схадзі апытай сваю бабулю, а гэта азначае фактычна: схадзі апытай сваю бабулю, бо яна хутка памрэ… Хоць гэтую другую частку ніхто не дагаворвае. І таму мы падсвядома не хочам гэтаму “падыгрываць” і не ідзём апытваць. А пасля, калі-небудзь надыходзіць той дзень, калі яны сапраўды паміраюць. І мы губляем свае ключы да нашага мінулага. Вось такая цікавая псіхалагічная штука.

Скласці радавод для дзяцей і ўнукаў

Шукаючы ў Гомелі інфармацыю па шляхце, Яўген трапляў некалькі разоў на сем’і, якія свае радаводы аформілі ў выглядзе кніг на 50-80 старонак, дзе ўсё распісанае, з фатаграфіямі. Яны іх зрабілі, надрукавалі ў тыпаграфіі і раздалі сваім сваякам.

–  І гэта рабілі не ўнукі, а гэта рабілі бабулькі і перадалі сваім унукам. Сямейная памяць – гэта ў першую чаргу задача і абавязак старэйшага пакалення! Калі малодшае аказалася больш разумным і пачало пытацца, то гэта добра, але найперш гэта абавязак старэйшага пакалення. Бацькі павінны паклапаціцца, каб у дзіцяці быў радавод.

Яўген Малікаў праводзіць экскурсію па самых старых могілках у Гомелі — Засожскіх (Навабеліцкіх, )


Падпісаць фатаграфіі ў сямейным альбоме

– У кожнага ёсць свае сямейныя фотаальбомы, дзе 99 працэнтаў фатаграфій не падпісаныя. Вось першы крок – падпісаць фатаграфіі. Плюс: можна напісаць успаміны пра кожнага са сваіх сваякоў. Няхай гэта будзе радавод не з 17-га стагоддзя, а толькі ад прабабуляў-прадзядуляў, і добра. Гэта будзе пачатак. А можа дзеці вырастуць, і самі дакапаюцца да 17-га стагоддзя. Важна захаваць для іх гэтыя ключы да сямейнай памяці, якімі яны пасля самі будуць адкрываць дзверы ў архівах.  

“Няма такога, што чалавек не мае свайго вялікага сямейнага скарбу”, – заўважае Яўген Малікаў, проста ў сілу свайго культурнага выхавання не ўсе разумеюць, што менавіта з’яўляецца гэтым сямейным скарбам.

Хадзіць у музеі, і абавязкова – у Веткаўскі

Адна з экспазіцый Веткаўскага музея.

 

– Калі чалавек жыве ў горадзе і хоча больш дазнацца пра гісторыю горада, то: трэба хадзіць на выставы, у музеі, і чытаць кніжкі. І абавязкова хадзіць у Веткаўскі музей. Хоць ён арыентаваны на народную культуру, але пры гэтым дае шмат уяўленняў пра Гомель, пра Гомельшчыну, пра Пасожжа, там шмат культуралагічнай інфармацыі, якая дапамагае зразумець свет нашых продкаў.

БОНУС – СПІС ЛІТАРАТУРЫ, СКЛАДЗЕНЫ ЯЎГЕНАМ МАЛІКАВЫМ

Пяць абавязковых кніг па гісторыі Гомеля:

1.Виноградов Л. Гомель, его прошлое и настоящее. 1142-1900. Гомель, 1900 г.

2. Макушников О.А. Гомель с древнейших времён до конца XVIII века. Гомель, 2002; 2023.

 

3. Морозов В.Ф. Гомель классический. Архитектура. Эпоха. Меценаты. Минск, 1997.

4. Роголев А.Ф. От Гомеюка до Гомеля. Гомель, 1993. (кніга ўтрымлівае шмат бяздоказных сцвярджэнняў, з ёю трэба быць асцярожным! – Я.М.).

 

5. Гомель. Энциклопедицеский справочник. 1990 г.

Таксама варта прачытаць і гэтыя кнігі па гісторыі Гомеля (але тым, хто прайшоў на другі этап цікаўнасці гісторыяй Гомеля):

1.Кніга “Памяць. Гомель” (два тамы), кніга “Памяць, Гомельскі раён” (2 тамы),

2. Такоева И.Т. Гомельская губерния: как всё начиналось. Неизвестные страницы. Гомель, 2014.

3. Макушников О.А. В поисках древнего Гомия. Гомель, 1994 г.

4. На паграніччы эпох і дзяржаў. Старонкі гісторыі Гомеля (1917—1918) / Валянціна Мятліцкая. — Гомель : Барк, 2021. — 223 с.

5. Захарин, Б.М. Любимый Гомель. Строительная летопись города // Б.М. Захарин, Ю.Э. Глушаков, А.В. Коноваленко, А.А. Чачин. – Гомель: Издательский дом “Вечерний Гомель-Медиа”, 2011. – 344 с.

6. Васькоў, У.І. Католікі на абшарах Панізоўя і Севершчыны : Гісторыя Гомельскага дэканата / Уладзімір Васькоў ; навук. рэд.: А. В. Белы, В. С. Пазнякоў. – Мінск: Про Хрысто, 2012. – 380 с.

7. Гомель церковный, XVI –XX вв. : исторические очерки / авт. текста, сост.: С. В. Цыкунов, И. В. Ольшанов. – Гомель : Редакция газеты «Гомельская праўда», 2022.

“Мова. Гомель” адмыслова для “Штодзень”

 

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png