Параўналі цэны на клубніцы ў Беларусі і Польшчы

У Беларусі поўнай хадою ідзе сезон клубніц. Гэта не толькі смачная, але і вельмі карысная ягада, багатая на вітаміны і антыаксіданты, фоліевую кіслату, клятчатку, пекцін, жалеза, ёд, кальцый, фосфар і марганец. А нізкі глікемічны індэкс і каларыйнасць дазваляюць есці яе тым, хто прытрымліваецца дыеты ці здаровага харчавання. Параўналі цэны на чэрвеньскую смакату ў Гомелі і польскім Беластоку.

Фота: pixabay.com

Надвор’е ў гэтым годзе аднолькава не спрыяла добраму ўраджаю ў абедзвюх краінах. З моцным пахаладаннем напрыканцы вясны чакаць нізкага кошту было б цяжка – шмат намаганняў давялося прыкласці фермерам, каб захаваць ураджай.

Пакуль на гомельскіх рынках цэны знаходзяцца ў дыяпазоне ад 22 (грунтавая, больш буйная) да 18 руб. (драбнейшая).

У Беластоку сезон распачаўся з лічбаў 25–30 злотых (22-25 бел. руб.) пару тыдняў таму. Даволі хутка цана знізілася да 17–18 злотых. На гэтым тыдні клубніцы заўважана патаннелі.

Сезонныя латкі з клубніцамі ў Беластоку

На невялічкіх рынках ля гіпермаркетаў і сезонных кропках продажу, якія ёсць па ўсім горадзе, ягаду можа набыць за 14,9 злотых (12 бел. руб.). Ад памеру ягады кошт не залежыць, яна тут уся добрая і выглядае прывабна.

Калі пашукаць, можна знайсці і танней, калі ёсць час з’ездзіць у адну з гандлёвых зон на ўскрайку горада. Напрыклад, на эка-кірмашы пры Падляскім сельскагаспадарча-гандлёвым цэнтры (Podlaskie Centrum Rolno-Towarowe) клубніцы па 10 злотых (8,5 бел. руб.). Можна купіць і па 8,9 злотых (каля 7 бел. руб.), але гэта такія клубніцы якія лепей адразу з’есці, яны не паляжаць.

За сярэднюю заработную плату жыхар Беластока можа набыць 494 кілаграм летняй асалоды (7363,57 / 14,9). У жыхара Гомеля атрымаецца ўсяго 130 кг (2613,5 / 20). Сярэдняя польская пенсія канверсуецца ў 167 кг (2500 / 14,9). Беларускаму ж пенсіянеру дастанецца толькі 46 кг (933 / 20). Спадзяёмся, што цэны на клубніцы ў Гомелі трохі знізяцца і жыхары горада змогуць дазволіць сабе больш чэрвеньскай смачнай карысці.

Штодзень

Слайдар пастоў