З’явіліся навіны пра былога журналіста з Гомеля Яўгена Меркіса. Пра гэта распавядае праваабаронца Леанід Судаленка.
Леанід Судаленка:
У шклоўскай калоніі №17 Яўген працуе ў цэху па пашыву спецабутку (для асуджаных і міліцыі). Ён збольшага ў парадку, жыццё для тых месц стандартнае, на здароўе не скардзіцца. Перапісваецца з бацькам (маці памерла, сам Яўген удавец), абмяркоўваюць харчовую перадачу (для ўзмоцненага рэжыму раз у чатыры месяцы да 50 кг.), званкоў пакуль не дазволілі. У вольны час чытае, глядзіць тэлевізар. Нядаўна ў калонію прыязджаў з выступам лектар-гісторык (які не ўдакладняе).
Нагадаю, Яўген – гомельскі журналіст, які асвятляў акцыі пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, вёў стрымы з мітынгаў так званых “дармаедаў” 2017 года. Яго неаднаразова затрымлівала міліцыя, праз суды штрафавала і адпраўляла на суткі. Агулам за журналісцкую дзейнасць Яўгену прысудзілі 50 сутак арышту і больш за 200 базавых велічынь штрафаў. 13 верасня 2022 года ён быў затрыманы па артыкулах 361-1 і 361-4 Крымінальнага кодэкса – стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім і садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці. Ён пазбаўлены волі на 4 гады (узмоцнены рэжым).
8 лістапада за кратамі Яўген святкаваў свой другі дзень народзінаў. Падтрымаем журналіста пісьмамі ды паштоўкамі. Куды: ПК № 17, 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская, 8 Каму: Меркіс Яўген Аляксандравіч