Уладзіслава Сыракомлю перакладалі Купала, Уладзімір Дубоўка, Максім Лужанін, Яўгенія Пфляўмбаўм, Кастусь Цвірка. Цяпер да гэтай кампаніі далучыўся Алесь Плотка. Паразмаўлялі з Алесем пра вяртанне Сыракомлі беларускім чытачам і пра тое, наколькі будзе цікавая п’еса “Каспар Карлінскі” сучасным чытачам. Тым болей, у свой час яе сацыяльны эфект быў ашаламляльны, а царызм вельмі нерваваўся ад гэтай п’есы, так узрушвала яна мясцовых.
Штодзень: Чаму ўзнікла ідэя перакласці Сыракомлю?
Алесь Плотка: Гэтая ідэя нарадзілася ў 2018, калі ўзнікла адчуванне вострай несправядлівасці, што ёсць аднаполюснае ўспрыняцце гісторыі беларускай драмы. На сёння ўсё выглядае так, што вось ёсць Дунін-Марцінкевіч і ўсё на гэтым. Не абвяргаючы яго дасягненняў, хацелася як мінімум вярнуць беларускай культуры імя Сыракомлі-драматурга, пераасэнсаваць яго. Узнаўленне справядлівасці, сацыяльная адказнасць, а не проста прыгожае пісьменства – прыродны для мяне матыў творчай дзейнасці.
Па-другое, Сыракомля, як і я, хварэў сухотамі і тут ёсць такая яшчэ моцная і вельмі спецыфічная асабістыя эмпатыя, братэрства палачкі Коха, калі хочаце. Ён быў вядомым перакладчыкам на польскую, але багата напісаў пра беларусаў, пра землі нашай прысутнасці.
Я адчуваў асабістую і нацыянальную адказнасць перад ім і вярнуў пазыку як мог, перакладам.
Сыракомля мог бы жыць даўжэй і яго транзітная самаідэнтыфікацыя магла развівацца па-рознаму. Цяпер, з большым беларускім корпусам яго тэкстаў, нам будзе цікавей разважаць на гэтую тэму. Як і зацята параўноўваць яго з Дуніным-Марцінкевічам.
У 2018-ым годзе я пачаў перакладаць, нейкія кавалкі нават выконваліся на літаратурным фестывалі. Там жа адбылася важная размова Ганны Севярынец і Наталлі Валанцэвіч (а з размоваў з ёй усе і пачалося!) пра ролю Уладзіслава Сыракомлі ў развіцці беларускай драматургіі і тэатра, аб неабходнасці перакладу яго драматургічнай спадчыны на сучасную мову і вяртання імя знакамітага суайчынніка ў літаратурную і тэатральную прастору. Але ў мяне былі пытанні да сябе, таму я ўзяў паўзу ў 6 год, каб падвучыцца і завершыць гэтую справу.
Штодзень: І пачнём з таго, што менавіта ты пераклаў з Сыракомлі? Гэта тое, што раней не перакладалася?
— Гэта п’еса “Каспар Карлінскі”, якая апавядае пра гераічную абарону замка ў Ольштыне, цалкам заснаваная на рэальных падзеях. Выбар твору таксама ёсць узнаўленнем гістарычнай справядлівасці, бо 160 год таму яна ставілася ў Вільні, Менску, Берасці, Гародні.
На Віленшчыне яе сацыяльны эфект быў ашаламляльны, царызм вельмі нерваваўся ад гэтай п’есы, так узрушвала яна мясцовых.
Маю выказаць падзяку рэзідэнцыі Gaude Polonia польскага мінкульта, дзе і быў зроблены гэты пераклад. Аўтар шасці кніг, сваіх і перакладных, я ўпершыню атрымаў нейкую сур’ёзную творчую падтрымку. Па-другое, удзячны рэдактару Максу Шчуру. Праца з класікай патрабуе хірургічнай адточанасці, як танцы Брытні Спірз з нажамі, таму без добрага “харэографа” (ці “хірурга для танцора”?, – смяецца) тут не абысціся. Па-трэцяе, куратарцы Малгажаце Бухалік, чалавеку з “трушнымі” (праўдзівымі) каштоўнасцямі. У нас адбыўся фантастычны хаўнталагічны* дыялог: тут і яе праца над перакладам Святланы Курс на польскую, і Марк Фішар і геній Караткевіча. Забаўны факт, гэта ўсё вылілася ў песню гурта Sož – MF (Mark Fisher), якую можна пачуць на канцэртах.
* Хаўнталогія (англ. Hauntology) – спектральнасць, як шэраг ідэяў, што фіксуюць вяртанне элементаў з культурніцкага мінулага (так як гэта адбываецца з прывідамі).
Штодзень: Журналіст Барыс Палута (гэта, дарэчы, не ты? – гэта пытанне не для друку) неяк пісаў, што Сыракомля “чужым” аказаўся для мас, элітарны, не для ўсіх. Як думаеш, наколькі гэта сапраўды так? Чым будзе цікавы Сыракомля для беларусаў 21 стагоддзя?
— Мне асабіста здаецца, што Сыракомля нашмат народнейшы з некаторых фармальна «народных». Я не прыхільнік разбазарвання беларускага і шальмавання чаго-кольвек, што не ўкладаецца ў чыесьці густы роўна на сто працэнтаў, гэта супярэчыць нацыянальным інтарэсам. Увесь корпус твораў людзей, што жылі тут і пісалі пра мясцовых і мясцовыя рэаліі на розных мовах, мае быць перакладзены, гэта нашая спадчына. Як і любы пераклад небеларускамоўнага сучасніка на беларускую – гэта важна, я гэта вітаю ад усяго сэрца.
Паўтару базавую ісціну. Нацыянальная самаідэнтыфікацыя людзей тых дзяржаваў, немадэрных нацыянальных, не можа напрамую раўняцца да цяпершчыны толькі па моўным пытанні: ці ты паляк, ці ты рускі. Цудоўны прыклад канструктыўнай дзейнасці – корпус польскамоўных аўтараў з тэрыторыі сённяшняй Заходняй Украіны, якія масавы перакладаюцца на ўкраінскую. Гэта добры прыклад для нас.
П’еса будзе бязмежна цікавая і сёння, бо яна пра гераізм, пра прынцыпы, пра ахвярнасць. Гэта класіка. Да таго ж, сучасным беларусам дастаецца моўная версія, болей блізкая да 21-га стагоддзя (не, ніякіх вольнасцяў няма, проста дух эпохі перадаецца без архаічных выразаў).
Штодзень: Сыракомлю перакладалі Купала, Уладзімір Дубоўка, Максім Лужанін, Яўгенія Пфляўмбаўм, Кастусь Цвірка. Цяпер да гэтай кампаніі далучыўся Алесь Плотка. Ці не хвалююча было прыступаць да перакладаў?
— Нечаканая оптыка, ніколі так пра гэта не думаў. Думаю, хваляваць тут мусіць хіба толькі тое, што сярод гэтых імёнаў так небагата сучаснікаў. Але гэта падкрэслівае толькі структурную праблему (неда)фінансавання ўсёй беларускай нацыянальнай літаратуры.
Ведаеце, можа быць, гэты падыход не ў трэндзе, і трэба перакладаць нешта “маднейшае”, ці за што добра і стабільна плацяць. Але ж усе нашыя класікі былі, кажучы сённяшняй мовай, актывістамі. Я адназначна не іх спадкаемца ў творчых метадах, просты постмадэрністы хлопец з Гомеля. Але ў тым, што трэба рабіць па сумленні, трэба рабіць тое, чаго не можаш не рабіць, думаю, тут ніхто з іх мяне б не папракнуў.
Дзякуй за нагоду ўявіць сабе карціну “заходжу я да дзядзькі Янкі з перакладам Сыракомлі”.
Штодзень: Ці былі нейкія адкрыцці падчас перакладаў Сыракомлі? Што новага для сябе ўсвядоміў?
— Усвядоміў, што трэба ставіць сабе задачы навыраст, спраўляцца з імі, расці. Ну да любога выкліку трэба дарасці таксама. Шчыра скажу, не хутка гатовы буду паўтарыць гэты досвед, але гэта было вельмі цікава. Прафесійныя ж адкрыцці, назіранні і высновы хай робяць філолагі і кампаратывісты, мая місія на гэтым скончаная, я нават прадмову пісаць не буду.
Штодзень: Ці варта чакаць публікацыі перакладаў у выглядзе кнігі? І калі выйдзе кніга, яна будзе ў адной ці дзвюх мовах?
— На сённяшні дзень дакладнай дамоўленасці ні з адным з беларускіх выдавецтваў пра публікацыю няма, я адкрыты да прапановаў.
Пра фармат не так даўно запытваўся ў сваіх фэйсбук-фрэндаў, большасць вельмі дакладна выказалася, што хацела бы кнігу-білінгву. Таму калі яна і будзе выдадзеная, то, безумоўна, трэба выдаваць білінгву. Да таго ж не так даўно ў такім фармаце быў выдадзены Міцкевіч. Гэта было б правільна, каб утваралася такая новая традыцыя што да такіх тэкстаў.
Пагадзіцеся, выданне п’есы на паперы наўрад ці будзе бестселерам, але свайго чытача знойдзе. Думаю, гэты твор мае найбольшы патэнцыял усё ж такі як п’еса, мая мара ўбачыць яго на сцэне.