Падборка каляднай музыкі, выкананай на беларускіх традыцыйных інструментах

by ZB

Часам, каб адсвяткаваць каляды арыгінальна, мы шукаем нешта новае, чаго яшчэ не было. Але парадаксальным чынам новае можа знаходзіцца ў даўно вядомым. Традыцыйныя музычныя беларускія інструменты — гэта не толькі музейны экспанат ці працоўны інструмент фальклорных калектываў, што аднаўляюць старую музыку. З іх дапамогай можа пераагучыць самыя розныя кампазіцыі, у тым ліку і калядныя. Сабралі для вас падборку музыкаў, якія добра ілюструюць, што й старажытным інструментам можна даць новае жыццё, піша выданне “Мова Гомель”.

ЦЫМБАЛЫ

На думку навукоўцаў, прылады, падобныя да цымбалаў, існавалі ўжо 3000 год таму. Гралі на цымбалах і на Захадзе (Венгрыя, Малдова, Румынія, Польшча і г.д.), і на Усходзе (Кітай). На тэрыторыі Беларусі першыя згадкі інструмента датуюцца ХVI стагоддзем. Прафесійная школа цымбалістаў (і папулярызацыя гэтага інструмента) пачалася ў 1920-я гады ад творчасці дырыжора, кампазітара і педагога Іосіфа Жыновіча, які рэканструяваў інструмент да сучаснага выгляду і адаптаваў пад цымбалы не толькі традыцыйныя беларускія спевы, але і класікаў кшталту Моцарта ці Шапэна.

Іосіф Жыновіч за цымбаламі, 1937 год

 

Ягоную дзейнасць працягваюць і сучасныя музыкі. Напрыклад, Валянціна Батура, якая зараз жыве ў Германіі, можа зайграць на цымбалах што заўгодна: ад ламады да Deep Purple.

Фрэнк Сінатра, напрыклад, вельмі лірычна гучыць на цымбалах.

А вось падборка каляднай музыкі ў выкананні Валянціны.

 

 

 

 

ГУСЛІ

Гэта не менш старажытны інструмент. Калі і дзе продак гусляў з’явіўся ўпершыню, можна толькі здагадвацца. Былі яны ва актыўным ужытку балцкіх і славянскіх (і не толькі) народаў, адсюль і разнастайнасць назваў: канклес, кокле, каннель, кантеле, карш, крезь, кесле…

Муляж старадаўніх гусляў работы майстра А.В. Сурбы, выраблены з елкі і дубу. Захоўваецца ў музеі імя М. Багдановіча

Першыя згадкі на нашай тэрыторыі належаць да ХІІ, казаў пра іх сам Кірыла Тураўскі. Ну як казаў, пагражаў пасмяротнымі пакутамі тым, хто «варожыць, гудзе ў гуслі, распавядае казкі». Але што з зробіш, часы тады былі такія.

Да таго ж не чуў духоўны дзеяч, як віртуозна будуць валодаць інструментам гусляры ХХІ ст., мо і змяніў бы думку. Бо немагчыма не замілавацца, як чуеш гукі, здабытыя з-пад струн, мабыць, самым вядомым гусляром Беларусі – Алесем Чумаковым (@gusliby).

Прапануем паглядзець запіс каляднага выступу артыста.

Зіма ў Гомелі гэтым годам не снежная. Хай святочны настрой стварае снег у песнях.

 

 

 

ДУДА

Нягледзячы на тое, што за апошнія дзесяцігоддзі ў Беларусі з’явілася шмат дудароў, ладзяцца дударскія фэсты, не ўсе беларусы разумеюць, пра які інструмент гаворка (нярэдка даводзіцца тлумачыць, што інструмент падобны да валынкі, а не да жалейкі, бо ў масавай свядомасці “дуда” асацыюецца з расейскім словам “дудочка”).

 

Яшчэ нядаўна бліжэйшую сястру беларускае дуды – валынку – можна было пачуць і на Гомельскіх вуліцах. Мала які мінак не спыніўся б, пачуўшы мелодыю “Gyöngyhajú lány” венгерскага гурта Omega (больш вядомая беларусам па кавер-версіі Scorpions “White Dove”) у выкананні Аляксея Шкурапацкага:

Добры зімовы настрой можа стварыць кампазіцыя “Мяцеліца”, якую зайграў на дудзе Аляксандр Худалееў:

 

 

Калі жадаеце паслухаць, як гучыць беларуская дуда, то варта задаваць пошукавай сістэме запыт belarusian bagpipe, а не “беларуская дуда” (ці тое ж самае па-расейску), так вынікаў атрымаецца непараўнальная больш. З аднаго боку, гэта сусветная тэндэнцыя – пісаць па-ангельску для павелічэння патэнцыяльнай аўдыторыі. Але, напэўна, справа яшчэ і ў тым, што недастатковая колькасць беларусаў цікавіцца ўласнымі традыцыямі.

Спадзяёмся, нашыя калядныя падборкі многіх зацікавяць. Вясёлых Каляд і добрай музыкі ўсім беларусам!

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png