«Падарунак» дзясяткам пакаленняў: як Беларусь будзе захоўваць ядзерныя адходы са сваёй АЭС

by ZB

«Штодзень» паразмаўляў з радыяцыйным хімікам Сяргеем Бесарабам пра планы беларускіх уладаў будаваць сховішча для адходаў з БелАЭС, у тым ліку ў Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведніку ў Гомельскай вобласці.

Сяргей Бесараб

Што адбылося

Дырэктар РУП «Беларуская арганізацыя па абыходжанні з радыеактыўнымі адкідамі» Дзмітрый Логвін 27 сакавіка ў чарговы раз распавёў пра магчымыя месцы для пахавання радыеактыўных адходаў. Ён назваў два асноўных кірункі: каля Беларускай АЭС і тэрыторыя Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка.

Што не так з гэтымі заявамі

«Спачатку шуміха, потым блытаніна, потым пошукі вінаватых, затым пакаранне невінаватых і, нарэшце, узнагароджанне недатычных. Менавіта такая фраза найлепш з майго пункту гледжання характарызуе сітуацыю з адходамі беларускай АЭС», – напісаў у сваім блогу з гэтай нагоды навуковец, радыяцыйны хімік Сяргей Бесараб.

Ён звяртае ўвагу на тое, што да гэтага часу не называецца, што ўлады будуць рабіць з адпрацаваным ядзерным палівам з АЭС, калі закончыцца месца ў басейнах выгрузкі. І што яшчэ ў 2019 годзе адмысловы экалагічны даклад «паказаў вельмі нізкую гатоўнасць Беларусі да абыходжання з небяспечнымі ядзернымі адходамі».

Тады ж, паводле навукоўца, намеснік галоўнага інжынера БелАЭС заявіў, што праектам не прадугледжаная назапашвальная пляцоўка для размяшчэння адходаў пасля выгрузкі. Уся надзея, што Расія будзе кожны год прыязджаць спецыяльны цягнік для вывазу іх на перапрацоўку. Але пры гэтым для часовага захоўвання могуць выкарыстоўвацца басейны ахалоджвання БелАЭС, якія разлічаныя на 10 год назапашвання адпрацаваных зборак.

Такім чынам, праблема адкладаецца да 2030-х гадоў. Але Бесараб звяртае ўвагі, што 2030-ыя ўсё бліжэй, а адказу на выклік так і няма.

«Затое ёсць куча пустых, нічога не значных размоваў пра сховішча адходаў сярэдняй актыўнасці (г.зн. тое, што павінна было б па ідэі вярнуцца з РФ пасля перапрацоўкі). А пра самае галоўнае, высокаактыўныя адходы, месца для якіх хутка ўжо не застанецца, – ведай сабе, маўчок», – падкрэсліў эксперт.

Дык, а якія варыянты, калі Расія не адгукнецца і не прыме адходы на перапрацоўку?

Ніякіх няма. На той сітуацыі, якая існуе на сённяшні дзень, то бок гэта поўная ізаляцыя над ЕС, ад міжнароднай супольнасці, калі расейцы вырашаць адмовіцца, ці шантажаваць – гэта трагедыя для краіны.

Ядзерная галіна – гэта Hi end галіна. Мірны атам – гэта тэхналогіі, непад’ёмныя для дылетантаў і нейкіх цемрашалаў. Гэтыя высокія тэхналогія не толькі ў тым, каб запусціць рэакцыю дзялення, а яшчэ і пра тое, каб была бяспека. Нездарма 2/3 выдаткаў у цывілізаваных краінах ідуць на бяспеку, дэзактывацыю АЭС пасля выпрацоўкі рэсурсаў (60 год) і на працу з адкідамі.

Апошняе – гэта яшчэ больш высокатэхналагічны кірунак, чым сама АЭС. Такіх краінаў, дзе ёсць установы, якія займаюцца перапрацоўкай адходаў, утылізацыяй – іх няшмат у свеце, можна пералічыць па пальцах адной рукі.

Беларусь прысмакталася да Расіі, у якой сапраўды велізарны вопыт накоплены ў гэтым сэнсе – і спадзявалася поўнасцю на гэтую дапамогу. У сувязі з АЭС Беларусь вельмі моцна сядзіць на «іголцы ўранавага паліва», але «іголка перапрацоўкі ядзерных адкідаў» – больш жахлівая, чым першая.

Ужо бачна, што сітуацыя – не самая прыемная. У нас нават няма людзей, якія змогуць з адкідамі працаваць. Логвін сказаў, што персанал для гэтага ўяўнага сховішча будзе рыхтаваць Росатам.

Як казалі прадстаўнікі БелАЭС, прыкладна 10 год мы як тая страказа з байкі можам танчыць. У гэты час самае высокаактыўнае адпрацаванае паліва перамяшчаецца ў праектныя басейны вытрымкі, дзе яно ахалоджваецца.

У кожным энергаблоку такі басейн складаецца з 732 месцаў, якія размеркаваныя на 12 сцелажоў. На іх памяшчаюцца ЦВЭЛы (цеплавыдзяляльныя элементы). Праектна запланавана, што раз на год праводзіцца выгрузка паліва з АЭС, каля 50 ЦВЭЛаў за раз. То бок, калі мы падзелім 732 на 50, атрымліваецца недзе 14 год.

Калі першы энергаблок быў запушчаны ў 2020 годзе, то ў 2034 годзе сховішча цалкам запоўніцца. І тады ў нас ужо не будзе часу. Можна, канечне, нейкім чынам, падвяргаючы людзей рызыцы, перавозіць гэтае паліва ў сховішча другога энергаблоку і запаўняць яго. Але я проста фізічна не ўяўляю, як гэта можна зрабіць. Там жа неверагодная радыеактыўнасць ад тых ЦВЭЛаў, чалавека за хвіліну можна забіць. У адчаі, канечне, яны могуць прымусіць людзей нешта рабіць. Гэта будзе жахлівая, пачварная трагедыя.

Пакуль ёсць некаторы час. Па нарматывах павінныя былі кожны год паліва адпраўляць спецыяльным цягнічком на пераапрацоўку ў РФ, але пра гэта нічога не чуваць пасля пуску. Такое ўражанне, што яны робяць гэтыя ўкіды пра сховішча, каб людзі не пыталіся, а што з сухім сховішчам каля АЭС, якое нават праектна не запланавана?

Ніхто ж не спытаецца, сховішча для адходаў, а якіх менавіта адходаў? Ва ўсім свеце яны кваліфікуюцца па ўзроўню небяспекі. 1-2 клас вельмі актыўныя, і вельмі гарачыя, далей сярэдняй і нізкай актыўнасці. Аператары працуюць звычайна з сярэднеактыўнымі адходамі.

Самыя гарачыя адходы – гэта вельмі складана, вельмі радыеактыўна, вельмі доўгажывуча (мільёны гадоў). Іх альбо перапрацоўваць і выцягваць ізатопы, якія можна ізноў пусціць у справу (плутоній і некаторыя аскепкі дзялення), альбо рабіць геалагічныя пахаванні. Адзіны “жывы” існуючы прыклад таго, што такая рэч агулам магчыма – гэта сховішча Анкала ў Фінляндыі, пра яго зняты дакументальны фільм «Насустрач вечнасці». У фільме паказана, якая праца была: некалькі даследчых інстытутаў, велізарныя грошы. Сховішча будавалася не як у Беларусі ляпаюць языкамі чыноўнікі, там падыходзілі да пытання з унікальнай у светавым маштабе рэтраспектывай, што будзе праз 100-1000-10000 год.

А ў Беларусі, калі ідзе размова пра сховішчы, то гэта размова пра найхутчэй прыпаверхневыя, падобныя ім існуюць у Расіі. Канаву выкапаюць, можа, яе забетануюць, можа, не. Можа на метр у глыбіню, можа на пяць. Туды гэта ўсё звязуць, і будзе ляжаць. Але ў Расіі Росатам, нават каментуючы свае падобныя сховішчы (а такое яно ў іх пакуль адно – каля горада Навауральск), кажа, што працечкі абавязкова пойдуць, не пазней за 100 гадоў. То бок афіцыйна прызнаюць, што гэта абсалютная бомба запаволенага дзеяння.

А з тых варыянтаў сховішча адходаў з БелАЭС, якія называюць улады, які падаецца лепшым?

Я настойваю, што добрага ідэальнага варыянта не будзе. З гэтага пункту гледжання месца, якія прыгадаў чыноўнік, сховішча каля БелАЭС мае сэнс, бо падобнае сховішча сухога адпрацаванага паліва ёсць на Запарожскай АЭС.

Украінцы да 1993 года адходы перасылалі ў Расію, пасля вырашылі змяніць пастаўшчыка паліва (вельмі затратная справа), давялося адмовіцца і ад перасылкі на перапрацоўку і адходаў. Таму яны пачалі захоўваць у бетонных боксах, пабудаваных па амерыканскіх праектах. Унутры кожнага цыліндр са спецсталі, які змяшчае 24 ЦВЭЛа. Агулам гэтае сховішча ўкраінскае разлічанае на 9 тысяч зборак.

Такое можна зрабіць і ў Беларусі каля БелАЭС. Але гэтае захоўванне часовае з надзеяй на тое, што праз нейкі час ці з’явіцца магчымасць адходы перапрацаваць ці пахаваць іх геалагічна.

І яшчэ гэта небяспечная вайсковая цэль як мы ўсе пабачылі на прыкладзе ЗАЭС. Гэтае сховішча – вельмі сур’ёзная пагроза тэрарыстычнай атакі, гэтыя боксы не абароненыя так, як сам рэактар. Гэта фактычна такая спячая велізарная брудная бомба.

Але ў гэтым варыянце проста з лагістыкай, проста з кантролем.

Сховішча ў радыяцыйным запаведніку – гэта хайп і ўкід. Па-першае, там няма лагістыкі, няма чыгуначных дарог. Пераводзіць гэтае «гарачае паліва», якое дае проста дзікунскі ўзровень радыеактыўнасці незразумела як. Калі на аўтамабілях, праз усю краіну, то любому больш-менш дасведчанаму ў тэме радыяцыі чалавеку зразумела, што кіроўцы такіх аўто – самагубцы, як і ахова. Нейкая фантастыка, агулам.

Па-другое, будаваць сховішча ў Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведніку … там жа забруджаная глеба, высокі ўзровень радыеактыўнасці. Яны будуць будаваць, уздымаць пыл. Дзе яны набяруць гэтыя атрады самагубцаў? Падчас уварвання Расіі ва Украіну ўжо былі такія “спецыялісты”, якія “будавалі” свае акопы ў межах сумна вядомага Рудага Лесу. Што з імі сталася і дзе яны агулам, не вядома дагэтуль.

Тут трэба адзначыць яшчэ і тое, што ў Гомелі знаходзіцца з боку сумнавядомай калоніі – катавальні для беларускіх жанчын у Зарэчным сховішча Гомель-30. Калісьці яно было падрыхтавана для захоўвання ядзернай зброі, але яно вельмі няблага пабудаванае канцэптуальна. Там у калодзежах захоўваюцца адходы сярэдняй актыўнасці. Яны пад словам Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік могуць мець на ўвазе Гомель-30. І гэта будзе танней і, можа, бяспечней мадэрнізаваць ужо існуючыя заглыбленыя памяшканні пад захоўванне нейкіх радыеактыўных адкідаў. Але якіх? Якая ў іх будзе актыўнасць?

А ці ёсць нехта акрамя Расіі сярод тых, хто можа дапамагчы Беларусі?

Калі я чуў такія меркаванні, што будзем узаемадзейнічаць з Кітаем… Кітай у прынцыпе неахвотна дзеліцца сваімі ядзернымі тэхналогіямі. Кітайцы вельмі асцярожна і далікатна ставяцца да сітуацыі, і адтуль у Беларусь не праскочыць ніводнай кроплі ядзерных тэхналогіяў.

Адзіны шанец – гэта калі ў нейкай новай Беларусі людзі, якія будуць кіраваць краінай, папросяць у сусветнай супольнасці дапамогі, зробяць інфармацыю пра гэту жахлівую ядзерную навалу поўнасцю адкрытай. Тады, хутчэй за ўсё, мне гэта даволі аптымістычна бачыцца, знойдуцца спецыялісты, знойдуцца тыя хто захоча дапамагчы. Але ўсё роўна трэба разумець, што ні адна краіна не захоўвае чужыя ядзерныя адходы. Ніхто не будзе захоўваць і беларускія.

Гэты ўсім вядомы чалавек, які ініцыяваў пабудову АЭС, зрабіў беларусам такі падарунак, які яны будуць расхлёбваць сотні гадоў. Калі мы не разглядаем “пякельныя” высокаактыўныя адкіды, якія можна хаваць толькі ў глыбіні нетраў, дзе яны будуць распадацца мільёны год, а кажам пра адкіды сярэдняй актыўнасці (“бяспечныя” як лічаць беларускія чыноўнікі), то трэба разумець што гэта ўсё будзе распадацца прыкладна 500 гадоў, а працечкі пачынаюцца праз 100. Гэта давядзецца захоўваць і з гэтым жыць 400-500 гадоў. На дадзены момант тэхналогіі не дазваляюць пазбавіцца ад наступстваў поўнасцю.

БелАЭС – гэта «падарунак» будучым дзясяткам пакаленняў.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png