У ГЦ “Мандарын” быў, напэўна, амаль кожны гомелец. Але на пытанне, што знаходзіцца за “спінай” папулярнага месца шопінгу, адкажуць далёка не ўсе. Між тым тэрыторыя трохкутніка пр. Рэчыцкі – вул. Сасновая – вул. Барыкіна хавае шмат цікавостак. У падарожжа па маляўнічых мясцінах і таямнічых завуголлях запрашае “Штодзень”.
Калі прайсціся ад Мандарына ў кірунку Сонечнай, за будынкам “Гомельаблаўтатранса” можна пабачыць малапрыкметную сцежачку. Варта збочыць па ёй ад аўтамабіляў, крам і іншых прыкмет ХХІ стагоддзя, каб патрапіць у мясціны, дзе час нібыта спыніўся.
Першае, што чакае вандроўніка – панарамы прыроды на розны густ. І маляўнічыя лугі, і гушчары, і вадаём. Нават не верыцца, што цывілізацыя віруе ўсяго ў некалькіх хвілінах хады адсюль.
На жаль, смецце – непазбежны спадарожнік кожнага кавалачка прыроды ў межах Гомеля.
Наяўнасць тутака прыватных дамоў не здзіўляе – рэшткі традыцыйнай забудовы маюцца на значнай колькасці гомельскіх вуліц. Коней таксама можна сустрэць і ў Манастырку, і нават у цэнтры Гомеля. Але выгляд кароў, якія пасвяцца непадалёк ад магістраляў і вялікай прамысловай зоны, узрушвае. Нават у беларускіх вёсках каровы сустракаюцца ўсё радзей, бо дагляд за жывёлай патрабуе шмат высілкаў, а малако ў краме не дэфіцыт.
Аматары занядбанага жылля тутака таксама знойдуць, чым заняцца. У хатах, якія яшчэ нядаўна былі жылымі, пэўны час захоўваецца атмасфера, якая нібыта распавядае гісторыі ўсіх, хто тут жыў. Ад знаходжання ўнутры можна атрымаць моцныя ўражанні (толькі нагадваем, што закінутыя будынкі небяспечныя для наведвання, у любы момант можа абрынуцца дах ці праваліцца згнілая падлога).
Цагляныя гаражы маюць на сценах крыжы, бо дарога паміж імі вядзе на старыя могілкі.
Па густой расліннасці могілкі больш падобны на вясковыя (на сучасных гарадскіх месцах пахаванняў садзіць не толькі дрэвы, але нават кусты, забаронена). Значную частку пахаванняў ужо няма каму даглядаць, часам паміж могілкамі нават не прайсці, бо раслінны свет стварыў сапраўдныя непралазныя джунглі. Але хапае магіл, якія рэгулярна наведваюць (пры тым, што даты на шыльдах вельмі даўнія). Маюцца надмагіллі, звязаныя з ваеннай тэматыкай.
А якія малавядомыя куточкі Гомеля вам найбольш даспадобы?
Фота: з Інтэрнэту