Урачыстасці да фантомнага свята прайшлі ў Гомелі: краіна, якая не мае выхаду да мора, упарта працягвае святкаваць Дзень ваенна-марскога флоту.
Сцягі з расійскай сімволікай на свяце ў Гомелі. Фота: Гомельскія ведамасці
Нягледзячы на тое, што больш за 30 год Беларусь не з’яўляецца часткай краіны з вялікай працягласцю ўзбярэжжа і водным арсеналам, на дзень ваенна-марскога флоту тут не могуць забыцца.
Дзень ваенна-марскога флоту ў Гомелі. 2025. Фота: Гомельшчына афіцыйна
27 ліпеня ўладамі горада разам з музеем ваенна-марской славы быў праведзены шэраг мерапрыемстваў. Пры тым, што ўшаноўваць ў гэты дзень маракоў – не беларуская, а расійская традыцыя.
Даведка. 27 ліпеня 1714 года расіяне здабылі перамогу пад Гангутам (цяпер – Фінляндыя) над шведамі. Гэта была першая перамога расійскага флоту ў гісторыі. Таму Пётр І загадаў кожны год у гэты дзень паводзіць святочныя мерапрыемствы ў гонар ваенных маракоў (беларускія землі на той момант знаходзіліся ў складзе Рэчы Паспалітай і не мелі ніякага дачынення ні да азначанай бітвы, ні да расійскага флоту, ні да Пятра І).
Дзень ваенна-марскога флоту ў Гомелі. 2025. Фота: Гомельскія ведамасці
Пасля рэвалюцыі 1917 года традыцыя святкавання перарвалася. З 1939 года да яе вярнуліся, але дату некалькі разоў пераносілі. Канчаткова святкаванне Дня ваенна-марскога фота ў апошнюю нядзелю ліпеня зацвердзіў прэзідэнт Расіі з 2006 годзе.
Святкаванне ў Бабруйску. 2025. Фота: bobruisk.gov.by
У спісе афіцыйных святочных дзён на сайце president.gov.by няма ніякага Дня ваенна-марскога флоту. Але мясцовыя ўлады ў розных гарадах Беларусі ўпарта працягваюць шанаваць чужое свята.
Канешне, у савецкія часы беларусы служылі на флоце. Але калісьці нашыя продкі былі лучнікамі і кавалерыстамі, якія мужна змагаліся ў войнах, толькі іх дні мы не святкуем, бо гэта ўжо гісторыя.