QR-код на помніку, віртуальныя памінкі ці ЭКА-могілкі – якая будучыня чакае рытуальную галіну

by homieldays

Пытанне месца для пахавання памерлых у Гомелі, як і ў большасці іншых буйных гарадоў, даволі актуальнае. Кожны год у паўмільённым населеным пункце сыходзіць у іншы свет каля 5 000 асоб. Па дадзеных Гарадской рытуальнай службы, дзейнымі лічацца 18 могілак. Але 16 з іх (Валатоўскія, Давыдаўскія, Конзаводскія, Касцюкоўскія, Чырвоны Маяк, Мільчанскія, Навабеліцкія, Асаўцы, Прыазёрныя, Прудкоўскія, Рандоўскія, Паўночныя, Сеўрукоўскія, Станочныя вузлы, Паўднёвыя-2 і Якубоўскія) з’яўляюцца абмежавана дзейнымі – пахаванні вядуцца выключна ў межах зямельнага надзела, дзе ўжо пахаваны нехта з сям’і памерлага.

Магілы на Басавай гары

 

Новыя пахаванні магчымыя толькі на Стукачоўскіх могілках (каля 29 км ад Гомеля) і ў вёсцы Бальшавік (20 км ад Гомеля). Гэта даволі далёка як для арганізацыі развітання з памерлым, так і з пункту гледжання дагляду могілак. Тым, хто не мае аўтамабіля, асобам сталага веку прыехаць сюды будзе цяжка. Як паспець усё прыбраць, напрыклад, перад Радаўніцай тым, у каго сваякі пахаваныя на розных могілках? Таму нічога дзіўнага, калі частка пахаванняў праз некаторы час прыйдзе ў занядбаны стан. А што будзе, калі і тутака скончацца вольныя месцы? Будзем займаць прастору за 40–50 кіламетраў?

Відавочна, што шукаць нейкія альтэрнатыўныя рашэнні трэба ўжо зараз. Паглядзім, як вырашаюць гэтую праблему ў розных краінах.

КРЭМАЦЫЯ

Такая магчымасць прадугледжаная беларускім заканадаўствам, але карысці ад гэтага гомельцам мала. Па-першае, крэматорыя ў нашым горадзе няма. Адзіны на ўсю краіну крэматорый знаходзіцца ў Мінску, што робіць пахаванне арганізацыйна больш складаным і доўгім па часе. Па-другое, з 2019 года ў Беларусі забаронена як развейваць прах, так і трымаць урну з попелам у жыллі. Захоўваць яе можна альбо на могілках (тады праблема з вольным месцам ніяк не вырашаецца), альбо на адным з шасці калумбарыяў… Мінска. Не дзіўна, што крэмацыя не займела ў Гомелі папулярнасці.

Развейванне праху над возерам. Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

 

Крэмацыя магла б у значнай ступені вырашыць праблему могілак, калі б была створана адпаведная інфраструктура: узвядзенне ў Гомелі ўласнага крэматорыя і некалькіх калумбарыяў, а таксама адмена забароны на развейванне праху. Выключэнне можна было б зрабіць толькі для грамадскіх месцаў. Напрыклад, на афіцыйным пляжы развейваць нельга, а на адлегласці ад яго 500–700 метраў – калі ласка.

ВЕРТЫКАЛЬНЫЯ ПАХАВАННІ

Хаваць памерлых на вертыкальнай, а не на гарызантальнай паверхні, пачалі даволі даўно. Але раней для гэтага выкарыстоўвалі натуральныя ўзвышшы. Адным з самых вядомых прыкладаў з’яўляюцца могілкі Пок Фу Лам у Ганконгу.

Могілкі Пок Фу Лам. Фота: wally.com.au

 

Пазней, там, дзе гор няма, пачалі ўзводзіць адмысловыя будынкі з нішамі.

Самы высокі вертальны некропаль у свеце знаходзіцца ў Бразіліі. Фота: www.oddee.com

 

Тэарэтычна вертыкальнае пахаванне, акрамя эканоміі месца, вырашыла б у Гомелі яшчэ адну праблему – як няма кавалка зямлі са столікам і лавай, няма дзе ладзіць гаманлівыя “тусоўкі” з алкаголем на Радаўніцу.

ЭКАПАХАВАННІ

Найбольш прагрэсіўныя краіны пачалі даваць дазвол на пахаванне памерлых не на адмыслова створаных могілках, а на зялёнай прасторы (у лесе ці на лузе). Пры гэтым забаронена выкарыстоўваць усё, што не з’яўляецца біяразкладальным, і хімічныя рэчывы для апрацоўкі цела.

Дызайнерская труна (Bob Hendrikx) з міцэлію цалкам растварыцца ў зямлі праз пару год. Фота: www.trendhunter.com

 

Існуюць і экалагічныя метады ўтылізацыі памерлых без пахавання. Цела апрацоўваюць рэчывамі, якія пераўтвараюць яго ў парашок, які ідзе на кампост (крэмацыя не з’яўляецца экалагічнай з-за энергаёмістасці). Цалкам легальна скарыстацца такой рытуальнай паслугай можна, напрыклад, у Каліфорніі. Але мала верагодна, каб такое новаўвядзенне прыйшлося б даспадобы значнай частцы беларусаў.

ПАХАВАННЕ З ВЫКАРЫСТОЎВАННЕМ СУЧАСНЫХ ТЭХНАЛОГІЙ

Лічбавыя могілкі – не кадр з фантастычнага фільма, а вымушаны крок пякінскай урбаністыкі. Улады кітайскай сталіцы плануюць да 2035 года скараціць плошчу, якую займаюць могілкі, на 70%, бо месца катастрафічна не хапае. Для гэтага ствараюць адмысловыя так званыя лічбавыя могілкі.

Традыцыйныя кітайскія могілкі. Фота: www.businessinsider.com

 

Пакой на лічбавых могілках у Пекіне. Фота Lucille Liu, www.bloomberg.com

 

Прадугледжаны два варыянты пахавання. Больш дарагі – з індывідуальнымі каморамі для захоўвання праху. Замест мармуровай шыльды – экран, дзе могуць транслявацца здымкі і відэа з памерлымі. Ад пачатку 2023 года было прададзена толькі 500 такіх месцаў, альбо з-за высокага кошту, альбо з-за таго, што гэта для кітайцаў пакуль вельмі нязвыкла.

Паніхіда на лічбавых могілках дэманструе розныя моманты жыцця памерлага. Фота Lucille Liu, www.bloomberg.com

 

Таннейшы варыянт пахавання дазваляе захоўваць прах у вялікай ячэйцы (побач з прахам іншых асоб) без індывідуальных пазнак, толькі з QR-кодам. Таксама існуе праект Heaven on the Cloud (Рай на воблаку), які дазваляе праводзіць лічбавыя пахаванні і ствараць “віртуальныя нябесныя выспы” з відэа- і аўдыяфайламі.

Вытанчана сціплыя Лясныя могілкі ў Таліне. Фота: estonia-paradise-of-the-north.blogspot.com

 

Крытыкі альтэрнатыўных метадаў пахавання, канешне ж, скажуць, што ўсё гэта не адпавядае беларускай традыцыі. Але варта памятаць, што, па-першае, традыцыі ўвесь час мадыфікуюцца. Так, год сто таму беларусы не ўсцілалі могілкі сінтэтычнымі кветкамі, як робяць гэта зараз. Па-другое, традыцыі фарміраваліся тады, калі насельніцтва зямлі лічылася сотнямі тысяч, а зараз – мільярдамі. І гэта істотны аргумент, каб пачаць змяняць свае звычкі.

 

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png