Пачалася рэстаўрацыя чачэрскай ратушы, мясцовыя ўлады прызнаюць кепскі стан будынку

«Гэта ўнікальны будынак. Сюды прыязджаюць турысты, усе дыялогавыя пляцоўкі, паседжанні многія праходзяць тут, дзеці прыходзяць на музейныя ўрокі, праводзяцца інтэрактыўныя ўрокі. Таму жыхары вельмі занепакоеныя тым, што такі аб’ект знаходзіцца цяпер у аварыйным стане», – распавяла былы настаўнік гісторыі ў Чачэрску Надзея Шынтар рэгіянальнаму тэлебачанню.

Ратуша ў Чачэрску па стане на 2013 год. Фота: Вікіпедыя

Аўтары сюжэта, каб растлумачыць прычыны праблемы, паглыбляюцца ў новую гісторыю Беларусі да савецкіх часоў. «У 1971 адбыўся пажар, ён знішчыў усе драўляныя канструкцыі. Да таго, як за аднаўленне ўзяліся спецыялісты з Гомельрэстаўрацыі, 25 гадоў там праводзіліся работы метадам т.зв. «народнай будоўлі»», – прызналі на рэгіянальным тэлеканале.

Падключыліся да гэтай версіі і мясцовыя ўлады.

«Прыцягвалася шмат падрадных арганізацыяў, – кажа намеснік старшыні Чачэрскага райвыканама Арсеній Цеплякоў. – Работы выконваліся не зусім якасна. Гэта і прывяло да таго, што на сённяшні дзень наша ратуша патрабуе і рэканструкцыі і рэстаўрацыі».

Першая драўляная ратуша з’явілася ў Чачэрску яшчэ ў 16 стагоддзі, але была знішчаная. Сучасны будынак узведзены напрыканцы 18 стагоддзя пры Расійскай імперыі. На сёння ён аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны першай катэгорыі, такіх у Гомельскай вобласці ўсяго пяць.

Рашэнне пра ягоную рэканструкцыю прынялі напрыканцы мінулага года. Абвяшчаецца, што работы вядуцца пад патранатам Белрэстаўрацыі, і ў планах замена ўсіх небяспечных канструцыяў. Плануецца, што завершаць працу праз 9 месяцаў.

Вядома пра мінулую рэстаўрацыю, якая прайшла трохі больш за 20 год таму, у 2003 годзе. З 2004 года ў будынку працуе Чачэрскі гісторыка-этнаграфічны музей.

Ягоная кіраўніца Таццяна Ганчарова выказвае здагадкі, што падчас цяперашняй рэканструкцыі можна будзе знайсці замураваныя ўладамі падземныя хады.

«Ад падвальных памяшканняў музею ішлі тры падземных хода. У 1990-ыя гады хады ў іх былі замураваныя ў мэтах бяспекі. Мясцовыя жыхары з 1970-80-ых гадоў прыгадваюць, што яшчэ дзецьмі бегалі па іх, падземныя хады былі ў рост чалавека, сцены былі выкладзеныя чырвонай цэглай, а верх быў выкладзены драўлянымі бэлькамі», – адзначыла яна.

Штодзень

Related posts

Сёння гадавіна пачатку Еўрамайдана – шматмесячных акцый пратэсту ва Украіне, якія моцна паўплывалі і на Беларусь

Як быць адкрытым ЛГБТ-актывістам з ВІЧ-пазітыўным статусам у Мазыры

Штосьці для «Штодня». Вядомыя гомельцы выказваюцца ў падтрымку медыярэсурса