Па манетах можна пазнаваць свой край: гісторыя аднаго хобі

На Гарадзеншчыне – шмат манет з ВКЛ, а на Гомельшчыне – ранніх савецкіх і з часоў Расейскай імперыі.

Мова Гомель пагаварыла з Юрасём Дзешуком пра яго хобі – нумізматыку.

Адкуль захапленне калекцыянаваннем манет?

– Нумізматыка – гэта такая навука, якая цесна звязана з гісторыяй, а я заўсёды цікавіўся гісторыяй. А ўсё пачалося з першай манеты, якую мне прывёз бацька з нейкіх заробкаў у Дзятлаўскім раёне. Мне было гадоў 8-9, і бацька мне прывёз 2 капейкі Паўла Першага 1801 года. Гэта такая вялікая манета. Капальнікі, якія ходзяць з металашукальнікамі, называюць гэтую манету “шайба”, бо яна вялікая, цяжкая, мядзяк такі. Гэта быў першы мой экспанат, з якога я “захварэў” гэтай “хваробай”. Я ўзяў гэтую манету ў сваю дзіцячую руку і падумаў, што трэба яшчэ збіраць нешта.

На Гомельшчыне шмат манет савецкіх ранніх, царскіх, імперскіх і мала ВКЛаўскіх, няма манет з Першай сусветнай, бо там фронт не праходзіў. На Гомельшчыне – уся Расейская імперыя, а на захадзе Беларусі – барацінкі з ВКЛ і польскія міжваенныя, да прыкладу

Так паціху пачала збірацца калекцыя: дзесьці знаходзіў манеты, дзесьці выменьваў, дзесьці нехта даваў.

– У мяне маці працавала на Бярозаўскім шклозаводзе ў аддзеле збыту прадукцыі, тады шклозавод шмат гандляваў з еўрапейскімі краінамі. Еўра яшчэ не было, у кожнай краіны былі свае манеты. Я ў мамы прасіў, калі прыязджалі людзі са Швецыі, Эстоніі, каб яна мне прыносіла па пару манетак. Гэта ўжо былі часы незалежнасці. Тады мая калекцыя вельмі папоўнілася манетамі, якія мне тады падаваліся рэдкімі. Швецыя! Шведскія манеты адрозніваліся ад савецкіх моцна. Збіраў манеты ў скрыначку – гэта была скарбніца мая дзіцячая. А калі падрос, пазнаёміўся ў Бярозаўцы з больш дарослымі нумізматамі, у каго вялікія калекцыі. У аднаго з іх, да якога я прыходзіў, вялікая калекцыя, там розныя краіны свету, манеты, раскладзеныя ў альбомы. Я тады вырашыў, што і мне трэба гэта сістэматызаваць. І пачаў складаць калекцыю.

Агулам у нумізматыцы ёсць розныя падыходы, гэта, кажа Юрась, неабсяжная тэма.

– Можна калекцыянаваць проста ўсё, што трапляецца – гэта мой прынцып. Ёсць тыя, якія збіраюць манеты наміналам “адзін”,  напрыклад, адзін талер, адна капейка і так далей. Нехта збірае манеты з манархамі, або толькі еўрапейскія ці азіяцкія. Некаторыя, хто мае грошы,  збіраюць розныя старажытныя манеты, срэбныя, залатыя, але гэта трэба купляць на аўкцыёнах. Ёсць тыя, хто збірае манеты ВКЛ: усе перыяды, усіх князёў, наміналаў, бо кожны князь свае чаканіў. Нехта збірае юбілейныя манеты.

6 грошаў Яна ІІІ Сабескага 1683 года. Соліды 1661 і 1663 гадоў, Ян ІІ Казімір

Агулам нумізматы ў большасці людзі скрытныя, асабліва пра свае калекцыі не распавядаюць. Але некаторыя паказваюць свае калекцыі на выставах, ёсць і тыя, якія перадаюць у спадчыну ў музеі, але потым лёс такіх калекцый робіцца няясным.

Металашукальнік і скарбы на беларускіх хутарах

З захаплення манетамі выйшла і іншае хобі Юрася – пошукі з металашукальнікам. Ён купіў металашукальнік з першага заробку пасля службы ў войску. І адразу паехаў “у паля”, шукаў вёскі, хутары, дзе былі старыя паселішчы. Або прыязджаў на вёску да бабы з дзедам і пытаў, дзе хутар які стаяў. Каля сваёй вёскі знаходзіў барацінкі ВКЛ 1660-х гадоў:

– Па гэтых манетах можна вывучаць гісторыю свайго краю. Гісторыя вельмі цесна звязана з краязнаўствам. Калі ты на месцы аднаго хутара знаходзіш манеты ВКЛ, манеты канца 18 – пачатку 19 стагоддзяў, Першай сусветнай вайны, і гэта ў метры адна ад другой. Там жа савецкія, польскія або царскія манеты, палушкі і так далей. Усе эпохі, усе дзяржавы.

5 грошаў 1811 года

На Гарадзеншчыне – шмат манет з ВКЛ, а на Гомельшчыне – ранніх савецкіх і з часоў Расейскай імперыі

– На Гомельшчыне польскіх манет не будзе, іх знойдзеш рэдка. У нас на Лідчыне, Воранаўшчыне, Наваградчыне, я знаходзіў шведскія манеты, да прыкладу, 1721 года 1 эрэ – срэбная, адчэканеная ўжо пасля руска-шведскай вайны. Былі часы, калі на нашых землях маглі хадзіць і шведскія манеты, і прускія, і ВКЛаўскія, і расейскай імперыі. На Гомельшчыне шмат манет савецкіх ранніх, царскіх, імперскіх і мала ВКЛаўскіх, няма манет з Першай сусветнай, бо там фронт не праходзіў. На Гомельшчыне – уся Расейская імперыя, а на захадзе Беларусі – барацінкі з ВКЛ і польскія міжваенныя, да прыкладу.

Пражскі грош – правобраз сучаснага еўра

1/2 гроша ці паўгрош Жыгімонта І Старога. 1511 год.

Невялічкі слоўнік

  • Барацінка, баратынка — дробная медная манета Рэчы Паспалітай.
  • Пражскі грош – манета, якая была пашырана ў Сярэднявеччы ў палове Еўропы, у тым ліку ў ВКЛ.
  • Палушка – расейская манета наміналам у палову дзяньгі. Срэбная манета, якая з’явілася ў канцы 14 ст.
  • Эрэ – разменная манета ў Даніі, Нарвегіі і Швецыі.
  • Паўгрош — срэбраная ці медная манета вартасцю ў палову гроша. Напрыклад, паўгрош Жыгімонта Аўгуста Старога.
  • Талер – буйная срэбная манета, якая ў 16-19 стст. хадзіла ў Еўропе.

Часам, калі трэба было разлічыцца, а не было рэшты, манету бралі і рассякалі папалам

Юрась Дзяшук цяпер жыве ў Польшчы. Выязджаючы з Беларусі з заплечнікам узяў у тым ліку з сабою блакнот з нататкамі пра сабраныя манеты. Значная частка калекцыі засталася ў Беларусі, таму марыць, каб аб’яднаць дзве часткі сваёй калекцыі: тую, што засталася, і тую, што сабраў ужо за мяжой. “Тады можна і якую выставу зрабіць”. Зараз шкадуе, што не можа сесці пагартаць свае альбомы, перабраць іх.

“Мне падаецца, што гэта захапленне больш людзей у гадах. Маладзейшага за сябе калекцыянера я не сустракаў, – смяецца Юрась.

– Мне цікава раскладваць манеты па гадах. Зараз таксама стаў набываць манеты перыядычна па адной, па дзве. І мне цікава потым сесці, разабраць год чаканкі, які матэрыял, пры якіх абставінах, дзе хадзіла, на якім манетным двары была адчэканена. Потым апісваю кожную манету і спадзяюся, што людзям будзе цікава. Падумаў, што трэба ж дзяліцца гэтай інфармацыяй.

У Юрася таксама ёсць невялічкая калекцыя банкнот, бо папяровыя грошы таксама трапляюцца. А ўвогуле ўсе, хто ведае Юрася Дзешука, ведае і тое, што ў яго “вока намётанае”. Ідучы нават па вуліцы, ён хутка знаходзіць манеты.  “Як сарока, бачу ўсё, што блішчыць”, – смяецца ён.

Знайсці новую манету, пасядзець і вывучыць яе – для мяне гэта кайф, адразу настрой падымаецца.

–  У Бярозаўцы ёсць тры школы, і ў кожнай школе я марыў зрабіць адкрыты ўрок па нумізматыцы, распавесці, якія манеты тут у нас хадзілі. Беларусь – гэта краіна скарбаў, у  нас быў не стабільны рэгіён, і людзі часта хавалі скарбы. У нас іх і знайшлі, і знаходзяць, а большасць яшчэ не знойдзеная. Кожны капальнік марыць і ведае, што дзесьці яго чакае ягоны скарб. Нехта можа возьме ў рукі манету, якой 700 гадоў – “ваў”, і пачне яшчэ больш любіць свой родны край.

Мова Гомель адмыслова для Штодня

Фота: Настасся Уткіна і прадастаўленыя героем матэрыяла.

 

 

Related posts

Сем фактаў пра веткаўскага краязнаўцу Аляксандра Нікіціна, якога асудзілі да калоніі за пратэсты

“Гомель – гэта маленькі Парыж”. Песні пра Гомель, якія вы маглі не ведаць

Як быць адкрытым ЛГБТ-актывістам з ВІЧ-пазітыўным статусам у Мазыры