Афішы па ўсім горадзе запрашаюць гомельцаў на канцэрт Вадзіма Самойлава, аднаго з удзельнікаў папулярнага ў 1990-я гады гурту “Агата Крысці”. У тыя часы музыка гэтага творчага аб’яднання сапраўды была чымсьці адметным і натхняльным для падлеткаў. Часам слухае гэтыя песні і сучасная моладзь. Але перад тым, як набыць квіток на канцэрт, раім паглядзець на асобу выканаўцы дарослымі вачыма.
Вось некаторыя факты з біяграфіі Вадзіма Самойлава, якія вы маглі не ведаць.
- У 2012 годзе быў даверанай асобай Пуціна на прэзідэнцкіх выбарах.
- З 2015 года неаднойчы ладзіў канцэрты ў так званых Луганскай і Данецкай рэспубліках, за што яму быў забаронены ўезд ва Украіну на тэрмін 5 год.
- У 2016 годзе даваў канцэрт для расейскіх вайскоўцаў у Сірыі.
- У 2018 годзе на канцэрце ў Мурманску прысвяціў песню тым, хто ваюе ў Сірыі і на Данбасе. Калі адзін з гледачоў вырашыў пасля такой прамовы пакінуць канцэрт, спявак звярнуўся да яго даволі абразліва, з выкарыстоўваннем ненарматыўнай лексікі. Інцыдэнт выклікаў шырокі рэзананс сярод мурманцаў, Самойлаў быў вымушаны пазней выбачацца. Але прабачэнні ён прынёс толькі за нецэнзурную форму, а не за змест.
- У 2021 годзе на фэсце «Ural Music Night»творца са сцэны пачаў крыўдзіць супрацоўнікаў “Ельцын цэнтра”, дзе адбывалася імпрэза, бо яму не спадабаліся іх ліберальныя погляды. Потым пайшлі абразлівыя выкрыкі ў адрас прадстаўнікоў ЛГБТ. І зноў не абышлося без нецэнзурнай лексікі.
- У 2022 годзе падтрымаў уварванне Расеі ва Украіну, публічна агучваў асноўныя міфы расейскай прапаганды. З кастрычніка 2022 года ўнесены ў санкцыйны спіс Украіны як асоба, што распальвае варожасць.
Трэба адзначыць, што гомельцы не надта спяшаюцца на канцэрт скандальнага выканаўцы. Афішы з рэкламай з’явіліся больш чым месяц таму, але вольных месцаў у зале процьма. Магчыма, што частка квіткоў набывалася цэнтралізавана прарасейскімі арганізацыямі.
Падобна, што адыгралі сваю ролю палітычныя погляды музыкі і ягоная варожасць да іншадумцаў. Але таксама верагодна ўздзеянне і эканамічнага чынніка. Кошт квіткоў 64–99 бел. руб. ніяк нельга назваць высокім. Але для асоб з заробкам 600–1000 бел. руб. (а такіх на Гомельшчыне не так ужо і мала), асабліва напярэдадні пачатку новага навучальнага года, і гэтая сума з’яўляецца даволі значнай.