“Нягеглы” і “глёкі”, а можа “какора”? Беларуская мова – невычарпальная ў сваім багацці

Беларускі блогер, журналіст, папулярызатар беларускай мовы Васіль Ядчанка пачаў новы спецпраект “Тутэйшыя словы”. Распыталі ў Васіля пра гэты спецпраект, а таксама пра яго любімыя словы на роднай гаворцы.

ТУТЭЙШЫЯ СЛОВЫ

Васіль, у вас распачаўся новы праект “Тутэйшыя словы”. Распавядзіце пра яго, калі ласка.

– “Тутэйшыя словы” – гэта спецыяльны праект у межах майго асноўнага праекта “Мова ад Васіля”. Бо “Мова ад Васіля” – мая асноўная плынь, і ў яе межах з’яўляюцца нейкія спецпраекты. Самы яскравы прыклад – гэта “Мова ў працы”, але і раней я ствараў такія, можна сказаць, рубрыкі, як “Хто хоча стаць беларусам?” (гэта паводле “Хто хоча стаць мільянерам?”). Некаторыя іншыя, напрыклад, як сказаць па-беларуску нейкія ўстойлівыя выразы. І вось цяпер “Тутэйшыя словы”.

 

 

“Мова ў працы”, зразумела, што гэта звязана з рознымі працамі, дзеяннямі, інструментамі. “Тутэйшыя словы” навязваюць да рэгіянальных гаворак…

– Так, гэта медыяпраект, накіраваны на захаванне і папулярызацыю рэгіянальных асаблівасцей беларускай мовы. І гэта адна з асноў нашай нацыянальнай ідэнтычнасці. “Тутэйшыя словы” – такая спроба захаваць, сабраць тое, што цяпер знікае, ці маўчыць, таму што ўсё менш і менш людзей размаўляюць і ведаюць такія тутэйшыя словы.

 

Вы хочаце ахапіць усе рэгіёны Беларусі, ці больш сканцэнтруецеся, скажам, на Гомельшчыне, якая вам асабіста блізкая?

– Вядома ж, Гомельшчына назаўсёды ў маім сэрцы. Так, можа я з гэтага буду пачынаць, таму што мне прасцей. Я ўзгадваю сваю бабулю Тамару, якая з Буда-Кашалёўшчыны. Узгадваю сваю бабулю Надзею, якая з Хойніцкага раёна. У іх была вельмі цікавая мова. Але, вядома, гаворка будзе пра ўсю Беларусь. І тут гэта залежыць не толькі ад мяне і нашай невялічкай каманды, гэта залежыць і ад падпісчыкаў, і ад гледачоў, якія ўжо дасылаюць у праект вельмі цікавыя словы. Калі я напісаў пра гэты праект, людзі пачалі дасылаць мне некаторыя асаблівасці, як кажуць у тым ці іншым рэгіёне. Вось мне піша сяброўка, што яна з Браслаўшчыны, і ведае, што:

КАКОРА — гэта тоўсты дранік-блінец на ўсю патэльню.  ВЯПЛА або РАГВЭЛЯ — гэта такі нягеглы чалавек.

Мая бабуля казала “нягеглы”, а вось на Браслаўшчыне Вяпла або Рагвэля. Цяпер ідзе такі падрыхтоўчы перыяд, калі мы збіраем словы. І іх так шмат, што я нават не ведаю, як усё гэта сістэматызаваць, бо ёсць вельмі цікавыя і розныя напрамкі. Таму адразу ў мяне ўзнікаюць нейкія падпраекты ў межах гэтага спецыяльнага праекта. Можна нешта казаць пра ежу, можна нешта казаць пра прылады працы, бо беларуская мова – гэта сапраўды такое невычарпальнае багацце.

А калі вы прыгадваеце свае тутэйшыя словы, што першае прыходзіць вам на думку?

– Я гэтае слова ўжо і назваў, гэта “нягеглы”, яно ў мяне з дзяцінства ўвайшло. Ведаеце, калі вас свараць за нешта, то гэта нават запамінаецца больш. І так на нас з братам сварылася бабуля Тамара. Маю сястру малодшую яна тады называла словам “выскаць”. Або слова “ГЛЁКІ”. Ведаеце што такое “глёкі”? Памятаю, як бабуля казала: “Го, дай мне мяшок бульбы, дык я яго і на глёках прыбяру”.

Такіх слоў вельмі шмат, і я хачу, каб мы іх выкарыстоўвалі, і каб гэта было нешта большае, чым проста забаўляльны кантэнт. Так, будзе весела і цікава па форме, але трэба разумець, што гэта сучасны інструмент працы з культурай памяццю. Мы забіраем, захоўваем і вяртаем у публічную прастору элементы нашай нематэрыяльнай спадчыны. Гэта рэгіянальныя словы, магчыма, традыцыі, мясцовыя формы мовы, якія перадаваліся з пакалення ў пакаленне, але сёння, на жаль, апынуліся пад пагрозай знікнення.

ЗА КОЖНЫМ СЛОВАМ – ЖЫЦЦЁ

 

– Разумееце, за кожным словам – жыццё. Вось я ўзгадаў “глёкі”, узгадаў Буда-Кашалёўшчыну. Дронькі – гэта вёска, адкуль родам мой бацька. Я быў зусім маленькі, але маю такія кароткія ўспаміны, як я стаю на ганку, там бабуля мая, а гэтай вёскі ўжо няма, бо яна трапіла ў Чарнобыльскую зону, і ўсё. Мы былі ў пасёлку Баявое, таксама яго ўжо няма, але мы ездзілі праз гэтыя пасты ў Чарнобыльскую зону і маці паказвала мне, што вось тут была іх хата, а тут яна з сёстрамі ледзь не ўтапілі парсюка. Ведаеце, калі пра гэта размаўляеш, яно становіцца жывым, і я хачу, каб наша мова, тутэйшае слова, гэта ўсё было жывым.

Тым больш, што носьбіты гэтых слоў многія адышлі ў іншы свет або адыходзяць, і ў будучыні не будзе ад каго збіраюць гэтыя словы…

– Так, так, мы памятаем і яшчэ хто-небудзь. Дарослыя 35-55 гадоў, яны з тугой глядзяць на тое, як сыходзіць з жыцця мова іх бацькоў. Таму трэба гэта збіраць і збіраць. Я тут спадзяюся і на беларусаў у Беларусі, і на дыяспару, гэта сотні тысяч людзей, якія захоўваюць мову. Людзі хочуць быць пачутымі, і мы будзем слухаць, адказваць па-беларуску, з усмешкай абавязкова, з любоўю. Будзе цікава. У мяне ёсць ужо ідэі працягу. Будзем рабіць, каб беларуская мова не была музейнай мовай, а была жывой, моднай, сваёй. Таму што мова — такі спосаб жыцця.

Васіля Ядчанку ды яго кароткія забаўляльныя відэа лёгка знайсці, у тым ліку ў TikTok, Youtube і Instagram.

Штодзень
Выкарыстаныя фота і відэа Васіля Ядчанкі, у тым ліку з яго сацыяльных сетак.

 

Related posts

Рэспубліканская акцыя “Чысты чацвер”. Гомельскі вопыт выкарыстання таннай рабсілы распаўсюджваецца па Беларусі

На афішах “Славянскага базару” няма месца беларускай мове

Самы вядомы гомелец пакараны за сцяг і герб