Вызваляюць амаль увесь другі паверх. Выключэнне – два службовыя памяшканні і пакой псіхалагічнай разгрузкі супрацоўнікаў банка – усяго каля 800 квадратных метраў.
Адпаведную аб’яву на сваім сайце размясціў Камітэт дзяржаўнай маёмасці Гомельскага аблвыканкама.
Будынак быў пабудаваны ў 1912 годзе па праекце пецярбуржскага архітэктара Оскара Мунца для аддзялення Руска-Азіяцкага банка, які ў далейшым спецыялізаваўся на гандлі з Кітаем.
Візітнай карткай гэтага будынка стаў высокі купал і паўкруглая кутняя частка пабудовы. У цэнтры купала размясцілася фігура бога гандлю Меркурыя і алегарычная жаночая скульптура. А пад карнізам быў размешчаны надпіс «Руска-Азіяцкі банк».
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі банк перайшоў ва ўласнасць бальшавікоў.
Больш за 100 гадоў будынак, які ўключаны ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь, выкарыстоўваўся выключна для патрэб банкаўскіх устаноў.
Напэўна, усім у Гомелі вядома, што зараз гэты будынак знаходзіцца ва ўласнасці Галоўнага ўпраўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь.
«Ну калі ўжо нават у Нацбанка справы так дрэнна ідуць, то дакладна край», – прыкладна так на навіну аб здачы памяшкання банка ў арэнду рэагуюць мясцовыя жыхары.