Пра што думалася, калі ў Гомелі гулі сірэны

by ZB

Колькі дзён таму ў Гомелі гулі сірэны – правяралася апавяшчэнне на выпадак паветранай трывогі. І ад гэтага было вусцішна. Не ад тужлівых пранізлівых гукаў, а ад самой сітуацыі. Як пад гэтае скавытанне, за якім надыходзяць разбурэнні і смерці, можна  займацца штодзённымі справамі, гадаваць дзяцей, планаваць дні, спадзявацца на лепшае, верыць у будучыню?

Гэтак жывуць цяпер украінскія сем’і. Гэтак жыла мая бабуля з раённага гарадка на Палессі, якая была зусім дзяўчынкай падчас ІІ Сусветнай вайны.

– Калі немцы толькі прыйшлі, то больш-менш чалавечнымі былі, – распавядала бабуля  Вера. – Пачуваліся ў нашай хаце упэўнена, як у сябе дома. Смяяліся, жартавалі, на  губным гармоніку гралі. Заб’юць, бывала, з раніцы якую курыцу ці гуску і матцы маёй нясуць, на пальцах тлумачаць, каб ім зварыла ці пасмажыла. А як наядуцца – астачу нам аддаюць. Часам кавалкамі цукру частавалі і нават шакаладкай. Матка тады быццам усміхалася, што немцы лепей за бальшавікоў – бо тыя ў свой час усё ўшчэнт забралі – і зерне, і бульбу, і хлеў па бярвенням звезлі… Усміхалася, а вочы сумныя-сумныя былі.

Жыццё чалавечае ў акупацыю працякала амаль як звычайна – людзі сустракаліся,  спраўлялі вяселлі і святы, у выходныя кірмашы ладзіліся. Матка ў калгас на палявыя работы хадзіла, бацька ў той час прызваны быў.

 Горш за ўсё было, калі немцы сталі адыходзіць, а нашы войскі з баямі набліжацца. Лётчыкі нашы асабліва не разбіраліся і не цырымоніліся з жыхарамі, бамбілі ўсіх запар –  і немцаў, і сваіх.

Мы не капалі акопы каля хаты, як суседзі. Толькі пачуем гул самалётаў – адразу ўсёй сям’ёй выскокваем з дому і хаваемся ў склеп, пакуль тыя не праляцяць ці не адбамбяцца. Вакол гуло, уздрыгвала зямля.

А як немцы адступалі, адчуваючы паразу – то зусім пазвярэлі. Зразумелі, што зямля іхняй  ніколі не будзе, што народ не скарыцца –  усё і ўсіх выпальвалі на сваім шляху.

Страшна было, цяжка было. Ды няма горшай долі як жыць без волі – і не трэба нам тыя шакаладкі.

Такія ўспаміны, бадай, усё яшчэ жывуць ледзь не ў кожнай сям’і. Рэха той вайны яшчэ гучыць і ўплывае на наша жыццё. Голад, страх адсутнасці ежы, страх смерці і страты блізкіх, сорам за забойства іншых, віна за тое, што выжыў, калі памерлі блізкія – усё гэта адклікаецца цяжкім грузам у трэцім і чацвёртым пакаленні нашчадкаў.

Мяне вельмі абурае, як дзяржава ставіцца  да гісторыі. Як маніпулюе прыдуманымі фактамі, як выстаўляе напаказ выключна “вялікую перамогу”, быццам гора і страшэннага кровапраліцця і не было ніколі.  У выніку паняцце “вайна” падсвядома атаясамліваецца з чымсьці святым, справядлівым і годным.

Памяць – гэта адчуванне, а не гістарычны набор фактаў, калі ёю можна маніпуляваць. Ёсць паняцце «палітыка памяці» – фармальна яно ўвайшло ў гістарычны і палітычны ўжытак у 80-я гады.

Гісторыя, па сутнасці, – гэта праўда пераможцаў. Вось толькі гэтая гістарычная праўда сапраўднай праўдзе часта не адпавядае.

Такім чынам у моладзі выгадоўваецца патрыятызм? Вы забылі, таварышы,  што патрыятызм – гэта любоў да радзімы, яе культуры і гісторыі, а не да рэжыму.

І калі б у нашым грамадстве замест “можам паўтарыць” распаўсюджвалася думка “ніколі зноў”, то 9 траўня быў бы днём смутку, а не шашлыкоў і гулянняў. Можа тады б быў шанец не дапусціць сучаснай вайны ва Украіне, бо няма нічога больш каштоўнага, чым чалавечыя жыцці.

 

Штодзень

Мар’яна Ліс

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png