Несучасны твар беларускай інфармацыйнай палітыкі – Міністэрства інфармацыі Беларусі займела новы лагатып

 

Фота: mininform.gov.by

 

Указ № 277 «Аб афіцыйных геральдычных сімвалах Міністэрства iнфармацыi» ад 15.07.2025 г. зацвердзіў новы выгляд лагатыпа галоўнага інфармацыйнага цэнтра краіны. Падобна, што супрацоўніцтва паміж рознымі беларускімі інстанцыямі наладжана дрэнна. Іначай Міністэрства культуры павінна было падказаць Міністэрству інфармацыі пра наяўнасць у Беларусі саюза дызайнераў, якія тэарэтычна маглі б заняцца рэбрэндынгам галоўнага сімвала дзяржаўнай установы. А так складваецца ўражанне, што дызайн замаўлялі «па тэндары» – хто прапануе больш танны варыянт.

Афіцыйны лагатып Міністэрства інфармацыі Беларусі выглядае як сімвал мінулага, пры тым што ён прадстаўляе дзяржарганізацыю, якая мусіць быць у лідарах медыйных і тэхналагічных трэндаў.

Візуальна кампазіцыя нагадвае стыль 1990-х: цяжкі, масіўны шрыфт, негарманічная кампазіцыя. Выкарыстанне авальнай формы з радыяльнай “святлом” у цэнтры выглядае архаічна і не адпавядае сучасным прынцыпам мінімалістычнага дызайну, дзе перавага надаецца чысціні, простым лініям і адаптыўнасці да розных носьбітаў (надрукуйце такі лагатып на асадцы, і ён будзе нечытабельны). Прынцып «менш значыць больш» не ўласцівы беларускай лагатыпатворчасці, якая прадугледжвае размяшчэнне максімальнай колькасці элементаў.

Цэнтральны элемент лагатыпа – абстрактная фігура з беларускім арнаментам – выглядае недастаткова выразна. Такі недакладны візуальны код не спрыяе ідэнтыфікацыі брэнда. Калі прыбраць надпіс з лагатыпа, і ніхто не адкажа, якой арганізацыі ён належыць.

Але з іншага боку, магчыма менавіта такі «дызайн» лепш за ўсё адлюстроўвае стыль працы і ўзровень сучаснасці Міністэрства інфармацыі Беларусі.

Штодзень

Слайдар пастоў