“Нельга быць абыякавым перад абліччам зла”: Марэк Эдэльман

by ZB

Ураджэнец Гомеля, выбітны польскі дзеяч, адзін з кіраўнікоў паўстання ў Варшаўскім гета і ўдзельнік знакамітага Варшаўскага паўстання. Таленавіты кардыёлаг. Марэк Эдэльман сваім несамавіта насычаным на падзеі жыццём, упэўнена ўвайшоў у польскую гісторыю, але ў Гомелі пра яго чулі не многія.

Мова Гомель раскрывае старонкі цяжкага, шмат у чым трагічнага, але натхняльнага жыццёвага лёсу выбітнага земляка.

Марэк Эдэльман. 2000 год. Фота: Цэзары Пецольд/AG

ГОМЕЛЬ. ЗАБЫТАЯ СТАРОНКА БІЯГРАФІІ

Марэк Эдэльман нарадзіўся 19 верасня 1919 года ў Гомелі. Гэта найбольш пашыраная дата яго нараджэння, бо, як гэта і бывала ў тыя часы, даты нараджэння або запісвалі не дакладна, альбо пазней людзі самі свядома гэтую дату змянялі. У выпадку Марэка Эдэльмана вядома таксама, што пасля завяршэння Другой сусветнай вайны ён назваў месцам свайго нараджэння Варшаву, баючыся трапіць пад рэпатрыяцыю ў Савецкі Саюз.

Марэк Эдэльман паходзіў з беднай яўрэйскай сям’і. Яго маці – Цэцылія Эдэльман, у дзявоцтве Пярцоўская. Бацька – Натан Фелікс. Маці была актыўнай дзяячкай яўрэйскай сацыялістычнай партыі Бунд (Усеагульны яўрэйскі рабочы саюз у Літве, Польшчы і Расіі). У тыя часы Бунд акурат набіраў папулярнасць. Бацька быў звязаны з рускімі сацыялістамі-рэвалюцыянерамі, так званымі эсэрамі. Марэк ад пачатку рос у атмасферы разумення неабходнасці падтрымання сваёй нацыянальнай культуры, у далейшым ён ніколі не забываў пра свае карані, а пасля вайны часта падкрэсліваў сваю прывязанасць да яўрэйскіх традыцый.

Фота: Albert Zawada / Agencja Gazeta

Бацька Эдэльмана памёр рана, у 1924 годзе, а маці пастанавіла пасля гэтага пераехаць у Варшаву. Аднак ёсць і іншая версія. Нібыта рашэнне пра пераезд маці Эдэльмана прыняла пасля таго, як бальшавікі расстралялі адзінаццаць яе братоў (такую версію падае Яўрэйскі гістарычны інстытут). Так ці іначай, пасля пераезду ў Варшаву і маці хутка памерла (у 1934 годзе), таму асірацелага Марэка ўзялі пад апеку сябры маці, Салек і Роза Ліхтэнштэйн.

 

ВАРШАВА. ГЕТА. ПАЎСТАННЕ

 

Вырасшы ў атмасферы грамадскай і палітычнай актыўнасці, Марэк Эдэльман і сам хутка далучыўся да Сацыялістычнага саюза моладзі “Будучыня” (Cukunft), які ідэйна быў звязаны з Бундам. А пазней стаў чальцом Бунда. У 1939 годзе, пасля нападу фашысцкай Нямеччыны на Польшчу, ён разам з сябрамі рушыў на ўсход, аднак гэтае падарожжа завяршылася яшчэ перад Брэстам, які ў палове верасня быў заняты немцамі, а потым у горад увайшлі саветы. Эдэльман вярнуўся ў Варшаву. Яшчэ ў 1939 годзе пачаў выдаваць падземную газету “За вольнасць нашу і вашу”. У 1942 быў адным з арганізатараў Яўрэйскай баявой арганізацыі – ŻOB.

Як і шматлікія іншыя, трапіў у Варшаўскае гета, дзе працаваў кур’ерам у педыятрычным шпіталі. На ўласныя вочы бачыў смерць тысяч яўрэяў, якія паміралі ад голаду, холаду або былі расстраляныя. Бачыў таксама, як нацысты масава вывозілі яўрэяў у лагер смерці ў Траблінцы, некаторых з іх ён уратаваў перад пасадкай у цягнікі, якія ехалі ў смяротны рэйс.

Мурал у Варшаве. Фота: Стэфан Раманюк/AG

Марэк Эдэльман быў апошнім кіраўніком ŻOB. Падчас паўстання ў гета ў красавіку 1943 года ён кіраваў пяццю баявымі групамі, якія прымалі ўдзел у найбольш цяжкіх баях з фашыстамі. Разам з невялікай групай удзельнікаў паўстання яму ўдалося праз каналы ўцячы з тэрыторыі гета. Пазней доўгі час хаваўся, а ў 1944 годзе ўзяў удзел у Варшаўскім паўстанні, якое хоць і скончылася трагічна, але стала сімвалам нязломнасці і змагання супраць нямецкай акупацыі…

У міжчасе ён сустрэў і сваю будучую жонку – Аліну Марголіс. Першы раз яны сустрэліся яшчэ ў гета, а пазней Аліна выратавала свайго будучага мужа, выносячы яго з горада на насілках пасля паразы Варшаўскага паўстання. Яна ішла па замініраванай тэрыторыі босая, бо думала, што калі будзе без абутку, то міны не выбухнуць.

АСАБІСТАЕ. АНТЫСЕМІТЫЗМ. АПАЗІЦЫЯ

Пасля вайны ў 1946 годзе Марэк Эдэльман пераехаў у горад Лодзь, дзе паступіў у медыцынскую акадэмію. Спецыялізаваўся ў кардыялогіі. Яго жонка, Аліна Марголіс-Эдэльман, была лекарам-педыятрам. У пары нарадзіліся двое дзяцей: сын Аляксандр і дачка Анна.  Аднак пасля таго, як польскія камуністычныя ўлады распачалі антысеміцкую кампанію, абодвух звольнілі з працы, не прынялі іх дысертацыі… У 1968 годзе Аліна вырашае пакінуць Польшчу і накіроўваецца ў Францыю, але Марэк застаўся. Ён не ўяўляў свайго выезду. Не мог пакінуць месца гібелі тысяч сваіх суайчыннікаў і нават называў сябе “ахоўнікам яўрэйскіх магіл”… На працягу гадоў ён не бачыўся з сям’ёй, польскія тагачасныя ўлады не хацелі выдаваць яму пашпарт.

Марэк і Аліна Эдэльманы. 1988 год. Фота:  Bohdziewicz/reporter/East News

Марэк Эдэльман амаль ніколі не ўдзельнічаў у афіцыйных урачыстасцях, прымеркаваных да гадавіны паўстання ў Варшаўскім гета, але заўсёды, на працягу паўстагоддзя, 19 красавіка ехаў у Варшаву, каб стаць каля помніка Герояў Гета і пакласці букет жоўтых нарцысаў, сімвалаў паўстання. Ён не верыў у Бога, казаў, што не было Бога ў гета, “дзе ён быў”?

У далейшым Марэк Эдэльман усё ж працягнуў сваю медыцынскую практыку, а ў другой палове 1970-х гадоў далучыўся да апазіцыйнай дзейнасці. Дзейнічаў у знакамітай “Салідарнасці”, быў арыштаваны. Удзельнічаў у размовах падгрупы па справах здароўя ў рамках Круглага Стала. Пасля 1990 года працягнуў палітычную актыўнасць, у тым ліку ў шэрагах Дэмакратычнай партыі. Стаў членам камітэта пабудовы Музея гісторыі польскіх яўрэяў POLIN. У 1989-1993 гадах быў дэпутатам Сейма Рэчы Паспалітай.

Лодзь, 1980 год. Фота: PAP/Maciej Billewicz

Аднак найперш ён быў лекарам, адным з распрацоўшчыкаў метаду правядзення кардыялагічных аперацый у стане шырокага інфаркту. Распрацаваў адзін з наватарскіх метадаў лячэння хвароб сэрца, які ўратаваў жыцці шматлікіх людзей.

АПОШНІЯ ГАДЫ ЖЫЦЦЯ

На працягу двух апошніх гадоў жыцця Марэк Эдэльман жыў у сваёй сяброўкі Паўлі Савіцкай у Варшаве, якая казала пра яго: “У прынцыпе ён быў нясмелым чалавекам… Калі ён меў рацыю, то звычайна казаў, “бо я ёсць мудры жыд”, але ў пэўным моманце пачаў дадаваць: “стары, мудры жыд”. Да канца жыцця ў ім жыў хлопец, непакорлівы, бунтаўнік, які ходзіць уласнымі дарогамі”.

Марэк Эдэльман памёр вечарам у шабат, 2 кастрычніка 2009 года сярод блізкіх асоб. Апошні спачын ён знайшоў на яўрэйскіх могілках у Варшаве. Годам раней памерла яго жонка, яе пахавалі ў Парыжы, але таксама сімвалічна каля мужа.

Фота: W. Skrypczak / Alamy Stock/Bew

Марэк Эдэльман любіў паўтараць, што нельга быць абыякавым перад абліччам зла. І гэтыя словы сёння надалей актуальныя…

Штодзень

Выкарыстаныя матэрыялы: Żydowski Instytut Historyczny, isralove.org, polin.pl

 

 

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png