“Чулі пра лямешку? Дык вось менавіта яе я ўчора рабіла. Паводле рэцэпта, які мне далі, лямешка робіцца на патэльні, як тоўсты-тоўсты блін, але вельмі смачны тоўсты блін”. Так напісала Наталля Дзінкель у сябе на старонцы ў фэйсбуку.
“Калі і дзе з’явілася лямешка, я не знайшла. Ёсць у слоўніку Насовіча пра яе:
[ЛЯМЕХА, ЛЯМЕШКА] ЛЕМЕХА и ЛЕМЕШКА, -и, с. ж. 1) Соломата. Зъ грецкой муки лемешка лѣпѣй, чимъ-си сь аржаной. 2) перен. Густо сваренное кушанье. Наварила не клёцок, а лемехи, лемешки; и ложкою повернуць трудно.
Таксама знайшла, што пра лямешку пісаў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч у сваім творы “Вечарніцы”:
Боршч са сланінай на стол паявіўся,
Кісла верашчака за ім з каўбасой,
Грэцкімі блінамі абрусок пакрыўся,
А да*лі крупнік з парасём стралой
Ляцеў у тарэлкі: вячэра святая!
Бадзялася тут жа лямешка густая,
Пансак — ягляная са скваркамі каша,
То яда мужыцка! — то пацеха наша!
І яшчэ тут:
“…Дый да верашчакі лямешкі дабавіць…”
Праўда, тут гаворка ідзе як пра рэдкаватую страву. Думаю, што з гэтага проста развілася пасля. Дарэчы, падумалася, што ў печы было б шыкоўна зрабіць лямешку.”
Прыведзены Наталляй рэцэпт, — з Гомельшчыны.
“Рэцэпт мне даў чалавек з Гомельшчыны, у якога яшчэ прабабка гатавала так.
Для цеста трэба ўзяць: малака і вады (2:1, думаю, можна і 1:1), 1 яйка (можна 2, тады смак будзе іншы), мука, соль, троху соды (пагасіць). Цеста мусіць быць вадкае. Дадаём тлушчу альбо алею на патэльню недзе на палец (мо троху менш) і наліваем туды цеста таўшчынёй дзесьці з палец.Смажыць лямешку да залацістага колеру. Есці з малаком.”