“Не бацька ён болей”. Шчырыя аповеды тых, у каго канфлікт са сваякамі на глебе палітыкі

by ZB

Вайна ва Украіне і палітычны крызіс у самой Беларусі развялі па розныя бакі барыкад многія сем’і. Карыстальнікі сацыяльных сетак дзеляцца, як палітычная сітуацыя стала нагодай для канфліктаў са сваякамі. Хтосьці спрабуе проста не размаўляць пра палітыку. А хтосьці разрывае стасункі надоўга.

Некаторыя беларускія сем’і рассварыліся яшчэ ў 2020-м, калі пачаліся масавыя акцыі пратэсту

 

Гамяльчанка Таццяна Кублашвілі, якая праз рэпрэсіі вымушаная была пакінуць Белаусь, распавяла “Штодню” пра свае няпростыя адносіны са сваім бацькам.

“Бери детей, возвращайся в Гомель!” Такія словы я пачула ад свайго бацькі 3 красавіка, потым — 30 красавіка, і павінна была пачуць зноў учора, але, на шчасце, мы ўвечары былі на шпацыры і прапусцілі выклік. Амаль год, пакуль мы былі ў Польшы, ён ані разу не патэлефанаваў і не напісаў нам. Але пачалася вайна. І вось я чую: “Беларусь – самое безопасное место. Возвращайся!”. Які пахвальны клопат, толькі чамусьці я не дзякую за яго, а пасылаю бацьку ўслед за расейскім ваенным караблём, туды, куды ідуць усе аматары “рускага міра” і “вайнуразвязалаАмерыка”, “расеянеможапрайграць”. Усе, калі ласка, праходзьце туды. І бацька таксама. Да і не бацька ён болей — клічам яго паміж сабой зампалітам, кім ён гадоў 30 таму працаваў у аэрапорце. Зампалітам быў, зампалітам і застаўся. Злачынства супраць чалавечнасці — гэта злачынства супраць чалавечнасці. Забойства нявінных — гэта забойства нявінных, незалежна, родзічы яны табе ці не. 

Ці спадзяюся я на нейкае паразуменнне? Шчыра кажучы, не. Гэтыя пытанні ўжо былі заданыя ў іншай форме, і зампаліт застаўся зампалітам, перестаўшы быць татам. Ён нават грузінам і беларусам быць перестаў, бо зганьбіў абодзьве паловы сваёй крыві: і грузінскую, і беларускую. Яго сям’я — гэта салаўёў з кіселёвым, такім быў яго выбар. Можна лічыць мяне жорсткай, я нават не буду гэтага адмаўляць. Але я не маю ані рэсурсу, ані жадання рабіць выгляд, што лічу дапушчальнымі кантакты з людаедамі. Не цяпер. Можа нават ніколі.

 

Вайна ва Украіне развялі па розныя бакі барыкад многія беларускія сем’і

 

Важны момант, які я хацела б растлумачыць: У 2020 мой тата годзе займаў больш мяккую пазыцыю наконт выбараў і пратэстаў. Я бы назвала яе папросту камфармісцкай, бо зводзілася яна да тэзы “я на баку сілы”. А сілу, у яго разуменні, мае той, у каго дубінкі і аўтазакі. Я памятаю, як яго рыторыка станавілася больш жорсткай і абрастала прапагандысцкімі штампамі па меры нарастання жорсткасці ў рыторыцы расейскай прапаганды наконт беларускага пытання. (Мяркую, што беларускую прапаганду ён не глядзіць, бо яе узровень занадта нізкі). Але я не схільна апраўдваць бацьку замбаваннем блакітнага экрана.

Ён чалавек адукаваны, эрудзіраваны, начытаны, я б казала, што ягоны інтэлект значна вышэй за сярэдні. Таму пры ўсём жаданні нельга сказаць, што прапаганда цалкам маніпулюе яго пазіцыяй, і апраўдваць яго тым, што “дурню задурылі галаву”. Не, гэта ягоны выбар, больш, ці менш усвядомлены. І ад гэтага становіцца балюча, калі твой родны даволі разумны чалавек прымае бок экзістэнцыйнага зла, перастае бачыць простыя рэчы і называць іх сваімі імёнамі.”

Даведка. Таццяна Кублашвілі – гомельская актывістка і былая выкладчыца БелДУТа. Жанчына звольнілася ў знак пратэста ўвесну 2021 г. і з’ехала з сям’ёй з Беларусі. Зараз яна разам з мужам і дзецьмі жыве ў Польшчы.

Пра канфлікты паміж сваякамі праз палітыку распавяла і Кацярына:

“Мае бацькі актыўна падтрымлівалі пратэсты ў 2020-м годзе, у адрозненне ад брата маёй маці, які з’яўляецца мясцовым чыноўнікам. Дзеці дзядзькі цяпер працуюць у дзяржаўных структурах і ў міліцыі, яны ўдзельнічалі ў прадзяржаўных мітінгах у жніўні 2020 г., працягваюць гэта рабіць і цяпер. Пасля пачатку расейскай ваеннай агрэсіі ва Украіне, я з’ехала ў Літву, а мая сястра з дзецьмі – у Польшчу. Сям’я дзядзькі перастала зносіцца з  намі, з нашай сям’ёй, а сам дзядзька пасварыўся з сястрой (то бок з маёй маці) праз “спецаперацыю”, аперуючы тым, што ва Украіне фашысты, а мая маці глядзіць не тое тэлебачанне. Абсурд дасягнуў вышэйшай кропкі, калі ў госці прыехаў адзіны блізкі родзіч са старэйшага пакалення, які ўсё жыццё пражыў у Латвіі. Ніхто з прадстаўнікоў дзядзькінай сям’і, ні ён сам не толькі не прыехалі ў госці, але нават не патэлефанавалі.”

 

Марк Мядзведзеў, якога не зразумеў бацька

 

У 2020 годзе разгарэўся канфлікт паміж гомельцам Віталіем Мядзведзевым і ягоным сынам Маркам, байцом ММА, які выйшаў на рынг святкаваць перамогу з бел-чырвона-белым сцягам. У адказ ягоны бацька запісаў відэа на фоне сцяга БССР, у якім заявіў, што не мае дачынення да пратэстаў, а на святы вывешвае трохметровы сцяг СССР. Да відэазварота ён далучыў фрагмент з фільма пра Тараса Бульбу. (Нагадаем, у Гогаля Тарас Бульба забівае свайго сына са словамі “Я цябе спарадзіў, я цябе і заб’ю!”).

Штодзень https://t.me/shtodzien

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png