Найбуйнейшае возера Гомельшчыны зарыбляюць белым амурам

Але лавіць рыбку за "бясплатна" нельга

by ZB

У самае вялікае возера Гомельшчыны – Чырвонае – запусцілі буйную партыю белага амура колькасцю амаль у 7 тысяч асобін. Згодна паведамленням прэс-службы Нацпарка “Прыпяцкі”, гэтай акцыяй выкананая палова нарматыву па зарыбленні вадаёма.

Белы амур – прамысловы гатунак рыбы, завезены ў Беларусь у 1960-х гадах з Кітая. Ад таго часу гэтую рыбу з сямейства карпавых разводзяць у рыбгасах краіны. У прыродных умовах Беларусі белы амур не памнажаецца, затое вырастае да досыць вялікіх памераў. Пры гэтым рыба здольная вытрымліваць нізкія тэмпературы і не надта патрабавальная ў плане харчавання. Зарыбленне гэтым гатункам возера Чырвонае праводзіцца для прамысловых мэтаў, а таксама для арганізацыі платнай рыбалкі.

Дарэчы, некалькі гадоў таму, у 2019 годзе, мясцовыя жыхары змагаліся супраць перадачы возера Чырвонае ў арэнду парку “Прыпяцкі”. Палешукі збіралі подпісы, ладзілі стыхійныя сходы супраць платнай рыбалкі. І гэтыя пратэсты часткова мелі вынік. Так, для жыхароў вёсак Вятчынская рудня, Дзякавічы, Дуброва, Замошша, Ляхавічы і Пухавічы рыбалка будзе бясплатнай, калі рыбак не будзе выкарыстоўваць падчас лоўлі больш за 5 кручкоў і не вылавіць за суткі больш за 5 кг на аднаго чалавека. Што праўда, для доступу да лоўлі ўсё адно трэба атрымаць бясплатны пропуск, для чаго варта ехаць у адміністрацыю Нацпарка. А вось грамадзянам, якія не пражываюць блізу Чырвонага, давядзецца плаціць за рыбную лоўлю.

Штодзень
Фота: з сайта Нацпарка “Прыпяцкі”

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png