Гомельцаў прымушаюць скарыстацца безальтэрнатыўнай машынай часу: сярод спіса артыстаў, якія могуць выступіць на Дні горада, няма ніводнага сучаснага ці беларускага выканаўцы.

Фота: тэлеграм-канал У. Прывалава
Жыхарам Гомеля прапанавалі выбраць спевака, які прыедзе на свята горада восенню 2025, у адмысловай апытанцы. Гэта вельмі нагадвае сітуацыю з удзелам у арганізаваных для супрацоўнікаў дзяржаўных прадпрыемстваў мерапрыемствах. Можна выбраць, паехаць на турслёт, ці пранесці транспарант на дэманстрацыі, але нельга выбраць тое, што сапраўды цікава, не кажам ужо пра магчымасць увогуле ні ў чым не ўдзельнічаць.

Скрыншот з тэлеграм-канал У. Прывалава
Асноўныя наведвальнікі вечаровых канцэртаў – моладзь. Але ніводнага сучаснага артыста ў спісе няма. І справа зусім не ў тым, што сярэдні ўзрост удзельнікаў 66,6 год (самаму маладому 61 год, старэйшаму – 74). Стынг, напрыклад, у свае 74 гады дае выдатныя канцэрты, цікавыя рознаўзроставай публіцы.
Росквіт творчасці прапанаваных «зорак» прыйшоўся на 1980–1990 гады. З таго часу у іх творчасці не было ніякай трансфармацыі і развіцця. Усе, на што яны здольныя – прапеў даўно неактуальных кампазіцый тым жа чынам, як гэта рабілася 30 год таму. І калі ў 1990 гады беларусы ўсё яшчэ жылі ў цеснай узаемасувязі з расійскім інфаполем і слухалі такую музыку, то сёння Беларусь – самастойная, еўрапейская, краіна, са сваёй культурай і бачаннем свету.
Нават пры татальнай эміграцыі артыстаў з Беларусі за апошнія гады можна было б знайсці вартых увагі музыкаў (ці запрасіць іх з Грузіі, Малдовы ці нейкіх іншы краін, якія яшчэ не занеслі канчаткова нашу краіну агрэсараў), якія неслі б нейкі іншы фармат культуры, а не прымітыўны «рускі мір».