На зямельны ўчастак Леаніда Судаленкі наклалі арышт

У аграгарадку пад Гомелем арыштавалі зямельны ўчастак, які знаходзіўся ва ўласнасці Леаніда Судаленкі. Падставай для такіх дзеянняў стала адкрыццё 1 лістапада чарговай крымінальнай справы ў дачыненні да вядомага праваабаронцы (артыкул 361-4 КК “іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці”).

Леанід Судаленка Фота: з асабістай старонкі ў ФБ

“Якое дачыненне мой участак мае да “злачынства”, у якім мяне падазраюць лукашысты? Я, вядома, накіраваў запыт у раённы Следчы камітэт, які вядзе супраць мяне справу, каб прыслалі на электронную пошту пастанову аб тым, што з’яўляецца падставай для арышту маёй зямлі. Ужо месяц прайшоў і адказу я не атрымаў. Яны маўчаць. Гэты арышт для мяне нічога не значыць. Я як карыстаўся сваёй зямлёй, так і буду карыстацца…”, – пракаментаваў у размове з выданнем “Хартыя’97” сітуацыю Леанід Судаленка.

У каментары Штодню ён дадаў: “Я не ведаю, якое дачыненне можа мець зямля да таго, у чым мяне спрабуюць абвінаваціць? Складваецца ўражанне, што гэта банальная помста, з’ехаў, не замаўчаў, дык атрымай! А закон у краіне сёння сам па сабе. Зямля ў мяне ў пажыццёвым спадчынным валоданні!

Даведка. Леанід Судаленка — палітвязень, кіраўнік ліквідаванага ўладамі Гомельскага аддзялення Праваабарончага цэнтра “Вясна”. Больш за 20 гадоў займаецца праваабарончай дзейнасцю, аўтар траціны з усіх скаргаў на Беларусь у Камітэце ААН па правах чалавека, лаўрэат ордэна “Свабода-роўнасць-братэрства” Французскай Рэспублікі. Праваабаронца дапамагаў пісаць скаргі затрыманым падчас акцый пратэсту, абараняў у судзе звольненых “за палітыку” рабочых. Пасля падзей 2020 года быў абвінавачаны ў парушэнні народнага арт. 342 КК “Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх”, у выніку чаго яго пазбавілі волі на тры гады ва ўмовах калоніі агульнага рэжыму. У жніўні 2023, адразу па выхадзе з калоніі, быў вымушаны з’ехаць за мяжу.

Штодзень

 

 

 

 

Related posts

Сёння гадавіна пачатку Еўрамайдана – шматмесячных акцый пратэсту ва Украіне, якія моцна паўплывалі і на Беларусь

Як быць адкрытым ЛГБТ-актывістам з ВІЧ-пазітыўным статусам у Мазыры

Штосьці для «Штодня». Вядомыя гомельцы выказваюцца ў падтрымку медыярэсурса