Стыхійныя звалкі ўтварыліся каля двух Навасёлак і Юркавічаў дастаткова даўно і відавочна набылі ў вяскоўцаў статус звыклага месца складавання смецця, пракаментаваў сітуацыю начальнік Веткаўскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Павел Атрошчанка.
У звалцы яны знайшлі будматэрыялы, канапы, крэслы, падгузнікі, красоўкі і іншае бытавое смецце. Разбірацца з гэтым павінны будуць уладальнікі засмечанай зямлі: «Гомельагракамплект» і Радужскі сельскі выканкам.
Раённая інспекцыя заявіла пра планы адносна ўсталявання фота- і відэапастак у месцах найбольш частага парушэння грамадзянамі прыродаахоўнага заканадаўства.
Што праўда, далейшыя планы на гэтыя матэрыялы ўражваюць: іх збіраюцца публікаваць у раёнцы («не здзіўляйцеся, калі ў адным з найбліжэйшых нумароў газеты вы ўбачыце фота свайго суседа, які звальвае на краі поля шыфер з прычэпа мотаблока»). Падобная публікацыя фота без дазволу разыходзіцца са спробамі ўладаў любым коштам абараніць асабістыя звесткі тых жа чыноўнікаў і сілавікоў.
Праблемы са смеццем актуальныя і для іншых рэгіёнаў Гомельскай вобласці. Вядома пра праблемы з вывазам смецця з кантэйнераў у Рэчыцы, стыхійныя звалкі ў Рагачове (там таксама разважаюць пра размяшчэнне фотапастак) і Гомелі.