Украінскія выратавальнікі працягваюць ліквідацыю наступстваў расейскага ўдару па саркафагу Чарнобыльскай АЭС, паведамляе прэс-служба Дзяржаўнай службы па надзвычайных сітуацыях Украіны.
Саркафаг, пашкоджаны ў выніку атакі ў ноч на 14 лютага 2025 года, быў пабудаваны над старым аб’ектам «Укрыццё», які ізалюе чацвёрты блок, разбураны ў выніку выбуху ў 1986 годзе.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што ўдар быў нанесены расейскім БПЛА з фугаснай баявой часткай. Пажар быў патушаны.
17 лютага ўкраінскі бок паінфармаваў, што спецыялісты цяпер займаюцца частковым ускрыццём канструкцый сховішча і тушэннем трох ачагоў тлення ўцяпляльніка даху.
З дапамогай БПЛА з цеплавізараў пастаянна маніторыцца сітуацыя. Радыяцыйны фон на прампляцоўцы ЧАЭС застаецца ў межах нормы, гаворыцца ў паведамленні ведамства.
Штодзень
Фота: dsns.gov.ua