На «Рэчыцадрэве» новы кіраўнік, пасля 2020 года гэта ўжо трэці дырэктар

Падчас «кадравага дня» старшыня аблвыканкама Іван Крупко зацвердзіў на пасаду генеральнага дырэктара «Рэчыцадрэў» намесніка Сяргея Балачкова. Адзін з мінулых кіраўнікоў прадпрыемства запомніўся праяўленнем выключнай лаяльнасці да ўладаў ў 2020 годзе, але доўга пасля гэтага не пратрымаўся.

Сяргей Балачкоў

У аблвыканкаме адзначаюць, што Балачкоў прапрацаваў на «Рэчыцадрэў» доўгі час, апошнія тры гады быў намеснікам дырэктара па вытворчасці. На сайце прадпрыемства ён таксама прадстаўлены, як выконваючы абавязкі гендырэктара.

Пра Сяргея Балачкова публічна вядома няшмат, у асноўным ён даваў інтэрв’ю пра вытворчасць. Адзінае, што можна з нацяжкай назваць праявай палітычнай пазіцыі – заява ў даўнім інтэрв’ю мясцовай раёнцы пра настальгію пра СССР (бо гэта «бяскрайнія прасторы»).

Ягоная жонка Ірына Балачкова ўзначальвае рэчыцкі прадзяржаўны прафсаюз. Яна перад рэферэндумам 2022 года запісала зварот, дзе сказала, што «прафсаюзы Рэчыцы падтрымліваюць новую канстытуцыю». Друкаваная версія на «Гомельскай праўдзе» моцна адрозніваецца і ўтрымлівае таксама яе сцвярджэнне пра тое, што «няправільна выказваць сваё меркаванне на вуліцы, руйнуючы крамы або падпальваючы машыны».

Раней амаль 10 год «Рэчыцдрэў» узначальваў Валерый Тулейка. Ён якраз запомніўся вялікай падтрымкай рэжыму ў 2020 годзе, быў дэлегатам Усебеларускага народнага сходу, раней дэпутатам абласнога савету. Пра яго пішуць: «Прымушаў працаўнікоў ААТ «Рэчыцадрэў» прымаць удзел у праўладных акцыях і мітынгах у падтрымку Лукашэнкі, а тым, хто ісці не хацеў, пагражаў звальненнем».

Акрамя дрэваапрацоўкі, Тулейка таксама ўзначальваў рэчыцкую футбольную каманду. Ідэя завесці яе ў горадзе «прыйшла ў галаву» ў 2017 года пасля даручэння Аляксандра Лукашэнкі. Што цікава, каманда праіснавала роўна да таго моманту, як Тулейка ўзначальваў «Рэчыцадрэў» (да ліпеня 2021 года), а пасля знялася з розыгрышу праз праблемы з фінансаваннем.

У 2021 годзе з калектывам развітаўся публічна, яму ўручылі грамату і букет кветак.

На яго месца на нядоўгі час быў прызначаны яшчэ адзін намеснік дырэктара па вытворчасці Дзмітрый Буткоўскі. Ад ягонага імя ў 2022 годзе таксама з’явіўся зварот у падтрымку рэферэндуму: «Вельмі важна, што прапанаваныя змены ў Канстытуцыю накіраваны на захаванне сацыяльна арыентаванага развіцця эканомікі, міру і згоды ў грамадстве, трыумф законнасці і парадку». Яшчэ ў лютым 2023 ён атрымаў юбілейны медаль і грамату за вялікі ўклад, а ў сакавіку 2023 года ён распавядаў пра цяжкія часы для прадпрыемства. Абставіны яго звальнення невядомыя.

Як і Тулейка, Буткоўскі пасля гэтага знік з публічнай прасторы.

Штодзень

Related posts

«Дэпутат» правёў прыём грамадзянаў, пад час якога да яго ніхто не прыйшоў

Сем пуцёвак на мора былі выдзеленыя для больш 600 чым дзяцей з інваліднасцю ў Гомельскай вобласці

У Чарнігаве афіцыйна адкрылі і асвяцілі памятную дошку ў гонар Кастуся Каліноўскага