На Гомельшчыне стварылі атрады апалчэння

У Гомельскай вобласці сфарміраваны атрады народнага апалчэння. Па словах намесніка міністра ўнутраных спраў Беларусі – камандуючага ўнутранымі войскамі Беларусі Мікалая Карпянкова, атрады прайшлі падрыхтоўку пры дапамозе байцоў унутраных войск і змогуць у разе патрэбы са зброяй у руках абараніць не толькі сябе і свае дамы, але і Айчыну. Ці вучылі апалчэнцаў, як абараняцца ад рэальнай пагрозы – расійскіх дронаў, што ляцяць праз гомельскую вобласць ва Украіну і ствараюць небяспеку мясцовым – чыноўнік не ўдакладніў.

На нарадзе калегіі УУС у Гомелі М. Карпянкоў распавёў, што ў памежных раёнах Гомельшчыны праведзена праца з мужчынамі, што не падлягаюць прызыву, ці старэйшымі за 50 год. Сфарміраваныя з іх атрады народнага апалчэння дапамагаюць прыкрываць важныя аб’екты, населеныя пункты, выстаўляць блок-пасты.

М. Карпянкоў на нарадзе ў Гомелі. Фота: belta.by

 

Па словах зам. міністра, як піша БелТА, стварэнне атрадаў народнага апалчэння прывяло да нечаканага выніку: узровень злачыннасці з рэгіёне знізіўся на 60%.

Вынік настолькі нечаканы, што ў Сярэднявеччы гэты факт мог бы стаць падставай для кананізацыі апалчэнцаў (у тыя часы царкве не было патрэбы мець дакументальныя пацвярджэнні, навуковыя доказы ці хаця б статыстычныя дадзеныя – як зараз дзяржаўным СМІ і чыноўнікам). Хочацца спадзявацца, што такім жа цудадзейным стане ахова ад расійскіх дронаў узброеных аўтаматамі Калашнікава апалчэнцаў. Бо іначай як на цуд спадзявацца няма на што.

Штодзень

Related posts

Прапаганда замест карыснай інфармацыі

Пакуль яны сядзяць. Як змяніўся свет з 2020 года

Стала вядома, чаму зменшылі зялёную зону на Савецкай