На Гомельшчыне прадпрыемствы адчуваюць дэфіцыт кадраў

Вырашыць хранічную праблему дэфіцыту кадраў у чарговы раз спрабуюць у Гомелі. 18 ліпеня адбудзецца чарговы «Кірмаш вакансій» для беспрацоўных.

 

 

Упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ў чарговы раз запрашае жыхароў Гомеля, не занятых у эканоміцы, на сустрэчу з патэнцыйнымі працадаўцамі (камунальнымі прадпрыемствамі «Цэнтральнае», «Савецкае», «Чыгуначнае», «Сяльмашаўскае», «Навабеліцкае»; ДП «Чырвоная гваздзіка», філіяламі «Гомельаблаўтратранс» і ААТ «Гомельхлебпрам».

Такія мерапрыемствы робяцца ўсё часцей, але сумнеўна што яны могуць вырашыць праблему кадравага голаду. Буйныя памеры адтоку працоўнай сілы ў ЕС, старэнне нацыі, магчымасць працаваць фрылансерам у любой краіне – істотныя чыннікі, праз якія ўсе працадаўцы сутыкаюцца з цяжкасцямі ў пошуку персаналу.

Але найгоршае становішча менавіта на дзяржаўных прадпрыемствах. Вакансій там значна больш у сувязі з неабходнасцю звальнення супрацоўнікаў праз палітыку (а палітыкай ў Беларусі могуць палічыць нават выпадак, калі чалавек, напрыклад, спампаваў недзе ў 2019 годзе неабходны для працы вытворчы каляндар з рэсурсу, што пазней прызналі экстрэмісцкім). Не ўсе ахвотныя працаўладкавацца на дзяржаўнае прадпрыемства пройдуць праверку ў праваахоўных органах. Да таго ж шмат хто не жадае у нагрузку да працоўных абавязкаў атрымаць абавязковае (і неаплочваемае) наведванне ідэалагічных мерапрыемстваў і аддае перавагу прыватным прадпрыемствам.

На дадзены момант на сайце «Мая рэклама. Гомель» маецца 5038 вакансій, на «Праца.бай» – 1589. Але гэтая даныя не адлюстроўваюць рэальнага памеру праблемы. Размяшчэнне абвесткі з вакансіяй на азначаных сайтах для працадаўцаў платнае. Калі патрэба ў кадрах хранічная, вакансій шмат, а фінансавы стан дрэнны, прымаецца рашэнне эканоміць і шукаць працаўнікоў іншым шляхам. Напрыклад, праз «Кірмашы вакансій».

Штодзень

Слайдар пастоў