З 80 афіш мерапрыемстваў на сёлетнім «Славянскім базары» толькі на чатырох можна пабачыць беларускую мову
Такую прапорцыю можна патлумачыць тым, што пераважная колькасць артыстаў прыехала з Расіі – «Славянскі базар» апошніх год ужо не з’яўляецца міжнародным фестывалем. Але і да беларускіх праектаў ёсць пытанні.
Не здзіўляе адсутнасць беларускага складніка ў афішах Дзідзюлі, Пятра Ялфімава ці NIKAMUZA. Гэтыя беларусы па паходжанню ніколі не атаясамлівалі сябе з беларускай культурай. Але чаму арганізатары выставы «Культурное наследие Беларуси» (Музей беларускага мастацтва і культуры Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь) не палічылі родную мову за частку культурнай спадчыны Беларусі і не дадалі яе на афішу?..
Яшчэ адну сумную тэндэнцыю канстатуе і адна з афіш, напісаных па-беларуску. Беларусы часцей за ўсё далучаюцца да сусветнай культуры не напрамкі, а праз расійскі, адаптаваны варыянт.
У арыгінальнай версіі казкі Ханса Крысціяна Андэрсена галоўную гераіню завуць Tommelise (ад дацкага слова tommel, што значыць «вялікі палец», і паказвае на маленькі рост дзяўчынкі). У іншых мовах яе імя перакладалася адпаведна мясцовым традыцыям, напрыклад, Thumbelina па-англійску, Däumelinchen па-нямецку, Mignolina па-італійску, Palčinka па-чэшску, Palculienka па-славацку.
У рускай версіі перакладчыца Ганна Ганзэн не знайшла адпаведніка з пальцам і прыдумала прыдатны для рускай мовы варыянт з дзюймам. Падобна, што беларускія перакладчыкі не валодалі дацкай і перакладалі казку з рускай мовы. Але справа ў тым, што слова «дзюйм» у беларускай мове не існуе. Па-беларуску мы кажам «цаля». У некаторых сучасных (не савецкіх) перакладах гераіню завуць «Цалёвачка», але гэта ўсё роўна беларуская адаптацыя райскай, не арыгінальнай версіі. Але ёсць і варыянт «Пярсцяначка» – цалкам самастойны, беларускі. Калі не падабаецца – нішто не перашкаджае прыдумаць свой, аўтэнтычны і беларускі, варыянт.
Беларуская мова – гэта не дадатак да чужой культуры, а самастойны феномен з уласнай традыцыяй, эстэтыкай і голасам. Пакуль нават у “Культурным наследии Беларуси” яе няма, цяжка гаварыць пра паўнавартаснае адраджэнне.