«Мы адна вялікая сям’я». Пасля ўрагану жыхары Мазыра дапамагаюць адно аднаму вадой, электрычнасцю і шукаць родных

А вось дзеяннямі ўладаў задаволеныя далёка не ўсе

by ZB

Ва ўмовах павольнага разгортвання дапамогі ад дзяржавы жыхары Мазыра самаарганізоўваюцца. Да гэтага часу ў мясцовых чатах ідуць паведамленні пра тое, што вада і электрычнасць з’явіліся не ва ўсіх гараджанаў.

Дапамога

«Зыходзячы з сітуацыі людзі, калі камусьці нешта трэба, гэта значыць вада, электрычнасць, бясплатна прыходзьце каля «Святлафора», як ехаць на сользавод», – напісаў К. у лакальным чаце.

«Можам даць вады ў разумных межах», – напісала Т.

«Ёсць вада, калі камусьці трэба, падыходзьце са сваёй тарай», – прагучала прапанова ад М.

«Дзякуй велізарны дзяўчыне, якая не адмаўляе і набірае ўсім ваду са сваёй хаты», – пісаў падпісчык тэлеграм-канала «Мазыр».

«Такіх шмат, і, вялікі дзякуй, той якая нам дапамагла. Гэта была іншая», – адказала Д.

І такіх паведамленняў было як мінімум з дзясятак. Справа ў тым, што ў горадзе было толькі 5 сталых кропак, дзе можна было набраць ваду. Чэргі да іх былі даволі даўгія. Жыхары горада нават паведамлялі, што з адной з іх у «хуткую дапамогу» забралі дзяўчыну.

Таксама людзі, у якіх былі генератары, давалі магчымасць зарадзіць ад іх мабільныя тэлефоны і іншую электроніку суседзям.

«Пра фота з генератарамі, дзякуй вам вялікі, простыя мазырчукі! Вось так павінны дзейнічаць нашы службы, у тым ліку і гарвыканкам. Яны, па фота глядзіш, у іх усе маніторы ўключаныя, святло, сядзяць усе акуратныя, папрасаваныя, паголеныя», – пісалі мясцовыя жыхары.

«Свет не без добрых людзей», – пісаў карыстальнік М.В.

«Дзякуй вялікі хлопцам, прынеслі генератары, як важна зараз аб’яднацца і быць разам, разам нас аб’яднала адно гора. Няма святла, вады, як цяпер разумееш, што мы адна вялікая сям’я», – напісала Ю.

 

У тэлеграм-канале напісалі таксама пра яшчэ адзін від дапамогі, які патрэбны ва ўмовах адсутнасці ў шмат каго сувязі: «Калі ў каго яшчэ не выйшлі родныя на сувязь. Напішыце ў каментарах раён, хто зможа схадзіць праведаць, адгукнецца і ў асабістыя можна ўзгадніць дакладны адрас».

У каментары спачатку пісалі людзі, у якіх сваякі ў Мазыры.

«У мяне там жонка і трое маленькіх дзяцей, я за мяжой, трэці дзень не магу датэлефанавацца», – напісаў А.

«Калі ласка! Маці на «хіміі» праз каментар у інтэрнэце ў падтрымку Украіны. Яны ўвогуле бездапаможныя. І не выходзяць на сувязь. Вельмі хвалююся», – хвалявалася C.L. O.D.

У адказ ім пісалі людзі, якія могуць схадзіць па адрасах і праверыць людзей.

«Выказваю велізарную падзяку дзяўчыне па імі Лізавета, якая адгукнулася на маю просьбу ў каментарах, і наведала маю сям’ю, якая знаходзіцца ў тым жа становішчы, як і шматлікія жыхары Мазыра, пакуль я знаходжуся далёка ад горада. Свет не без добрых людзей», – напісаў ананімны падпісчык мазырскага тэлеграм-канала.

Усё, канечне, не было выключна пазітыўна. Знайшліся і тыя, хто падняў кошты ў крамах (жыхары абменьваліся звесткамі, у якіх) пад час праблемаў у горадзе, а таксама прадаваў ваду і зараджаў тэлефоны за грошы.

«Праз дарогу чалавек ваду бясплатна раздаваў са свайго ўчастка, чарга стаяла да вечара. У нашай хаце давалі набраць з помпавай. А камусьці абы нажыцца на гаротнай сітуацыі, бо ў людзей проста выбару не было», – скардзіліся мясцовыя жыхары ў каментарах.

А вось «Белтэлеком», дзе шмат хто з гараджанаў зараджаў гаджэты, у нейкі момант вывесіў паперу з забаронай прыходзіць да іх дзецям.


«Якое дзікунства, гэта проста не нармальна. А як студэнтам зараджаць тэлефоны, ці дзецям якія ў бабуль?» – пыталіся жыхары.

Крытыка мясцовых уладаў

«Сітуацыю ў раёне кантралююць хлопцы з гарадскіх, раённых электрасетак… якія з нядзелі вечара да ўчорашняга вечара аднаўляюць лініі без ежы, вады, пра якія мясцовыя ўлады нават не падумалі», – напісала І.

Паводле яе, учора ёй тэлефанавалі адтуль, прасілі прывезці хлеба і вады, і толькі ўвечары энергетыкам падвезлі абеды.

«А ўлада дае справаздачу і ездзіць фота па горадзе робіць, што вада, запраўкі – усё працуе ў звычайным рэжыме. Салюты робім на свята, а генератараў па пальцах палічыць можна. Ганьба», – напісала яна.

Крытыкі ўладаў было сапраўды шмат.

«Не гатовыя былі нашы вышэйстаячыя людзі да такіх прыродных стыхій», – упэўнены С.К.

Выказваліся здагадкі, што ў чыноўнікаў у гэтай сітуацыі ёсць і вада, і святло, таму звычайным людзям трэба самаарганізоўвацца.

«Мазыране, мы малайцы. Мы сіла, разам мы справімся. Калі ёсць магчымасць, дапамагайце адно аднаму, родным і не забывайцеся пра братоў нашых меншых, ім яшчэ горш», – пісала J.

У прыватнасці, людзі не разумелі, чаму не было апавяшчэнняў, позна пачалі развозіць ваду, чаму было мала пунктаў з яе выдачай, чаму не было адразу генератараў, чаму было мала людзей на ліквідацыі наступстваў урагана. Некаторыя патрабавалі адправіць у адстаўку «мэршу», іншыя казалі, што яе ніхто не абіраў.

Былі і такія, хто верыў у вечны прынцып «Цар добры, гэта баяры кепскія»: «Гэта 100% не ўсё даложана Лукашэнку, ён бы ім хвост накруціў і праз дзень усё было зроблена адказна».

Гучалі таксама прэтэнзіі да адміністрацый вялікіх крамаў: «У Мазыры малыя пункты неяк дапамагаюць. Вада, хлеб (праўда не ва ўсіх), іншая прадукцыя. Працуюць з ліхтарыкамі і за наяўныя. Але працуюць. Вялізныя ж крамы, усе закрытыя, і нічога не купіш. Хаця б нават ваду прадалі б. Людзі стаяць за вадой, і прытомнасць губляюць».

Таксама прапаноўвалі раздаваць прадукты, хлеб, тое, што можна сапсавацца ва ўмовах адсутнасці электрычнасці.


А вось меркаванні, ці варта выходзіць дапамагаць камунальнікам падзяліліся.
«Па-добраму, трэба ўсім нам прыняць удзел у навядзенні парадку ў горадзе», – пісалі адны.

«Як толькі камунальнікі дапамогуць мне прыбрацца дома, дык я тут жа на суботнік», – адказвалі іншыя.

Не абышлося без гумару, у мясцовым чаце з’явілася прапанова: «Жанчына з 3 вёдрамі вады пазнаёміцца з мужчынам з асабістым генератарам. Узрост не важны».

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png