Падрабязнасці справаў, як і сутнасць абвінавачання, невядомыя. Як паведамляе ПЦ “Вясна”, у залежнасці ад ролі кожнага іх абвінавачваюць паводле 4 крымінальных артыкулаў: ч. 3 арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці); ч. 1 і ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім); арт. 369-1 КК (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь); арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі).
Гомельскі абласны суд пачаў разглядаць справу палітвязняў 14 верасня ў закрытым рэжыме. Працэс вядзе суддзя Сяргей Салоўскі.
Рагачоўскіх музыкаў TOR BAND, аўтараў шэрагу пратэстовых хітоў Яўгена Бурло, Дзмітрыя Галавача і Андрэя Ярэмчыка затрымалі разам з блізкімі 28 кастрычніка 2022 года. Спачатку ім некалькі разоў запар прызначалі 15 сутак арышту за ўдзел у здымках кліпаў, а затым перавялі ў СІЗА. Падчас знаходжання ў турме ў музыкаў значна пагоршылася здароўе. Як адзначаў “Штодзень”, сілавікі завалодалі таксама акаўнтамі музыкаў, у выніку чаго былі выдаленыя на афіцыйным ютуб-канале кліпы з мільёнамі праглядаў. Акрамя гэтага, гітару лідара гурта канфіскавалі за “стварэнне экстрэмісцкага кантэнту”.
Падтрымаць музыкаў з папулярнага рок-гурта можна ў тры спосабы:
– Зрабіць грашовы перавод;
– Адправіць на іх імя пасылку;
– Напісаць ліст падтрымкі.
Адрас для пераводу грошай і пошты:
СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А
Яўген Валер’евіч Бурло
Дзмітрый Валер’евіч Галавач
Андрэй Канстанцінавіч Ярэмчык