Музейная тэхніка і баявыя ябацькі: на Гомельшчыне праходзяць ваенныя вучэнні

Тэлерадыёкампанія “Гомель” паказала сюжэт пра ваенныя вучэнні з удзелам ваеннаслужачых запасу і байцоў нядаўна створанай тэрабароны. Прапагандысты распавялі пра агнявую падрыхтоўку на стрэльбішчы каля Ельску, прычым акцэнт рабіўся на засваенні вайскоўцамі архаічнай зянітна-кулямётнай устаноўкі ўзору 1940-х гадоў (ЗПУ-4).

Кадр з сюжэту ТРК “Гомель” з тым самым ЗПУ-4

Такія ўстаноўкі выкарыстоўваліся савецкай арміяй, напрыклад, пры задушэнні вызвольнага паўстання ў Венгрыі ў 1956 годзе і падаўленні Пражскай вясны ў 1968 годзе. У дадзены момант гэты від зброі можна ўбачыць у ваенных музеях свету. У прыватнасці, у Артылерыйскім музеі Санкт-Пецярбурга і Музеі нацыянальнай арміі М’янмы. Такім чынам, можна сказаць, што мясцовым тэлевізійнікам пашанцавала ўбачыць у дзеянні сапраўдны музейны рарытэт.

ЗПУ-4 у вайсковым музеі Санкт-Пецярбурга. Фота: Вікіпедыя

Аднак, акрамя выкарыстання састарэлых адзінак зброі, сюжэт цікавы з пункту гледжання асобаў, якія гаварылі ад імя выкліканых на зборы грамадзян.

Ваенкам Аршынаў

Ад імя “запаснікоў” выступалі ваенны камісар Мазырскага, Нараўлянскага і Ельскага раёнаў Андрэй Аршынаў. Ягоная прамова была лаканічнай. Але сам па сабе ваенкам з’яўляецца заўважнай постаццю: яго часта цытуюць з пагрозамі на адрас апанентаў улады і Украіны прарэжымныя раёнкі. Вось што ён, напрыклад, гаварыў у інтэрв’ю газеце “Жыццё Палесся” па слядах дыверсіі ў Мачулішчах, у выніку якой быў пашкоджаны расейскі лятак: “Тое, што адбылося каля аэрадрома Мачулішчы нельга назваць інакш як беспрэцэдэнтны тэрарыстычны акт. Такога ў гісторыі нашай краіны яшчэ не было. І тым важней вынікі аперацыі, якую правялі беларускія спецслужбы па затрыманні ўкраінскага тэрарыста і яго памагатых: спрацавалі ў вышэйшай ступені прафесійна, выявілі ўсе дзеянні дыверсанта і яго прыкрыццё ў дэталях. Гэты выпадак падкрэслівае градус геапалітычнага запалу вакол нашых межаў і пацвярджае відавочнае: Украіне не патрэбен мір.”

Не менш цікавым персанажам з сюжэту з’яўляецца жыхар Мазыра Сяргей Дарошка. Заядаемы палескімі мошкамі таварыш заявіў, што ўдзельнічае ў навучаннях у складзе тэрытарыяльнай абароны.

У 2000 годзе Дарошка скончыў Магілёўскую школу МУС, пазней уладкаваўся на Мазырскае НПЗ, дзе працуе дагэтуль. Але вядомы гэты чалавек перадусім сваімі спартовымі дасягненнямі ў гіравым спорце. У гэтай спартовай дысцыпліне ён займеў шэраг узнгарод на рэспубліканскім і міжнародным узроўнях, паставіў шэраг рэкордаў. Сяргея Дарошку можна часта ўбачыць з паказальнымі выступамі на прапагандысцкіх мерапрыемствах, якія ладзяцца супольна з міліцыяй.

Штодзень

Related posts

Сёння гадавіна пачатку Еўрамайдана – шматмесячных акцый пратэсту ва Украіне, якія моцна паўплывалі і на Беларусь

Штосьці для «Штодня». Вядомыя гомельцы выказваюцца ў падтрымку медыярэсурса

Як святары ўмешваюцца ў палітыку: кіраўнік Тураўскай епархіі пабачыў у вайне божы промысел, а гомельскай – агітаваў прыйсці на выбары