«Можна адабраць дом, статус, грошы, але не годнасць»

Апошнюю ўладальніцу знакамітага Гомельскага палаца ўспамінаюць кожны год 14 красавіка — у дзень яе смерці.

Фота: kraj.by

З тае пары мінула амаль стагоддзе. Ірына Паскевіч памерла ў 1925 годзе ва ўзросце 90 гадоў ад запалення лёгкіх. Апошнія гады яе жыцця былі вельмі цяжкімі. Пасля рэвалюцыі абсалютна ўся маёмасць княгіні перайшла савецкай уладзе. У жанчыны, якая прысвяціла гэтаму гораду ўсё сваё жыццё, не засталося нічога. І памірала яна не ў шыкоўным палацы, а ў маленькім сціплым пакойчыку.

Інтэр’ер спальні княгіні ў палацы. Фота: з альбома “Гомель-1911”

Калі чытаеш пра жыццё Ірыны Паскевіч, разумееш, што яна акурат і з’яўляецца прыкладам таго, што ў чалавека можна адабраць грошы, дом, статус, але не годнасць. Княгіня выдзяляла грошы на бальніцы, лазарэты, школы, арганізоўвала грамадскія сталовыя, укараняла тэхнічныя дасягненні ў інфраструктуру горада. Дарэчы, гэта яна спрычынілася да пабудовы водаправоду ў Гомелі, стварыла класічную мужчынскую гімназію, падарыла гораду каменны будынак для рамесных класаў мужчынскага прыходскага вучылішча, дзве пажарныя вышкі. Гэта з яе ініцыятывы ў горадзе быў створаны прытулак для дзяўчынак-сірот, дзіцячы прытулак гарадскога папячыцельства бедных і багадзельня для старых жанчын…

Герб князя Паскевіча, скінуты з парапета. Фота: з Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь

 

Фота: з Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь

Мала хто ведае, што менавіта Ірына Паскевіч пад псеўданімам Una russe («адна руская») пераклала на французскую мову раман Талстога «Вайна і мір». Гэты пераклад з’явіўся ў Францыі ў 1873 годзе. Таму ведайце: менавіта з перакладу Ірыны Паскевіч былі зроблены першыя пераклады «Вайны і міру» на ангельскую, венгерскую, галандскую, польскую і турэцкую мовы.

Сваіх дзяцей у княгіні не было, таму да чужых дзетак яна ставілася асабліва чуйна. Аднойчы з вуліцы яна забрала габрэйскага хлопчыка. Яго звалі Абрам Брук. Ён гандляваў булачкамі з макам, але марыў стаць лекарам. Ірына Іванаўна дапамагла спраўдзіцца гэтай мары. Пасля таго, як Брук атрымаў неабходную першапачатковую адукацыю ў Гомелі, княгіня накіравала яго вучыцца ў Швейцарыю на афтальмолага.

Аднойчы Ірына Іванаўна заўважыла, што ў горадзе і яго ваколіцах занадта шмат людзей пакутуюць на трахому, ды і ў самой княгіні ўжо былі праблемы са зрокам. І яна пабудавала спецыялізаваную лякарню, а потым яшчэ і падрыхтавала для яе цэлы шэраг высокакваліфікаваных лекараў – паспрыяла таму, што яны атрымалі неабходную адукацыю. Акрамя Брука, гэта былі Старавінскі, Аляксандраў, Васілеўскі. У 1912-м княгіня ініцыявала пабудову ў Гомелі гінекалагічнай бальніцы, радзільні.

А потым надышоў 1917 год. Праз тры дні пасля ўсталявання ў Гомелі савецкай улады княгіня Паскевіч перадала ўсю сваю маёмасць дзяржаве і назаўжды пакінула палац. Ёй нават не было дзе жыць. І тады ёй дапамог той самы габрэйскі хлопчык Абрам Брук, які ў той час ужо быў вядомым доктарам. Ён выдзеліў для княгіні пакойчык пры той самай лякарні, якую Ірына Паскевіч некалі і пабудавала. Пазней улады далі ёй маленькую кватэрку. Яна хварэла і памірала ў пакойчыку, а побач стаяў яе палац, які перадалі піянерам і музею.

Княгіню пахавалі ля сцен кафедральнага сабора святых Пятра і Паўла.

Сення, 14 красавіка, музейныя супрацоўнікі запрашаюць усіх жадаючых у Белую гасціную палаца Румянцавых-Пашкевічаў. Тым, хто наведваецца, распавядуць шмат цікавага пра жыццё і дзейнасць княгіні Паскевіч.

Штодзень

Related posts

Сёння гадавіна пачатку Еўрамайдана – шматмесячных акцый пратэсту ва Украіне, якія моцна паўплывалі і на Беларусь

Штосьці для «Штодня». Вядомыя гомельцы выказваюцца ў падтрымку медыярэсурса

Як святары ўмешваюцца ў палітыку: кіраўнік Тураўскай епархіі пабачыў у вайне божы промысел, а гомельскай – агітаваў прыйсці на выбары