«Мова нанова», незалежныя СМІ і сям’я Міхася Жызнеўскага: на каго яшчэ пісалі даносы на Гомельшчыне

«Кіберпартызаны» апублікавалі базу зваротаў у КДБ. Па іх звестках, за 9 год у спецслужбу паступіла каля 40 тысячаў паведамленняў. Паглядзелі, на каго і на што пісалі палітычныя даносы за гэты час жыхары Гомельшчыны, а таксама тыя скаргі, якія закранулі наш рэгіён.

  1. Сям’я Жызнеўскіх

Данос на Жызнеўскіх напісала Аляксандра Шышуліна з горада Белая Царква ва Украіне. «На тэрыторыі г. Гомель пражывае сям’я Героя Нябеснай Сотні М. Жызнеўскага. Людзі не самыя прыстойныя, якія дазваляюць сабе не толькі паліваць брудам ва ўкраінскіх СМІ сяброў нябожчыка, так і ваш урад і вашу арганізацыю ў тым ліку», – заявіла Шышуліна.

Жыхар Брагіна, які назваўся Эмануілам Знаменскім, інфармаваў пра тое, што ў Радзе прапануюць прысвоіць Міхаілу Жызнеўскаму званне Героя Украіне.

  1. «Мова нанова»

На моўныя курсы скардзіўся жыхар Гомеля Дзмітрый Казлоўскі: «Дадзеная арганізацыя не першы дзень займаецца падобнай адкрыта шкодніцкай дзейнасцю». Казлоўскі пабачыў  «адкрытую прапаганду экстрэмізму, выхаванне маладых у духу нацыяналізму і нецярпімасці да нашай гісторыі і спадчыны продкаў».


Апошняй кропляй для яго стала спяванне ўдзельнікамі курсаў кавера на песню «Родны край», як удакладняў Казлоўскі, «гурта які адкрыта выказвае свае сімпатыі фашысцкаму рэжыму на Украіне».

  1. Незалежныя СМІ

Аляксандр Рачкоўскі з Гомеля паведамляў: «Добры вечар. Канал БЕЛСАТ у адкрытую не толькі заклікае да масавага непадпарадкавання, забойства супрацоўнікаў праваахоўных органаў, але рэкламуе акцыі: калі, як і што рабіць».

Ён прапаную заблакаваць сайт, як і «Хартыю’97».

  1. «Правы сектар»

Данос на жыхара Гомеля Р.Н. напісаў жыхар Масквы, які назваўся Кірыл Знаменцаў. Паводле яго, беларус распальваў міжнацыянальную варажнечу і мог «мець адносіны да арганізацыі «Правы сектар».

Данос з абразамі на жыхара Гомеля А.К. напісаў Уладзімір Барсукоў. Ён скардзіўся, што ягоны сусед «дастаў са сваімі выказваннямі супраць Лукашэнкі, Пуціна, Беларусіі». Пісаў: «Стала ездзіць ва Украіну, да гэтых стварэнняў фашыстаў, да яго прыязджаюць з Украіны, пад пад’ездам машыны з украінскімі нумарамі. Ён кажа, што гэта сваякі. А хто ведае, што гэта сваякі ці “Правы сектар”».

  1. «Прапаганда супраць прэзідэнтаў Расіі і Беларусі»

Яшчэ адзін расіянін, які назваўся Генадзям Агеенкам з Барнаула, напісаў данос на жыхара Мазыра М.К.: «Вядзе прапаганду супраць Расіі і прэзідэнтаў Расіі і Беларусі», падпісаў заклік пра тое, што Пуцін павінны сысці.

  1. «Расія-тэрарыст»

«Прыміце меры, чалавек разносіць інфармацыю чутку пра тое, што Расія з’яўляецца тэрарыстычнай арганізацыяй у міры. Пры гэтым гэты чалавек выступае з пазіцыі беларуса», – напісаў пра жыхара Гомеля расіянін, які назваўся Арцёмам Дунаевым.

  1. Палітычныя апаненты

«Хачу праінфармаваць пра чалавека, які на маю асабістую думку магчыма схільны да дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне, бо ў сувязі з тым, што распаўсюджвае негатыўныя запісы аб сапраўднай уладзе ў краіне, склалася меркаванне, што ён падтрымлівае ідэю сілавога перавароту ўлады», – напісаў жыхар Жлобіна Валерый Міхальцоў.

Ён жа пазней паведамляў пра «галоўнага актывіста анархістаў».

На паклёп «у адносінах да прэзідэнта РБ і КДБ РБ» скардзіўся Дзяніс Сцепаненка з Рэчыцы. У іншым даносе ён паведамляў, што «бяспека краіны пад пагрозай» і патрабаваў «заблакаваць групу ў ВК» «Рэчыца без цэнзуры».

Чалавек, які назваўся супрацоўнікам БелДУТ Аляксеем Малахавым, свой данос назваў «зваротам ад неабыякавых людзей, якія вельмі любяць Беларусь, але вымушаныя жыць побач з вельмі дзіўнымі людзьмі». Скардзіўся ён на жыхара Гомеля А.С., які працуе на амерыканскі сайт і «рэгулярна выражаецца пра кіраўніцтва краіны», часам называе «простых выкладчыкаў» «ябацькамі, стадам дыктатара», «часта мае стасункі з замежнікамі праз месенджары… на ангельскай мове».

Аўтар даносу дзякуе КДБ за працу і «ахову нашай вялікай краіны ад захопнікаў і спонсараў бчб, фашыстаў і заможных IT-здраднікаў радзімы».

  1. Філіповіч піша ў КДБ. У КДБ скардзяцца на Філіповіча

Блогер Максім Філіповіч, які стаў праўладным, пісаў скаргу на міліцыянта, называючы сілавікоў з МУС «сяброўскай брыгадай».

«У КДБ ёсць свой незалежны следчы апарат, ёсць паўнамоцтвы і падведамнасць, каб выкрываць такіх бандытаў у органах «улады», таму патрабую правесці расследаванне па злачынцах», – пераконваў блогер.

Але і на самога Філіповіча паступалі даносы.

«Ён у маразы сядзіць у майцы на балконе і здымае свае ролікі. Вось узяць той жа відэа ролік зняты 9 лютага 2017г. Маразы былі па -20 градусаў. Я глядзеў у архіве надвор’я па г. Гомелі. Выснова адна, гэты разумнік Філіповіч вывеў батарэі на балкон і кажа, што яму цяжка жыць. Няма чым заплаціць за падатак на дармаеда», – напісаў ананім.

Сэнсоўная частка базы складаецца не з адных толькі даносаў на палітычных апанентаў. У Гомельскай вобласці ў КДБ спрабавалі скардзіцца і на карупцыю, працу самой структуры і міліцыі, нявыплату заробкаў, на арганізацыі, якія прасоўваюць ідэалогію рускага свету і расіян, якія ставяць пад сумнеў межы краіны, шукалі зніклых і рэпрэсаваных сваякоў, вырашалі асабістыя праблемы з маёмасцю. Туды ж «закладалі» і самагоншчыкаў.

Сярод тых, хто пісаў у КДБ знайшліся і тыя, хто хацеў працаваць у гэтай арганізацыі. Такіх было з Гомельскай вобласці больш за 15 чалавек.

Штодзень

Related posts

Сёння гадавіна пачатку Еўрамайдана – шматмесячных акцый пратэсту ва Украіне, якія моцна паўплывалі і на Беларусь

Штосьці для «Штодня». Вядомыя гомельцы выказваюцца ў падтрымку медыярэсурса

Як святары ўмешваюцца ў палітыку: кіраўнік Тураўскай епархіі пабачыў у вайне божы промысел, а гомельскай – агітаваў прыйсці на выбары