Мост праз Прыпяць у Мазыры хутка закрыюць

Самы аварыйны мост Гомельшчыны хочуць закрыць на рэканструкцыю раней за тэрмін і адрамантаваць на 100 гадоў наперад. Але, як высветлілася, пакуль што ўсё толькі на словах і паперы. У рэальнасці грошай пакуль няма. Гэтак жа, як і фінальнага праекта рэканструкцыі моста.

Фота: вікіпедыя

Так званы «Стары мост» у Мазыры быў пабудаваны ў 1958 годзе. Гэта другі па даўжыні мост у Беларусі (яго працягласць амаль кіламетр) і, па словах праекціроўшчыкаў, адзін з самых складаных.

Рашэнне аб яго рэканструкцыі было прынята Міністэрствам транспарту яшчэ ў 2019 годзе. Першапачаткова рамонт планаваўся распачаць у 2026 годзе, але з-за аварыйнага стану моста працэс прыйшлося паскорыць.

«Праектныя работы былі выкананы досыць хутка, скарочаныя ў тры разы», – пракаментавала журналістам кіраўніца аддзела праектавання мастоў на прадпрыемстве «Белгіпрадор» Антаніна Шаўчук.

Але таксама вядома (не ад чыноўніцы – Рэд.), што поўны праект рэканструкцыі моста не гатовы да гэтага часу.

Другі вельмі цікавы момант, які тычыцца рэканструкцыі моста, – пытанне грошай.

Мяркуючы па афіцыйных заявах, улады вырашылі вылучыць некаторыя сродкі на гэты год.

«Дзяржава выдзеліла 20 млн. рублёў авансу на гэты праект, гэтыя грошы павінны быць асвоены, адпаведна, у дадзены момант мы кароцім праектаванне, мяняем тэхналогію, выходзім на працы часткай праекта, каб пачаць у жніўні гэтага года – пачаць разборку збудавання. У канцы года будзе атрыманы астатні праект», – дадала ўсе тая ж Антаніна Шаўчук.

Але насамрэч аказалася, што тыя самыя 20 млн. рублёў, пра якія ідзе гаворка, дагэтуль не паступілі на патрэбныя рахункі. Чаму так -ніхто не каментуе.

«Мы іх чакаем ужо больш за паўгода»,- адзначыў намеснік гендырэктара па будаўніцтву прадпрыемства-заказчыка РУП «Гомельаўтадар» Сяргей Канакоў.

Мы пашукалі – і знайшлі цікавыя лічбы. Аказваецца, у адпаведнасці з дзяржзакупкамі 2021 года, якія так і не адбыліся, кошты на рэканструкцыю моста першапачаткова былі іншымі: лімітавы кошт першай чаргі будаўніцтва аб’екта на падставе распрацаваных інвестыцый на дату пачатку распрацоўкі каштарыснай дакументацыі складаў 125, 7 млн рублёў. Але ўжо цяпер гэтая сума нідзе не фігуруе.

Калі ўсе будзе добра і грошы пералічаць, ужо гэтым жніўнем «Стары мост» разам з Прымастовай плошчай закрыюць на тры з паловай года. Усяго трэба будзе рэканструяваць 13 км дарогі. Каб трапіць на левы бераг ракі, дзе знаходзіцца чыгуначная станцыя Пхоў, і ў Калінкавічы, аб’язджаць прыйдзецца па новым мосце, размешчаным на поўдзень ад «Старога моста».

Напрыканцы яшчэ адна вельмі цікавая падрабязнасць: калі рэканструкцыя ўсё ж пачнецца, то гэта будзе апошні рамонт моста на 100 гадоў наперад. Так анансуюць праекціроўшчыкі, якія плануюць гэты мост не толькі грунтоўна рэканструяваць, але і моцна перайначыць.

Штодзень

Related posts

Сёння гадавіна пачатку Еўрамайдана – шматмесячных акцый пратэсту ва Украіне, якія моцна паўплывалі і на Беларусь

Штосьці для «Штодня». Вядомыя гомельцы выказваюцца ў падтрымку медыярэсурса

Як святары ўмешваюцца ў палітыку: кіраўнік Тураўскай епархіі пабачыў у вайне божы промысел, а гомельскай – агітаваў прыйсці на выбары