У апублікаванай заяве мэра сталіцы ЗША Мюрыэл Баузэр гаворыцца, што святкаванне Дня Волі Беларусі “спрыяе прасоўванню і захаванню багатай гісторыі, мовы і культуры беларусаў у Вашынгтоне, акругі Калумбія, і ва ўсёй беларускай дыяспары”.
“Падтрымка незалежнасці, дэмакратыі і свабоды ў Беларусі адпавядае нашым каштоўнасцям абароны правоў чалавека, прасоўвання дэмакратычнага самакіравання і захаванню права на самавызначэнне”, – зазначаецца ў дакуменце.
Ураджэнец Гомеля, дзеяч беларускай дыяспары ў ЗША Вячаслаў Бортнік распавёў пра свае кантакты з вашынгтонскай мэрыяй наконт прасоўвання беларускай павесткі.
Вячаслаў Бортнік:
– Практыка абвяшчэння Дня Волі ў ЗША не новая. Пачынаючы ад 50-х гадоў мінулага стагоддзя, ён святкаваўся на ўзроўні розных штатаў, гарадоў і на федэральным узроўні. Беларусаў у свой час у гэты дзень віншавалі амерыканскія мэры, губернатары і прэзідэнты. Цікава, што на ўзроўні вашынгтонскай мэрыі Дзень Волі раней не святкаваўся. Справа ў тым, што ў амерыканскай сталіцы ніколі не было багата беларусаў. Дарэчы, калі ў 1949 годзе ў Нью-Йорку паўстала першая найбуйнейшая арганізацыя – Беларуска-Амерыканскае Задзіночанне (БАЗА), – дык вашынгтонская філія была ўтворана толькі ў 1979-м. Зразумела, Дзень Волі святкаваўся ў Вашынгтоне, але не на афіцыйным узроўні. Першы раз я паспрабаваў звязацца з вашынгтонскай мэрыяй на гэты конт больш за 10 гадоў таму, калі там працаваў мой сябар. Ён усё абяцаў-абяцаў, але так нічога не атрымалася. Тры гады таму я ўзяў справу ў свае рукі і вашынгтонскі мэр пайшла насустрач. Цяпер у нас даволі цесныя стасункі і Дзень Волі абвяшчаецца ўжо трэці год запар. Гэта важная падзея не толькі для некалькіх сотняў беларусаў, што жывуць у Вашынгтоне і яго ваколіцах, але для ўсіх беларусаў на радзіме і за яе межамі.