Мінінфармацыі адхрысцілася ад тг-канала “Желтые сливы”

Міністэрства інфармацыі адмовілася рэагаваць на зняважлівы кантэнт таксічнага пабліка “Желтые сливы”. Гамяльчук Ілля Міронаў атрымаў адказ на свой зварот, у якім раней прасіў дзяржаву вынесці папярэджанне аўтарам рэсурса, што распальвае нянавісць у грамадстве.

“Інфармуем, што тэлеграм-канал “Желтые сливы” не зарэгістраваны ў Міністэрстве інфармацыі ў якасці сеткавага выдання і, адпаведна, сродкам масавай інфармацыі не з’яўляецца (…). Мера рэагавання, якую Вы згадвалі ў звароце, ужываецца ў дачыненні да рэдакцый СМІ альбо ўласнікаў сеткавых выданняў (…). У Міністэрства інфармацыі адсутнічаюць паўнамоцтвы адносна адкрыцця ў дачыненні да асобаў, якія здзейснілі ўчынкі, што пасягаюць на парадак кіравання, адміністрацыйна-дэліктнага і крымінальна-працэсуальных вытворчасцей”, — зазначаюць аўтары адказу.

У дакуменце, падпісаным намеснікам міністра інфармацыі Ігарам Бузоўскім, аўтару звароту параілі звярнуцца ў суд для абароны гонару і годнасці.

Ілля Міронаў адказам з Мінюсту не задаволены. Валанцёр намераны і ў далейшым дабівацца прыцягнення да адказнасці людзей, адказных за напаўненне і вядзенне тг-канала “Желтые сливы”.

“Я хацеў бы падкрэсліць, што тэлеграм-канал “Желтые сливы”, у якога больш за 40 тысяч падпісчыкаў, існуе з пачатку 2021 года нават у друкаваным выглядзе, а іх улёткі распаўсюджваюцца на дзяржаўных прадпрыемствах, пра што паведамлялася на іх старонках. Ужо тады трэба было паставіць пытанне наконт адпаведнасці іх дзейнасці беларускаму заканадаўству. Цяпер я шчыльна займаюся гэтай задачай, паколькі хачу, каб выконваліся законы, а тыя, хто іх не выконваюць, прыцягваліся да адказнасці, у тым ліку крымінальнай. Адказ з Міністэрства інфармацыі чаканы. Я высветліў, што прапагандысцкі тг-канал не з’яўляецца СМІ, таму буду звяртацца ў суд і праваахоўныя органы. Я веру ў закон і парадак”, — зазначае Ілля.

Штодзень

Related posts

Сёння гадавіна пачатку Еўрамайдана – шматмесячных акцый пратэсту ва Украіне, якія моцна паўплывалі і на Беларусь

Як быць адкрытым ЛГБТ-актывістам з ВІЧ-пазітыўным статусам у Мазыры

Штосьці для «Штодня». Вядомыя гомельцы выказваюцца ў падтрымку медыярэсурса