Мілітарызацыя адукацыі: гомельскія школьнікі будуць слухаць ваенныя песні кожны перапынак

by ZB

У гомельскай школе №34 вырашылі далучыцца да акцыі “80 дзён да Перамогі” песнямі савецкіх часоў пра вайну. То бок кожны дзень беларускія сучасныя дзеці будуць праводзіць вольны ад урокаў час пад прыкладна словы “Это праздник / С сединою на висках.” Для дзяцей 6-17 год вельмі актуальныя словы пра сівізну. Аднак справа не столькі ў несучаснасці ваенных песняў савецкіх часоў, колькі ў навязванні ідэалогіі, якую цяпер прасоўваюць беларускія настаўнікі.


Дзень Перамогі як складнік савецкай прапаганды

Савецкі паэт Уладзімір Харытонаў напісаў верш “День Победы” да 30-годдзя перамогі. Дарэчы, перамога як неад’емны складнік савецкай прапаганды з’яўляецца пры Брэжневе. Да гэтага, з 1947 па 1964 год 9 траўня нават не было выходным днём. Паводле адной з версій, Сталін адмяніў святкаванне Дня Перамогі праз маршала Жукава, папулярнасць якога лічыў пагрозай для свайго становішча. Хрушчоў, які замяніў Сталіна на ягоным пасту і ўзяў курс на дэсталінізацыю, таксама не пагаджаўся на святкаванне Дня Перамогі, які асацыяваўся са Сталіным. Сітуацыя змянілася пры Брэжневе, які вярнуў у 1965 годзе выходны і святкаванне 9 мая. Дарэчы, вяртанне свята тлумачыцца ў тым ліку любоўю Брэжнева да маштабных святаў, падчас якіх можна было, у тым ліку, “выгуляць” свой камплект узнагарод. Дарэчы, менавіта ў той жа год, 1965, некалькі савецкіх гарадоў і Брэсцкая крэпасць атрымалі званні герой. Сярод іх – Масква, Адэса, Ленінград, Севастопаль, Валгаград і Кіеў. Заўважце, толькі ў Беларусі званне герой атрымаў не ўвесь горад, а толькі адзін гарадскі аб’ект.

 

 

Ад таго моманту перамога пачынае займаць значнае месца ў савецкай прапагандзе. Масава ставараюцца прапагандысцкія фільмы і песні пра вайну, якую называюць Вялікай Айчыннай, а не ІІ Сусветнай. Менавіта гэтыя ўсе фільмы нон-стоп транслявалі 9 траўня па савецкім тэлебачанні: “Беларускі вакзал” (1971), “Жэня, Жэнечка, Кацюша” (1967), “Афіцэры” (1971), “В бой идут одни старики” (1973), “Аты-баты, шли солдаты” (1976). А па радыё гучалі песні “Тёмная ночь, только пули свистят по степи” (1965), “Алёша” (1966), “Десятый наш десантный батальон” (1970), “Мне кажется порою, что солдаты” (1969) і іншыя.

Новы культ Перамогі

У сучаснай Расеі свята Перамогі было ўзнесенае ўжо на ўзровень культу. Прычым усе крытыкі гэтага культу лічацца ворагамі. Як адзначае выданне The Guardian, “Дзень Перамогі становіцца цэнтральным элементам канцэпцыі ідэнтычнасці Уладзіміра Пуціна”. У Беларусі Дзень Перамогі таксама ўзнеслі на ўзровень культу. Як адзначаюць навукоўцы, у культах звычайна практыкуецца абрадаваць і шанаванне прадметаў на сакральным узроўні. Адсюль і ўсе гэтыя цяперашнія акцыі “80 дзён да Перамогі”, мінулагодняя акцыі “Поезд Победы”, з’яўленне закона “Аб генацыдзе беларускага народу”.

Як адзначае ўкраінская даследчыца І. І. Хомутовська, “культ Вялікай перамогі скіраваны на мілітарызацыю свядомасці, самаадданасці народу ідэі “Рускага міру”, аб’яднанню насельніцтва вакол нацыянальнага лідара”.

У Беларусі прапаганда Перамогі адбывалася двума шляхамі. Як спадчына Савецкага Саюзу. І як прапаганда з боку Рускага дому. Аднак пасля 2020 года Вялікая Перамога і Вялікая Айчынная вайна становяцца не проста прапагандай, а ўжо культам. У тым ліку як спроба аб’яднання вакол лідара, і як спроба стварэння новай мілітарысцкай ідэалогіі. І тут на дапамогу прыйшлі і савецкія метадычкі, і напрацоўкі суседняй дзяржавы. А ўлічваючы, што ветэранаў ІІ сусветнай вайны практычна не засталося (калі падлічыць, то нават тым, хто быў прызваны ў 1945 годзе ў 18-гадовым узросце, у 2025 годзе ім споўнілася ўжо 98 год), то прыдумаць міфалогію вайны і перамогі можна вельмі проста.

Наколькі паспяхова атрымаецца ўнесці патрэбную ўладам ідэалогію праз старыя песні, складана сказаць. Калі дзеці будуць адчуваць фальш з боку настаўнікаў, то такое праслухоўванне абсалютна не модных ваенных песень выкліча хутчэй адваротны эфект.

А можа быць, арганізатары падобных акцый вырашылі “вылечыць” сучасных беларускіх дзяцей ад 2020 года. Гэта як у кнізе “Завадны апельсін”, героя якога спрабавалі вылечыць ад агрэсіі, прымушаючы глядзець кадры гвалту і слухаць класічную музыку. Так і гомельскім школьнікам прымушаюць слухаць кожныя 45 хвілін пра “Этот день Победы”, каб дакладна не ўзнікла ніякіх думак пра паўтарэнне 2020 года.

Штодзень

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png