Гомельская міліцыя перастала аддаваць копіі адміністрацыйных пратаколаў грамадзянам, затрыманым па “палітычных” артыкулах. На такую тэндэнцыю звярнуў увагу валанцёр Ілля Міронаў, які пасля выхаду з СІЗА №3 некалькі разоў адбываў пакаранні паводле народнага артыкула 19.11 ч.2 (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).
8 снежня Іллю ў чарговы раз арыштавалі за падпіску на ФБ-супольнасць “Святлана Ціханоўская”, на якую ён быў падпісаны яшчэ з 2020 года. Тады яму ўпершыню не выдалі копію пратакола. “Такога раней ніколі не было. У дачыненні да мяне з 2011 года было складзена многа пратаколаў і кожны раз мне выдавалі копію, з якімі я нават знаходзіўся ў ІЧУ”, — гаворыць Ілля Міронаў.
Па выхадзе з ІЧУ Ілля чакаў, што яму вышлюць копію па пошце, але праз тры месяцы пратаколы ізноў не дайшлі да адрасату. Тады ён напісаў скаргу на імя начальніка РАУС Савецкага раёна. Міліцыянты, сваёй чаргой, у адказе параілі наконт пратаколу звярнуцца ў суд, які яго адправіў на суткі.
“24 лютага мне патэлефанавалі з суда і паведамілі, што я павінен заплаціць у банку грошы за выдачу копій, а чэкі прынесці ў канцылярыю. 27 лютага, пасля аплаты 11 рублёў 46 капеек, я атрымаў, нарэшце, копіі пратаколаў, сутыкнуўшыся з дзеяннямі, якія выклікалі марнаванне рэсурсаў як фізічных, так і фінансавых, не кажучы пра нервовыя перажыванні”, — падсумоўвае Ілля. Паводле гомельца, ягоныя сябры і блізкія, якія апошнім часам прайшлі праз рэпрэсіі, таксама не атрымліваюць копіі адміністрацыйных пратаколаў.