Мікалай Слюнькоў: партыйныя вяршыні, Чарнобыль і забыццё

Кім быў Мікалай Слюнькоў, выхадзец гомельскай зямлі, кіраўнік БССР і член Палітбюро ЦК КПСС? Мова Гомель размаўляе з гісторыкам і журналістам Дзянісам Марціновічам, які напісаў кнігу “Слюнькоў. Палітычная біяграфія”.

Дзяніс Марціновіч. Фота: Анастасія Панкратава

Кніга “Слюнькоў. Палітычная біяграфія” яшчэ не выйшла з друку. Працу над ёй вы пачалі яшчэ ў 2008 годзе. Чаму менавіта Слюнькоў? Можа таму, што гэта выхадзец з Беларусі, які дасягнуў высокага палажэння ў тагачаснай палітычнай структуры?

– Тут склаўся цэлы комплекс прычын. Калі я быў яшчэ школьнікам, то зацікавіўся перыядам Перабудовы. Гэта быў мой самы любімы гістарычны перыяд, я літаральна “глытаў” усё, што траплялася пад руку. І доўгі час у мяне Перабудова асацыявалася перш за ўсё з падзеямі, якія адбываліся ў Маскве, а дакладней – у сучаснай Расіі. Сувязь жа Беларусі і перабудовы знаходзілася пэўны час на перыферыі ўвагі. Потым, натуральна, я даведаўся пра падзеі ў Беларусі, пра дзейнасць Беларускага Народнага Фронту, а потым я нечакана даведаўся пра існаванне Мікалая Слюнькова, які, можна сказаць, увасабляў гэтыя дзве гістарычныя старонкі. Ён быў беларусам, ён кіраваў БССР, і пачынаў кіраваць БССР у часы Перабудовы. З іншага боку, ён быў адным з нешматлікіх беларусаў, які зрабіў вельмі добрую кар’еру ў Маскве. У савецкія часы самым уплывовым органам з’яўлялася Палітбюро. І калі не лічыць апошні год існавання Савецкага Саюза, бо там ужо быў іншы прынцып фарміравання Палітбюро, яно ўжо фактычна не адыгрывала аніякай ролі, то ўсяго тры беларусы туды ўваходзілі, у гэтае Палітбюро. Гэта Андрэй Грамыка, міністр замежных спраў, які доўгі час знаходзіўся на гэтай пасадзе. Гэта Кірыл Мазураў, былы лідар БССР, які потым пераехаў у Маскву і з’яўляўся першым віцэ-прэм’ерам і ўласна членам Палітбюро. І вось Мікалай Слюнькоў. Усяго тры чалавекі. І мне стала цікава, што ж гэта быў за чалавек. Пра яго і тады кнігі не было, і цяпер кнігі не было.

– І другі момант. Калі я паступіў на гістарычны факультэт БДУ, то ў мяне была мара, думка, каб і дыпломную працу, і кандыдацкую працу пісаць пра часы Перабудовы. Мне вельмі хутка патлумачылі, што гэта немагчыма, што абараніцца мне не атрымаецца. І мелі рацыю. Я паступіў у нулявыя гады, і ўжо тады не пускалі такія сучасныя тэмы. Таму за гэта я падзякую свайму навуковаму кіраўніку. Я пачаў займацца іншымі тэмамі, пісаў таксама пра ХХ стагоддзе, але пра даваенны перыяд. Але і тая тэма мяне не пакідала, хоць я разумеў, што калі брацца ўласна за Перабудову, якую ажыццяўляў Гарбачоў у Маскве, то гэта тэма дастаткова вывучаная, па гэтай тэме працуюць расійскія даследчыкі. І які ў гэтым сэнс для Беларусі і беларусаў? У мяне ж была магчымасць усё аб’яднаць: і цікавасць маю да тэмы Перабудовы, і закрануць маскоўскія працэсы, але зрабіць стаўку ўсё ж на Беларусі, і расследаваць тое, чым амаль ніхто не займаўся. Гэта такая “белая пляма” у гісторыі. Вось гэты комплекс прычын паўплываў на тое, што я ў 2008 годзе ўзяўся за даследаванне біяграфіі гэтага чалавека.

Як вы даследавалі гэтую тэму? У адным з інтэрв’ю вы казалі, што непасрэдна са Слюньковым не кантактавалі, а ні з яго сваякамі. Слюнькоў больш за 30 гадоў пражыў на пенсіі ў Мінску…

– Так, сапраўды, я з ім не кантактаваў. Але фактычна і шанцаў ніякіх амаль не было, бо я знайшоў толькі тры інтэрв’ю, якія Слюнькоў даў вось за гэтыя 30 гадоў. У мяне не было нейкіх ілюзій на шчырую гутарку. А якім чынам я пісаў кнігу? З аднаго боку, ёсць дзве кніжкі, у якіх ёсць невялікі раздзелы пра Слюнькова. Ёсць некаторыя іншыя даследаванні, напрыклад, пра Мінскі трактарны завод, дырэктарам якога быў Слюнькоў, даследаванні пра маскоўскую перабудову, у якіх можна нейкія штрыхі знайсці, пра эканамічную рэформу 1987 года, у якой ён прымаў удзел. Таксама мемуары шмат хто пакідаў, хоць масквічоў сярод іх было заўважна больш. Беларусы больш у гэтым сэнсе закрытыя, не жадаюць ісці на кантакт. Яшчэ адна крыніца – перыёдыка, газетныя публікацыі. Таксама я кантактаваў з некаторымі людзьмі, якія асабіста ведалі Слюнькова, напрыклад, з Іосіфам Навумчыкам. Ён у 1980-ыя гады з’яўляўся сакратаром Віцебскага абкама па ідэалогіі. І што вельмі каштоўна, Навумчык чытаў рукапіс, бо для мяне было вельмі істотна, каб хтосьці з той наменклатуры (у добрым сэнсе наменклатуры, бо Іосіф Адамавіч ён і беларускамоўны чалавек, і патрыёт Беларусі), хто асабіста кантактаваў са Слюньковым і быў сведкам тых падзей, паглядзеў рукапіс. Яшчэ ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь ёсць асабістая справа Слюнькова, некаторыя яго выступленні, якія ён, можна меркаваць, сам перадаў у архіў. І ў Маскве ў Архіве эканамічнай гісторыі таксама асобныя матэрыялы я знайшоў. Вось так у комплексе ўсё і пазбіралася.

Мікалай Слюнькоў, з адкрытых крыніц

Пра асобу Слюнькова некалькі слоў. Заўсёды адзначаецца, што ён прайшоў шлях з простай сям’і, меў цяжкае дзяцінства, цяжкае пасляваеннае жыццё, але дасягнуў такіх вышынь, якіх, як вы адзначылі, дасягнулі яшчэ толькі два беларусы. Можна сказаць, што гэты чалавек меў свае таленты?

 – Так, у яго сапраўды было цяжкае і беднае дзяцінства, у яго вельмі рана памёр бацька. Ён быў 1929 года нараджэння, і яго чакала жыццё ў акупацыі, галеча. Даходзіла да таго, што ў Мінск (ён паходзіў з Рагачоўскага раёна) ён ездзіў на дахах вагонаў, бо грошай асабліва не было набываць квіткі. У яго не было ніякіх уплывовых сваякоў. Ён дасягнуў усяго сам. Гэта першы момант. Другі момант: вось чым Слюнькоў адрозніваецца ад усіх іншых кіраўнікоў БССР? Яны ўсё праходзілі фактычна той самы шлях, рабілі класічную партыйную кар’еру: райкам, гаркам, абкам… усе гэтыя інстытуцыі. Як Машэраў, напрыклад. У Слюнькова зусім іншая біяграфія, ён класічны гаспадарнік. Ён амаль ніколі не працаваў у партыйных структурах, толькі два гады ў пачатку 1970-х узначальваў Мінскі гаркам партыі. А так ён прыйшоў на Мінскі трактарны завод, дарос ад простага памочніка майстра да дырэктара завода. Прычым пры ім трактарны завод знаходзіўся ў росквіце. І калі ў Маскве працаваў, яго праца была звязаная з эканомікай. То бок гэта зусім іншы чалавек.

Канешне, наіўна чакаць ад чалавека, які нарадзіўся ў 1929 годзе і зрабіў кар’еру ў Савецкім Саюзе, нейкага рынкавага мыслення. Але па савецкіх мерках ён добра разбіраўся ў эканоміцы.

І бадай што з кіраўнікоў БССР ён найлепей разбіраўся ў эканоміцы. Пазней, калі Слюнькоў працаваў у Маскве з 1987 па 1990 год, то выказваў даволі радыкальныя прапановы ў эканоміцы. Калі ўсё пачынала валіцца, ён, напрыклад, прапанаваў абмежаваць расходы на ваенную сферу. Для члена Палітбюро гэта трэба было быць вельмі смелым чалавекам. Так што ён быў чалавекам разумным, які добра разбіраўся ў эканоміцы і які сам сябе зрабіў. Але гэта толькі адзін бок медаля. Ёсць і іншы бок медаля. Гэта быў чалавек вельмі жорсткі, грубы, бязлітасны…

 Ва ўспамінах Кебіча гучала, што Слюнькоў быў аўтарытарным…

– Так, так. Пры тым, што Кебіч быў прадстаўніком яго каманды. Ёсць такі ўмоўны тэрмін, уведзены адным з даследчыкаў, “Мінская гарадская прамысловая група”. Прадстаўнікі гэтай умоўнай групы прыйшлі да ўлады ў БССР у 1980-ыя гады, яны былі не ідэолагамі, а гаспадарнікамі, працавалі на заводах, на фабрыках. Кебіч якраз быў у гэтай групе паплечнікам Слюнькова, бо працаваў дырэктарам аднаго з мінскіх заводаў, а потым ужо пайшоў ва ўладу. Але нават прадстаўнікі “слюнькоўскай” каманды адзначалі яго цяжкі характар. Гэта быў чалавек, які не ўсміхаўся, які быў пахмурны заўсёды. Па-другое, для яго культура была незразумелай сферай, ён яе не разумеў, не ўспрымаў. Хоць казаць, што ён наўмысна нешта рабіў супраць беларускай мовы або культуры не выпадае. Пры ім, канешне, знеслі будынак першага Мінскага гарадскога тэатра, але гэта не было нешта наўмыснае, проста ён не бачыў у гэтым ніякай каштоўнасці. Гэта была чужая для яго сфера.

Слюнькоў на адкрыцці Мінскага метрапалітэна 29 чэрвеня 1984 года. Фота: tbgazeta.by

 

ГРЭХ ЧАРНОБЫЛЯ І АДСУТНАСЦЬ ПАКАЯННЯ

– І самы галоўны яго грэх – гэта, канешне, Чарнобыль, дзеянні падчас Чарнобыльскай аварыі. Ён кіраваў БССР з 1983 па 1987 год, і Чарнобыльская аварыя здарылася якраз пры ім. Ён фактычна нічога не зрабіў для таго, каб зменшыць яе наступствы. Ёсць вядомае выказванне Алеся Адамовіча пра Мікалая Слюнькова, ён назваў Слюнькова “Чарнобыльскім Пілатам”. Слюнькоў жа мог зрабіць шмат чаго, ён мог зрабіць нейкія лакальныя дзеянні, ён мог загадаць прынамсі ёд раздаваць. Але ім не было зроблена нічога. І тое, што пасля Чарнобылю тысячы людзей захварэлі, шмат хто памёр, ён — адзін з тых людзей, якія нясуць адказнасць за гэтыя дзеянні.

 Як вы думаеце, ці на той момант, у 1986 годзе, ён разумеў наступствы сваіх дзеянняў?

– Добрае пытанне… Напэўна, наўрад ці. Напэўна, усё ж такі не разумеў… Я ў кнізе цытую Валянціна Блакіта, пісьменніка, які працаваў у ЦК КПБ, які кантактаваў са Слюньковым, у яго ёсць такая добрая думка пра Слюнькова, што ён неблагі кваліфікаваны менеджар. Кваліфікаваныя менеджары добра сябе паводзяць у звычайных сітуацыях, але губляюцца ў нестандартных сітуацыях. Слюнькоў, напэўна, якраз прыклад гэтага. Я ўпэўнены, што ў яго ў той сітуацыі, на жаль, ніякага стратэгічнага мыслення не было.

Ён не думаў такімі катэгорыямі. Яму трэба было ўсядзець на сваёй пасадзе. Я цытую ў кнізе адно з выказванняў Слюнькова пра тое, што яму прапаноўвалі перасяліць людзей, але ён адказаў, што раптам мы адселім людзей, а гэтага не трэба было рабіць. Гэта пазіцыя не лідара, гэта пазіцыя чалавека, які хоча адсядзецца, які не хоча асабістых праблем.

Але ў пазнейшыя гады, да канца свайго жыцця ён ужо ведаў дакладна да чаго гэта ўсё прывяло, і не пакаяўся, прынамсі публічна…

– Шмат прачытаўшы і ведаючы ўжо пра гэта чалавека, скажу, што было б вельмі дзіўна, каб ён пакаяўся. І насамрэч гэта яго вялікая памылка ў гістарычным плане, у перспектыве. Я думаю, што ён разумеў пазней свае дзеянні. Паэт Генадзь Бураўкін, які ў 1980-ыя гады кіраваў тэлебачаннем і радыё БССР, прыводзіў размову са Слюньковым і там ускосна было сказана, што, маўляў, я разумею, што многія мяне крытыкуюць за дзеянні падчас Чарнобылю. Але гэта была асабістая размова. І гэта адзінае сведчанне. Ва ўсіх іншых інтэрв’ю ён усяляк даказваў, што дзейнічаў правільна. Калі б ён дзесьці пакаяўся і папрасіў прабачэння, мне здаецца, што гэта быў бы яму “вялікі плюс”, і, магчыма, хтосьці нават дараваў бы яму яго дзеянні. Прынамсі, гэта сведчыла б пра тое, што чалавеку баліць, і што чалавек думае пра гэта. Але гэтыя словы не прагучалі.

Мікалай Слюнькоў з 1990 года вярнуўся ў Менск і пражыў там доўгія гады да 2022 года. Але ў пэўным сэнсе пра яго “забыліся” да таго часу, пакуль не прыйшла вестка пра яго смерць. Чаму так?

– Гэта забыццё абсалютна непазбежнае. Па-першае, каб пра цябе памяталі, то трэба пра сябе нагадваць. Ёсць прыклад Станіслава Шушкевіча, які запісаўся ў гісторыю Белавежскімі пагадненнямі. Ён кіраваў нядоўга, але быў адкрыты для прэсы, быў публічным чалавекам, напісаў мемуары, вёў класічнае жыццё экс-палітыка на пенсіі, тое жыццё, якое вядуць замежныя лідары. А Слюнькоў і людзі яго пакалення не лічылі сябе палітыкамі, яны і не былі палітыкамі, яны былі чыноўнікамі, якія, калі сыходзілі на пенсію, то сыходзілі ў нікуды, і не хацелі, каб пра іх узгадвалі. Псіхалогія чыноўніка – адсядзецца, псіхалогія палітыка – нагадаць пра сябе лішні раз. Слюнькоў выбраў цалкам свядома такую псіхалогію, ціха жыў сваім прыватным жыццём.

“СЛЮНЬКОЎСКІЯ” РАШЭННІ ДЫ ІХ ГІСТАРЫЧНЫЯ НАСТУПСТВЫ

Разумею, што складана даць такую кароткую характарыстыку, але ведаючы ўжо шмат пра Мікалая Слюнькова, пасля напісання яго біяграфіі, як бы вы ахарактарызавалі гэтую асобу?

– Бадай, адзін з самых разумных і адначасова самых неадназначных лідараў БССР, які фактычна сваімі дзеяннямі страціў шанец застацца ў гісторыі, у тым ліку сваімі дзеяннямі падчас Чарнобылю, які сам страціў шанец стаць нацыянальным лідарам, і які моцна паўплываў на далейшае развіццё Беларусі. І гэтую апошнюю фразу хачу расшыфраваць. Пасля Слюнькова былі ж яшчэ два кіраўнікі БССР, Сакалоў і Малафееў, пра якіх забыліся можа яшчэ і з большай хуткасцю, чым пра Слюнькова. Яны асабліва ролі ў гісторыі не адыгралі, а Слюнькоў адыграў. Чаму? Калі Слюнькоў прыйшоў кіраваць БССР у 1983 годзе, ён фактычна ажыццявіў кадравую рэвалюцыю, ён цалкам змяніў эліту, адправіў на пенсію “машэраўскія” кадры. Да ўлады прыйшлі гаспадарнікі, якія ў пачатку 1990-х гадоў ва ўладзе і знаходзіліся. Кебіч быў прэм’ер-міністрам, а іншыя склалі большасць у Вярхоўным Савеце 12-га склікання.

Адметнасцю гэтай каманды была амаль нулявая нацыянальная свядомасць, усе яны працягвалі арыентавацца на Маскву.

– У пачатку 1990-х гадоў была верагоднасць правесці больш рашучыя, радыкальныя рэформы, якія б маглі зрабіць Беларусь больш дэмакратычнай, больш рынкавай, і неяк аддаліць яе ад Масквы. А каманда Слюнькова шчыра заставалася ў старых катэгорыях і шчыра арыентавалася на Маскву. Яны, канешне, былі не супраць незалежнасці. Справа ў тым, што ў 1980-ыя гады цэнтралізацыя ўлады была такая моцная, што ў Маскве вырашалі, колькі лазняў можна паставіць у Адэсе. Натуральна, любога адэкватнага чыноўніка гэта раздражняла. У гэтым сэнсе каманда Слюнькова прагаласавала ЗА Белавежскія пагадненні, бо яны жадалі самі камандаваць. На гэты крок яны былі гатовы пайсці. Але як толькі справа дайшла да нейкіх больш радыкальных рэформаў, да павароту большага на Захад, яны націснулі на тармазы. Натуральна, гісторыя не ведае ўмоўнага ладу, але калі б парламент быў іншы, калі ў эліце былі б іншыя людзі, цалкам магчыма, што гісторыя Беларусі магла б пайсці іншым шляхам. Сяргей Навумчык, прадстаўнік Беларускага Народнага Фронту, дэпутат Вярхоўнага Савета 12 склікання, з якім я размаўляў для сваёй кнігі, казаў, што ў тым парламенце ім было прасцей дамовіцца з дэпутатамі больш сталага веку, умоўна “машэраўскімі” дэпутатамі, чым са “слюнькоўскімі”. “Слюнькоўскія” на кампрамісы ісці не хацелі. Таму тая кадравая рэвалюцыя Слюнькова, наступствы таго, якіх людзей ён прывёў ва ўладу, будзе яшчэ доўга адчувацца.

Кніга “Слюнькоў. Палітычная біяграфія” Дзяніса Марціновіча стала адным з пераможцаў конкурсу “Шуфлядка”, які праводзіў фестываль інтэлектуальнай кнігі Pradmova. Быў абвешчаны тэндар на выданне кнігі, і, як стала вядома, арганізатары конкурсу спынілі свой выбар на выдавецтве “Янушкевіч”.

Штодзень

 

 

Related posts

Як быць адкрытым ЛГБТ-актывістам з ВІЧ-пазітыўным статусам у Мазыры

«У мяне вашы грошы»: як беларусы трапляюцца ў пастку да махляроў

Гомельская вобласць у апошнія месяцы – самы рэпрэсіўны рэгіён у Беларусі