Ілюстрацыйнае фота. Дэпартацыя мігрантаў з ЗША ў Гандурас, студзень 2025. Фота: www.yenisafak.com
Пры абвяшчэнні змен у міграцыйнай палітыцы ЗША дэкларавалася, што гэтыя змены не закрануць непаўналетніх. Аднак, па дадзеных CNN Еspanol, трох дзяцей, грамадзян ЗША, дэпартавалі на мінулым тыдні ў Гандурас разам з іх маці. Паводле звестак Амерыканскага саюза грамадзянскіх свабод (ACLU) і Нацыянальнага іміграцыйнага праекта (NIP), адна маці была дэпартавана разам з двухгадовым сынам, а іншая – з двума дзецьмі ва ўзросце чатырох і сямі гадоў. Сярод дэпартаваных – чатырохгадовы хлопчык, які праходзіў лячэнне ад метастатычнага раку.
Вядома, што жанчыны былі затрыманыя падчас звычайных запланаваных сустрэч з супрацоўнікамі іміграцыйных службаў у штаце Луізіяна. Сустрэчы праводзіліся ў межах Праграмы павышанага кантролю за асобамі, што чакаюць рашэння аб іх іміграцыйным статусе (ISAP).
Праваабарончыя арганізацыі выказалі занепакоенасць законнасцю дэпартацыі грамадзян ЗША і заклікалі ўлады правесці расследаванне дадзенага інцыдэнту.
У адказ на крытыку кіраўнік памежнай службы ЗША Том Хоман і дзяржаўны сакратар Марка Рубіа заявілі, што Злучаныя Штаты не дэпартуюць дзяцей-грамадзян ЗША. Паводле іх слоў, дэпартуюць толькі бацькоў, якія самастойна прымаюць рашэнне забраць дзяцей з сабой.