«Вы кажаце Трамп. Тут супраць мяне Маск справу ўзбудзіў. І без Вячоркі не абыйшлося», – адкаментаваў у сваіх сацсетках адкрыццё крымінальнай справы Ігар Случак. Як вынікае з дакумента, у дачыненні да актывіста насамрэч пачаты працэс па народным артыкуле 2 ч. Арт. 361-4 Крымінальнага Кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Справа была адкрытая яшчэ ў траўні 2024 года, а перадалі яе ў Рагачоўскі раённы аддзел Следчага камітэту 24 снежня 2024 года. МАСК – гэта абрэвіятура, якая азначае: міжраённы аддзел следчага камітэта.
Ігар Случак – абаронца моўных правоў з Гомеля, з’яўляецца аўтарам некалькіх дапаможнікаў і кніг на тэму дыскрымінацыі роднай мовы. Таксама ён, супольна з Алінай Нагорнай, ладзіў маніторынгі выкарыстання беларускай мовы дзяржаўнымі ўстановамі. У канцы 2023 года Ігар Случак разам з Алінай Нагорнай і дзецьмі апынуліся ў вымушанай эміграцыі.