30 лістапада выйшлі ў абарачэнне адразу восем паштовых марак з совамі з серыі “Птушкі Беларусі”. Над імі працавалі мастак і арнітолаг Аляксандр Міцянін і дызайнер Марына Віткоўская. Героямі серыі сталі восем відаў соваў. На малым лісце яны размешчаны адпаведна розным сезонам. Пералётныя на левым баку на вясновым фоне, аселыя – на летнім і восеньскім, зімнія госці – зімой. Тэлеграм-канал “Дзікая прырода побач” распавядае, што гэта за віды:
– Соўка-сплюшка, якая атрымала сваю назву праз песню “сплю… сплю”.
– Балотная сава, якая гняздуецца на зямлі.
– Сыч-сіпель, які часта гняздуецца ў плітах перакрыцця прыпынкаў.
– Пугач – самая вялікая сава Еўропы.
– Даўгахвостая кугакаўка, якая гняздуецца толькі на поўначы краіны.
– Вераб’іны сычык – самая маленькая сава Еўропы, ён крыху большы за вераб’я.
– Сава-бярозаўка, што звычайна гняздуецца ў тайзе.
– Белая сава, якая гняздуецца ў тундры.