“Мама – швачка, тата – шафёр”. Гісторыя гламурнай начальніцы з Гомеля, якая актывізуецца падчас выбараў

Сярод гомельскага наменклатурнага істэблішменту ёсць адна дама са знешнасцю сцюардэсы, якая праяўляе сябе падчас выбараў. Калі многія чыноўнікі апускаюць рукі ці баяцца праяўляць ініцыятыву, гэты чалавек бярэ на сябе камандаванне самымі “небяспечнымі аперацыямі”. У 2010 годзе яна зрывала сустрэчы з альтэрнатыўнымі кандыдатамі. У 2020 годзе была адной з кіраўнічак мясцовага “антымайдану”. Гаворка – пра Надзею Куніцкую. Амбіцыйную правінцыялку, якая з нараўлянскай Папялушкі пераўтварылася ў шэрага кардынала на ўзроўні Гомеля.


Правінцыйная Папялушка, якая ненавідзіць апазіцыю

Біяграфія Надзеі Куніцкай нічым асабліва не адметная. Добрай адукацыі ў прэстыжным ВНУ яна не атрымала, навуковых і творчых дасягненняў за ёй ніякіх няма. Ды і кіраўнічыя здольнасці ў яе дастаткова пасрэдныя. Нават на фоне некаторых калег яна не вылучаецца красамоўствам. Аўтарытэт сярод падначаленых – дастаткова ўмоўны. Калі яе запрашаюць у прамы эфір на дзяржрадыё, яна чытае адказы на загадзя падрыхтаваныя і ўзгодненыя пытанні па паперцы. Словам, дастаткова сумны чалавек. Але з досыць яркай знешнасцю і любоўю да дарагіх апранах.

Хаця часам у яе жыцці здараюцца моманты, калі ёй даводзіцца ў прамым сэнсе імправізаваць. Калі ёй, скажам, даручаюць змагацца з палітычнымі апанентамі ўлады, то яе не спыніць. Тут яе нянавісць да апазіцыі цалкам шчырая.

У Гомелі пра яе даведаліся ў 2010 годзе, калі нечакана сярод панылых чыноўнікаў з’явіўся чалавек, які не баяўся публічна выступаць. Часам, праўда, гэта выглядала эксцэнтрычна, але, прынамсі, інтрыгавала.

На адной з сустрэч з кандыдатам у прэзідэнты Андрэем Саннікавым у памяшканні ДК “Фестывальны”, дзе сабралася поўная зала людзей, нечакана мікрафон выхапіла кабета гламурнага выгляду і ў дарагім адзенні. І пастаўленым голасам яна звярнулася да залы. Хоць цяжка праз 15 гадоў з моманту той падзеі ўзгадаць даслоўна прамову, але сэнс быў такі: “Не трэба галасаваць за апазіцыю, якая нясе голад і разруху. Дзякуй АляксанРыгорычу за магчымасці, якія адкрываюцца перад простымі людзьмі. Напрыклад, я дабілася многага. Я – просты чалавек, які галасуе за ўладу. Я – просты чалавек, у якога мама – швачка, а тата – шафёр”. У 2010 годзе, на жаль, не так моцна быў развіты інтэрнэт, як цяпер. Іначай гэтае выказванне эфектнай дамы пра прафесіі бацькоў маглі б стаць мемам.

Тая самая сустрэча з кандыдатам Саннікавым у 2010 годзе

Пад кіраўніцтвам Надзеі Рыгораўны (яшчэ адно супадзенне!) тады цэлы дэсант педагогаў, які прыходзіў на сустрэчы з апазіцыянерамі пачынаў сінхронна ўлюлюкаць альбо свістаць. Калі трэба было прадэманстраваць народнае абурэнне, цётачкі з начосамі, якія займалі, як правіла цэлыя шэрагі, рэзка падымаліся і сыходзілі падчас размовы з апазіцыянерамі. Так Куніцкая рэжысіравала адсутнасць народнай падтрымкі ў апазіцыі. Нягледзячы на прымітыўнасць трука з “арганізаванай масоўкай”, шчыраванні чыноўніцы заўважылі. І з гэтага моманту яна пачынае вертыкальны ўздым па кар’ернай лесвіцы.

Родныя мясціны Куніцкай, якія сфармавалі яе светапогляд

 

13 мая гэтага году Надзея Куніцкая будзе адзначаць 50-гадовы юбілей. Гэтым разам – на пасадзе намесніцы старшыні Чыгуначнага раёна Гомеля. Але нарадзілася гераіня публікацыі ў маленькай вёсцы Гута Нараўлянскага раёна.

Маляўнічыя краявіды Гуты

У дадзены момант гэта вельмі дэпрэсіўнае месца, дзе стала пражываюць, калі верыць статыстычным звесткам, усяго 5 чалавек. Акрамя гэтага, малая радзіма будучай каралевы гомельскіх выбараў моцна пацярпела ад наступстваў катастрофы на ЧАЭС. Цяпер вёска мае статус населенага пункта з правам на адсяленне. Пра саму вёску, адкуль паходзіць Куніцкая (у дзявоцтве – Савіцкая) інфармацыі дастаткова мала. Хоць непадалёку знаходзяцца археалагічныя помнікі Бронзавага веку, а таксама маецца некалькі згадак пра тое, што калісьці ўваходзіла ў склад Менскага ваяводства ВкЛ. Галоўныя падзеі, якія памятаюць выхадцы з Гуты, – гэта Чарнобыль і ІІ Сусветная вайна, падчас якой нацысты спалілі вёску разам з жыхарамі. Вось гэтыя, дарэчы, падзеі і наклалі адбітак на жыцці Надзеі Куніцкай, якая пасля Чарнобыля літаральна ўцякла з неперспектыўнай вёскі, а пазней стала зацятай ідэалагіняй на варце рэжыма. У вачах такіх апалагетаў рэжыму кожны апазіцыянер – гэта пякельная нелюдзь і “фашыст”.

Фота юнай Надзеі з дакументаў. Дзяўчына тут падобная да актрысы Мілы Ёвавіч. А магла ж абраць іншы шлях?

 

Буду вечна з камсамолам

 

Пра раннія гады жыцця Надзеі вядома адносна мала. Але яшчэ, калі верыць базам “Кіберпартызанаў”, яна была зарэгістраваная ў 1997 годзе ў вёсцы Гута. Першае працоўнае месца, пра якое мы дазналіся з дапамогай хакераў, – БПСМ (пазней – БРСМ) пры аддзеле Народнай адукацыі Нараўлянскага райвыканкама. Заўважым, што па “камсамольскай лініі” Надзея і рабіла сваю кар’еру. З 1 студзеня 2010 года яна ў базе ФЗСН ужо фігуруе як супрацоўніца Гомельскага гарадскога аддзела БРСМ. І вось тут яна працуе да моманту прызначэння намеснікам старшыні Чыгуначнага райвыканкама Гомеля. З гэтага моманту яна пастаянна адказвае за арганізацыю выбараў, прычым не толькі на раённым узроўні. Надзею можна ўбачыць у самых гарачых сітуацыях. Калі іншыя яе калегі баяцца камунікаваць з раззлаваным народам, яна гатовая ісці нават насуперак волі натоўпа. Напрыклад, як у рэзананснай гісторыі з інвалідам-спінальнікам Андрэем Антоненкам, які некалькі гадоў запар дабіваўся ўсталявання пандуса ў пад’ездзе, без якога ён не мог выйсці на вуліцу. Супраць усталявання электрапад’ёмніка выступалі жыхары дома – члены жыллёвага кааператыва. Жарсці тады былі вельмі гарачыя. І ад імя ўлады даручылі гасіць пажар народнай незадаволенасці Надзеі Куніцкай. Трэба сказаць, яна з роляй справілася. І, што важна, у той рэдкі момант, калі яна насамрэч была пазітыўнай гераіняй, яна спадабалася сама сабе. Гэта было бачна па яе рэакцыі на публіку, а таксама па гатоўнасці камунікаваць з журналістамі. Эмпатыя, якую яна праявіла да інваліда-вазочніка, магчыма, у нейкім сэнсе нагадала ёй пэўныя эпізоды з ранейшага жыцця, калі ёй даводзілася займацца пытаннямі сацыяльнай дапамогі ў адным з аддзелаў аблвыканкаму.

Надзея камунікуе з экстрэмісцкімі фармаваннямі “Белапан” і “Радыё Рацыя”. Фота: “БелаПАН”

Але ўсё ж асноўная роля Надзеі Куніцкай – у ідэалагічным забеспячэнні падтрымкі рэжыму. Яна з’яўляецца частым госцем у эфірах мясцовых СМІ, дзе распавядае пра поспехі беларускай сацыяльна-эканамічнай мадэлі. Таксама кабета ўзначальвае раённае аддзяленне Беларускага Саюза Жанчын. У 2023 годзе яна не без задавальнення ачоліла раённую філію праўладнай партыі “Белая Русь”. На фотаздымках дзяржСМІ бачны непадробны азарт у вачах гэтага чалавека. Такім чынам, яе роля ў цяперашняй сістэме не можа ставіцца пад сумнеў. Яна шчыра верыць у сваю місію і ўдзячная ўладзе, якая дала сціплай дзяўчынцы з вёскі пуцёўку ў жыццё.

 


Пераломны 2020

У 2020 годзе ў Гомелі таксама праходзілі масавыя акцыі пратэсту супраць сфальшаваных выбараў. Пасля аднаго са жнівеньскіх мітынгаў стала вядома пра гібель юнака Аляксандра Віхора, які памёр пасля збіцця ў міліцыі. Гэтая падзея раззлавала гамяльчан, якія 16 жніўня выйшлі на вуліцы горада ў нябачнай раней колькасці. Незвычайная актыўнасць жыхароў Гомеля напалохала мясцовую вертыкаль, якая проста на месяц знікла з публічнай прасторы. Здавалася, што да перамогі дэмакратыі можна было дацягнуцца рукой. І гэта адбывалася пры паралюшы мясцовых органаў улады. І вось тут спатрэбілася энергія Надзеі Куніцкай, якая фактычна стала адной з арганізатарак праўладных акцый у горадзе.

Надзея на акцыі падтрымкі кандыдата Ал. Лукашэнкі, на якую сабраліся пераважна прадстаўнікі мясцовай вертыкалі.

Калі іншыя чыноўнікі баяліся высоўвацца, яна арганізоўвала супрацьдзеянне дэманстрантам, шыхтавала калоны, ладзіла шэсці разгубленых і малаколькасных лукашыстаў пад чырвона-зялёнымі сцягамі. Словам, у чарговы раз даказала ўладзе сваю адданасць.

 

23 жніўня 2020 года ў Гомелі праходзіла акцыя пратэсту “Марш новай Беларусі”. Надзея Куніцкая тады адказвала за зрыў апазіцыйнага мітынгу. Для супрацьдзеяння прыхільнікам пераменаў былі задзейнічаны некалькі аўтобусаў праўладных актывістаў, ледзь жывы грузавік маркі “Урал” і нават камбайны. Але марна. Ідэолагі і прафсаюзнікі, якія паводзілі сябе агрэсіўна ў дачыненні да групкі дзяўчат і жанчын з “ланцуга салідарнасці” ля касцёла, рэзка палагоднелі і нават самараспусціліся, калі раптам апынуліся ў меншасці. Нягледзячы на гэты правал, старанні Надзеі наверсе заўважылі.

 

 

Асабістае жыццё

Пра асабістае жыццё Надзеі Куніцкай вядома мала. Нідзе ў інтэрв’ю яна не распавядае пра сваю сям’ю, дзяцей. І гэта зразумела. Бо з базаў “Кіберпартызанаў” вынікае, што на асабістым фронце ў знешне паспяховай жанчыны не ўсё так бязвоблачна. У графе сямейнае становішча значыцца статус “развод”. Больш за тое, яе муж Сяргей Куніцкі на момант атрымання хакерамі доступу да баз не быў афіцыйна працаўладкаваны. Гэтыя звесткі дысгарманіруюць з выказваннямі Куніцкай пра каштоўнасці сям’і, якія яна часта ўсхваляе ў якасці старшынькі раённага аддзялення Беларускага Саюза Жанчын. Акрамя гэтага, яна на сваёй пасадзе адказвае за пытанні рэалізацыі Дэкрэта №3 “Аб дармаедстве”. І гэта таксама трошкі кантрастуе з беспрацоўным статусам яе былога мужа. На старонках у сацсетках Сяргей Куніцкі выкладае жыццярадасныя фотаздымкі з падарожжаў. У асноўным ён, калі прааналізаваць выявы, наведвае РФ, дзе фатаграфуецца на фоне Маўзалея Леніна і расейскіх краявідаў.

Сяргей Куніцкі адчувае сябе па жыцці нармальна

У маёмасці Куніцкай значыцца кватэра ў шматпавярховым доме па вуліцы Малайчука, у той час як муж прапісаны ў іншым раёне Гомеля. Такім чынам, у адданасці Надзеі Куніцкай рэжыму наўрад ці матэрыяльны фактар грае вызначальную ролю. Відавочна, гэтая жанчына змагла дабіцца параўнальна высокага становішча дзякуючы цяперашняй сістэме, што яна, як чалавек досыць кемлівы, цудоўна ўсведамляе.

Штодзень

 

 

 

Related posts

“Яна была кілерам”. Дзе цяпер адыёзная суддзя Домненка, якая да 2020 года была ў лідарах па палітычных прысудах

Невідушчы гомелец да Дня роднай мовы стварыў тэкставую гульню па-беларуску!

Падборка каляднай музыкі, выкананай на беларускіх традыцыйных інструментах