Аляксандр Лукашэнка, як вядома, вельмі любіць пафасныя рэзідэнцыі, якіх па ўсёй краіне налічваецца амаль два дзясяткі. Але сярод разнастайных сядзіб і палацаў асаблівае значэнне для першай асобы да нядаўняга часу меў адзін комплекс, які знаходзіцца на тэрыторыі Гомельшчыны. Гаворка ідзе пра маляўнічую рэзідэнцыю “Ляскавічы”, размешчаную на беразе Прыпяці.
Найлюбімейшая рэзідэнцыя дыктатара
Да пачатку расейскага ўварвання ва Украіну ў лютым 2022 года рэзідэнцыя “Ляскавічы” была адной з найлюбімейшых у дыктатара Беларусі. У гэтым палескім куточку ў мірныя часы кіраўнік дзяржавы спыняўся дзясяткі разоў. Сюды дагэтуль прыязджаюць набліжаныя да ўлады высокапастаўленыя асобы, неабыякавыя да рыбалкі на Прыпяці.

Аляксандр Лукашэнка на адкрыцці Музея прыроды на Палессі. Ляскавічы, 2012 год.
У “Ляскавічах” афіцыйны кіраўнік дзяржавы не толькі адпачываў, але і праводзіў міждзяржаўныя сустрэчы розных узроўняў, як, напрыклад, у сакавіку 2014 году, калі ў гэтай рэзідэнцыі адбылася сустрэча з выконваючым абавязкі прэзідэнта Украіны Аляксандрам Турчынавым. Для Украіны, якая ўпершыню сутыкнулася з вайсковай агрэсіяй РФ у 2014 годзе, было крытычна важна атрымаць гарантыі ненападу з боку Беларусі. І з гэтай мэтай новае пострэвалюцыйнае кіраўніцтва, якое прыйшло да ўлады ў выніку Майдану, завітала ў прыпамежную рэзідэнцыю.

Аляксандр Лукашэнка з Пятром Парашэнкам глядзяць у бок Украіны
У далейшым у “Ляскавічах” таксама праходзілі важныя мерапрыемствы. У 2017 годзе, напрыклад, сюды прыехаў тагачасны прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка. На афіцыйным фотаздымку, распаўсюджаным прэс-службай кіраўніка суседняй дзяржавы, бачна, як палітыкі паглядаюць на Прыпяць з высокага берагу. Здымак зроблены на фоне масіўнага будынка з калонамі.
У першыя месяцы поўнамаштабнай вайны менавіта ў Ляскавічах праходзіў першы раўнд перамоваў паміж прадстаўнікамі расейскіх і ўкраінскіх уладаў.
Аднак менавіта з часу эскалацыі расейска-ўкраінскага канфлікту практычна няма звестак пра тое, што Аляксандр Лукашэнка наведвае любімыя “Ляскавічы”. Відаць, прычынай ігнаравання палескай рэзідэнцыі з’яўляецца блізкасць рэзідэнцыі да ўкраінскай мяжы. Гэта робіць аб’ект уразлівым у плане паражэння ракетамі ці атакі дронаў. Як вядома, кіраўнік Беларусі надае сваёй бяспецы выключнае значэнне, таму і чакаць яго ў гэтым месцы, як мінімум, да канца вайны не варта. Напрыклад, на фестывалі “Кліч Палесся-2024” Аляксандр Лукашэнка не прысутнічаў, абмежаваўся толькі адпраўкай вітальнага ліста да ўдзельнікаў мерапрыемства.
“Звычайны драўляны дом, які сяляне тут пабудавалі”
Улічваючы статус рэзідэнцыі “Ляскавічы”, гэты аб’ект, вядома, закрыты для наведвання. Інфармацыі пра яго ў свабодным доступе, як і якасных фотаздымкаў, таксама практычна няма. Вось якую гісторыю стварэння рэзідэнцыі агучыў сам яе гаспадар у пачатку 2020 года. Што праўда, гісторыя гэтая далёкая ад рэальнасці:
– Шмат было крытыкі: “Ай ён нас цягне туды – у Чарнобыльскую зону!” Чарнобыльскія шляхі пад такімі лозунгамі праходзілі. “Мы тут у чыстым Менску…” Тады я Сцяпану (дырэктар Нацпарка Прыпяцкі Сцяпан Бамбіза – рэд.) кажу: “Так, тут пабудуеш мне хату, і я буду тут жыць кожную вясну, калі вельмі нібы небяспечна вось у гэтыя часы. Я буду тут жыць. Пасяўная пачынаецца адсюль – і я адсюль кожную вясну пачынаў сваё жыццё. Вось у чым была гісторыя так званай «рэзідэнцыі прэзідэнта”, – перадае відэа з прамовай Аляксандра Лукашэнкі тэлеграм-канал “Пул першага”. – Звычайны драўляны дом, які сяляне тут пабудавалі. Я да гэтага часу жыву ў гэтым доме.
Выказванні пра “звычайны драўляны дом” у Ляскавічах – гэта, вядома, залішняя сціпласць. У “Ляскавічах” кіраўнік дзяржавы спыняецца насамрэч у шыкоўнай рэзідэнцыі, роўных якой цяжка знайсці ў Беларусі. У канцы 2019 года тэлеграм-канал NEXTA апублікаваў фотаздымкі з закрытага аб’екта ў “Ляскавічах”, якія даюць уяўленне пра маштаб і функцыянальнае прызначэнне рэзідэнцыі. Так, тут ёсць вялікі дом з некалькімі спальнямі і каміннай залай. Таксама побач размешчаныя тры двухпавярховыя сядзібныя дамы, шыкоўная лазня. На тэрыторыі комплекса знаходзіцца басейн, зал для більярда і арганізаваная зона для адпачынку на свежым паветры (альтанкі, мангалы і гд).
Як зазначалі журналісты NEXTA, галоўнай адметнасцю “Ляскавічаў” з’яўляецца ўласны спорткомплекс, дзе можна гуляць у тэніс, баскетбол, валейбол.
Інакш кажучы, рэзідэнцыя ў Ляскавічах насамрэч адпавядае ўяўленням цяперашніх прадстаўнікоў афіцыйных эліт Беларусі пра тое, што такое “дорага і багата”.
Рэзідэнцыя Кяневічаў

Від на палац Кяневічаў з боку ракі
Аднак у інсайдарскіх здымках, якія трапілі ў публічную прастору напярэдадні выбараў 2020 года, таксама цікавыя іншыя аспекты: выгляд галоўнага будынка рэзідэнцыі і інтэр’еры. Выглядае на тое, што архітэктары сядзібы праектавалі будучы аб’ект на Палессі не толькі на падставе ўласных уяўленняў пра эстэтыку. Калі прааналізаваць архітэктуру сядзібы, то ўзнікаюць прамыя паралелі з будынкамі, якія знаходзіліся літаральна ў некалькіх сотнях метраў ад цяперашняй рэзідэнцыі і якія належалі прадстаўнікам мясцовага шляхецкага роду Кяневічаў. Прынамсі, не трэба мець адмысловую спецыялізаваную адукацыю, каб убачыць, што цяперашнія дойліды ўважліва вывучылі архітэктуру былой сядзібы заможных уладароў гэтай мясцовасці Кяневічаў, якія валодалі абшырнымі тэрыторыямі, лясамі і мелі некалькі сядзіб на тэрыторыі цяперашніх Петрыкаўскага раёна, Мазыршчыны. І, відавочна, павывучаўшы экстэр’еры і інтэр’еры былой сядзібы Кяневічаў, знішчанай пасля бальшавіцкай рэвалюцыі, сучасныя архітэктары паспрабавалі аднавіць гэты аб’ект трошкі ў іншай лакацыі.
У кнізе мемуараў апошняга ўласніка маёнтка Дарашэвічы Антонія Кяневіча “Над Прыпяццю даўно таму” даецца даволі падрабязнае апісанне родавай сядзібы. У малавядомым нават для краязнаўцаў і гісторыкаў з Беларусі творы таксама апублікаваныя фотаздымкі страчанай у гады рэвалюцыйнай віхуры сядзібы.

Від на палац Кяневічаў з боку ўязной брамы
У главе першай згаданай кнігі “Сямейнае гняздо” прадстаўнік шляхецкага роду Кяневічаў апісвае месцазнаходжанне маёнтка:
“На ўзнёслым левым беразе ракі Прыпяць, якая бярэ пачатак у балотах пінскіх, якая плыве з захаду на ўсход, аж да Дняпра, стаяў фасадам да ракі, ледзьве за некалькі сотняў крокаў ад яе, наш дом сямейны Дарашэвічы… З паўкруглага ганку, а таксама з вокнаў дому, адкрываўся вельмі прыгожы від. На першым плане добра ўпарадкаваныя партэры – кветнікі з вялікай колькасцю ружаў, пахнучых тубероз і яркіх гваздзік. Трошкі далей – цудоўная ва ўсе паравіны года, удзень і ўначы, Прыпяць…”
“Вялікай атракцыяй і прыемнасцю для нас быў вялікі рух на рацэ, асабліва ў вясеннюю пару. Пры так званай высокай вадзе курсавалі паміж Кіевам і Пінскам вельмі вялікія і зручныя параходы і грузавыя судны… У пэўнай адлегласці ад дому была прыстань, пры якой у разе патрэбы параходы спыняліся. Уначы тады запальвалі ліхтары на беразе, а ўдзень там вывешвалі сцягі…”
У кнізе даецца падрабязнае апісанне інтэр’ераў будынка, з якіх мы дазнаемся, што да бальшавіцкага перавароту ў 1917 годзе сядзіба Кяневічаў у Дарашэвічах славілася наяўнасцю калекцыі жывапісу вядомых польскіх мастакоў, мела багатую бібліятэку на некалькіх замежных мовах і была абстаўленая дарагой мэбляй.
“Драўляная хатка” як спроба імітаваць маёнтак Кяневічаў
Цікава, што пабудаваная “драўляная хатка” ў “Ляскавічах” (насамрэч прэзідэнцкая рэзідэнцыя знаходзіцца менавіта ў Дарашэвічах) па архітэктуры нагадвае будынак маёнтка Кяневічаў. Асабліва гэта бачна, калі параўноўваеш від на фасады пабудоваў з боку Прыпяці. Флігелі і гаспадарчыя пабудовы, размешчаныя каля галоўнай сядзібы цяперашняй рэзідэнцыі, таксама арганізаваныя такім жа прыблізна чынам, як у колішняй дваранскай сядзібе. Можна выказаць меркаванне, што праект сучаснага комплекса абапіраўся на даступныя дадзеныя па сядзібе Кяневічаў.
Здагадку пра перайманне стылю пацвярджае і імкненне дызайнераў інтэр’ераў рэканструяваць атмасферу “дваранскага гнязда”. Дастаткова параўнаць фотаздымкі ўнутраных памяшканняў дарэвалюцыйнага палацу з рэзідэнцыяй цяперашняга ўладара Беларусі.
Можна было б меркаваць, што падабенства стылю – гэта выпадковасць, абумоўленая спецыфічнымі ўяўленнямі праекціроўшчыкаў пра “высокі стыль”, які дыктуецца перайманнем падыходаў да арганізацыі прасторы жылля, уласцівую так званай “расейскай новай арыстакратыі”.
Але, аналізуючы інтэр’еры некаторых іншых даступных для параўнання рэзідэнцый Ал. Лукашэнкі, прыходзіш да высновы, што гэта менавіта гаспадар вызначае пэўны стандарт і замаўляе выкананне прац, згодна з ягоным патрабаванням. Так, выданне “Наша Ніва” публікавала некалі артыкул пра асноўны дом сям’і Лукашэнкаў, які размешчаны на паўночнай ускраіне Астрашыцкага Гарадка ў Мінскім раёне. Аўтар публікацыі “Лукашэнка жыве ў сапраўдным магнацкім палацы” робіць выснову, што Цэнтральны двухпавярховы будынак — гэта без сумнення палац магнацкага роду Тышкевічаў.
Феадальнае права ўласнасці
Такім чынам, імкненне рэканструяваць маёнтак Кяневічаў на Прыпяці – гэта таксама свайго роду даніна любові кіраўніка дзяржавы да арыстакратычных стандартаў пражывання. Магчыма, так праяўляецца ў цяперашняга кіраўніка жаданне зацвердзіць сваё феадальнае права ўласнасці на беларускія землі нават на ўзроўні пераймання магнацкіх звычак. Калі ў выпадку палаца Тышкевічаў гаворка ідзе пра абжыванне існага аб’екта і дапасаванне яго пад патрэбы цяперашняга часу, то ў выпадку з імітацыяй сядзібы Кяневічаў у Ляскавічах гаворка ідзе пра адбудаваны з нуля палацавы комплекс, які сімвалізуе моц і права наваспечанага “манарха” на гэтыя землі.
Штодзень
Матэрыял створаны дзякуючы падтрымцы чытачоў. Калі вам падаецца, што Штодзень патрэбны, падтрымайце нас праз патрэон.